Версия для слабовидящих

Ваенны камісарыят Гродзенскай вобласці праводзіць грунтоўную пошукавую работу круглы год

14 мая 2026
Просмотры: 31

Ваенны камісарыят Гродзенскай вобласці праводзіць грунтоўную пошукавую работу круглы год

Знайсці і ўвекавечыць

Вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце і сацыяльнай абароне ваеннага камісарыята Гродзенскай вобласці Аляксандр КАВУН ужо больш за 30 гадоў вяртае імёны невядомым салдатам, а таксама дапамагае ўвекавечыць памяць герояў. Карэспандэнту «Звязды» ён расказаў, як у рэгіёне праходзяць пошукавыя работы.

Трыццаты сезон

Беларусь неаднойчы станавілася полем бітваў у войнах. У Гродзенскай вобласці толькі афіцыйных пахаванняў 850, у якіх знайшлі свой апошні спачын амаль 195 тысяч чалавек, з іх вядомыя — 40 912. А колькі яшчэ нелакалізаваных пахаванняў? Вельмі шмат, упэўнены Аляксандр Кавун. І работы тут не на адно дзесяцігоддзе. Дарэчы, гэты пошукавы сезон стане для яго ўжо трыццатым. У цёплы перыяд ідзе работа ў палях, а ў халодны — архіўна-даследчая.

Вывучэнне архіваў дапамагае лакалізаваць меркаваныя месцы пахаванняў або масавай гібелі людзей, — тлумачыць Аляксандр Кавун. — Нямецка-фашысцкія захопнікі вялі аэраздымку пасля бамбёжак, і, вывучаючы іх, мы можам выказаць здагадку на наяўнасць пахавання. Загінулых закопвалі ў варонкі, якія ўтвараліся на месцы разрываў снарадаў. За час архіўнай работы мы складаем інфармацыйны ліст, які накіроўваем у Міністэрства абароны. А потым, калі надыходзіць цёплы сезон, адпраўляемся на пазначаныя месцы.

Пошукавая работа праходзіць у адпаведнасці з заканадаўствам, якое дакладна рэгулюе зоны адказнасці, паколькі ў гэтай дзейнасці бяруць удзел і іншыя ведамствы. Усе палявыя работы праводзяцца абавязкова з удзелам 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна.

У гэты пошукавы сезон работы будуць праводзіцца ў 10 раёнах Гродзенскай вобласці і ў самім абласным цэнтры. Неабходна даследаваць 30 няўлічаных воінскіх пахаванняў. Удзел у пошукавых работах прымуць спецыялісты з Расіі. Гэта вайскоўцы 90-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі і пошукавы атрад «Аб’яднанне «Айчына» (Рэспубліка Татарстан). Вялікую дапамогу ў наладжванні супрацоўніцтва аказвае беларуская пошукавая група «Бацькаўшчына».

Летась былі лакалізаваны 23 пахаванні, у якіх выявілі астанкі 100 чалавек. На жаль, апазнаць удалося толькі семярых — па спадарожных прадметах. Далей галоўнымі ў рабоце становяцца органы мясцовай улады. Яны вырашаюць, ці будзе арганізавана новае пахаванне або астанкі пахаваюць на існуючым мемарыяле. Цырымонія абавязкова праходзіць ва ўрачыстай абстаноўцы з захаваннем усіх рытуалаў.

Павага і памяць

Калі падчас палявых работ знаходзяцца ордэны, медалі, асабістыя рэчы, іх імкнуцца перадаць родным. Часам сваякі прыязджаюць на цырымоніі перапахавання. Так, у лістападзе мінулага года былі апазнаны астанкі пяцярых загінулых у Зэльвенскім раёне. Ушанаваць памяць загінулых прыязджалі з розных куткоў Расіі. Напрыклад, родныя Аляксандра Разнічэнкі прыехалі з Валгаградскай вобласці.

Ордэны і медалі пранумараваны для ідэнтыфікацыі ў архівах. Пошукі сваякоў ускладняюцца пераездамі і зменай прозвішчаў, але ў 70 % выпадкаў удаецца іх знайсці. 

У 2019 годзе жыхар Гродна знайшоў ордэн Чырвонага Сцягаі перадаў яго ў камісарыят. Паводле архіваў Мінабароны Расіі, ордэн належаў лейтэнанту Шаўкату Карыеву, камандзіру ўзвода пантоннай роты 51-га батальёна 31-й арміі. У яго не засталося сваякоў, і ў 2021 годзе ордэн перадалі пасольству Узбекістана.

Знайсці сувязь са сваякамі дапамагаюць многія, мала хто застаецца ўбаку. Гэта МУС, МНС, удзельнікі замежных пошукавых атрадаў, напрыклад «Аб’яднанне «Айчына», якое, дарэчы, выпусціла 12 тамоў кнігі «Імёны з салдацкіх медальёнаў». Дзякуючы садзейнічанню расійскіх калег былі вернуты на радзіму астанкі Канстанціна Тарэлкіна. Беларус загінуў на тэрыторыі Расіі падчас Вялікай Айчыннай вайны і з 1941 года лічыўся прапаўшым без вестак. Дарэчы, нашчадак героя цяпер працуе ў абласным камісарыяце.

У пачатку 2000-х я актыўна займаўся даследаваннем лагера смерці Шталаг 324. Калі апрацоўваў даныя ваеннапалонных, звярнуў увагу, што сярод іх было нямала ўраджэнцаў Саратаўскай вобласці — каля 60 чалавек. І пачаў думаць, як паведаміць пра гэта. Звярнуўся ў СМІ вобласці, дзе і быў апублікаваны спіс. І яшчэ на працягу недзе трох гадоў з намі звязваліся людзі і дзякавалі за тое, што яны цяпер ведаюць, што сталася з іх роднымі. Потым па такім жа сцэнарыі я працаваў і з іншымі абласцямі.

Для будучых пакаленняў

Супрацоўнікі Гродзенскага абласнога ваеннага камісарыята доўга дабіваліся таго, каб да архіўна-даследчай работы прыцягваліся школьнікі. Як растлумачыў Аляксандр Кавун, у палі дзяцей лепш не браць. Часам страшнымі бываюць «карціны» на раскопках. Ды і ў прынцыпе гэта не для слабанервовых. А вось работа ў архівах і карысная, і, як паказвае практыка, цікавая школьнікам.

У Гродзенскай вобласці створана 57 аб’яднанняў па інтарэсах у пошукавай дзейнасці. Акрамя таго, у рэгіёне дзейнічае 220 аб’яднанняў ваенна-патрыятычнага профілю і 29 ваенна-патрыятычных клубаў.

Школьнікі бяруць удзел у архіўна-даследчай рабоце, звязанай з воінскімі пахаваннямі. Яны звяртаюцца па магчымасць вывучыць канкрэтнае воінскае пахаванне і правесці даследаванне, — адзначыў супрацоўнік камісарыята.

Аляксандр Кавун вельмі трапятліва ставіцца да гістарычнай памяці. Яго дзядуля, Фёдар Дарахцей, быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, дайшоў да Прагі, дзе і сустрэў Перамогу. Аляксандр Кавун імкнецца захаваць і перадаць будучым пакаленням гэту памяць, хоча, каб яны працягнулі яго справу.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, "ЗВЯЗДА"

Фота ваеннага камісарыята Гродзенскай вобласці

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в наших Telegram-канале, MAX.  Подписывайтесь по ссылке!