Версия для слабовидящих

Як у Зэльве Вясну гукалі: бліны, карагоды і масленічныя ўцехі

21 февраля 2026
Просмотры: 2407

Як у Зэльве Вясну гукалі: бліны, карагоды і масленічныя ўцехі

Шумна, людна і па-сапраўднаму смачна – так сустракалі Масленіцу ў Зэльве. Нягледзячы на снежны дыван, што яшчэ моцна трымаўся на зямлі, на плошчы панавала сапраўднае веснавое абнаўленне. Тых, хто завітаў на свята, чакалі не толькі вясёлыя забавы, але і гара бліноў.

Пачалося свята з традыцыйнага тэатралізаванага дзейства. Пад вясёлую музыку на плошчу выбеглі зазывалы, якія запрасілі землякоў у шырокі карагод:

– Эх, прыждалі Масленіцу, сустракаем ластавіцу! Падыходзьце, добры люд, Масленіца тут як тут!

І сапраўды, доўга чакаць сябе не прымусіла. З верхняй пляцоўкі, у атачэнні творчых калектываў з блінамі, пачала спускацца гаспадыня свята – Масленіца. Суправаджалі яе ўрачыстым вынасам кола, упрыгожанага рушнікамі – сімвалам сонца і новага цыклу жыцця. Прайшоўшы праз гэтае кола, Масленіца ступіла да людзей.

– Вас вітаю я, людзі добрыя! Я прынесла вам дзянькі вясёлыя. Весяліцеся, калі ласка, рассмяшыце мяне жартамі ды скокамі, – звярнулася да гледачоў Масленіца.

Сустрэча сясцёр

Далей на свята завіталі дзве галоўныя госці – Зіма і Вясна. Спадарыня Зіма, трымаючы ў руках ключ, падзякавала за цёплы прыём, але прызнала, што пара саступаць месца. Пад агульныя воклічы яна перадала ключы ад зямлі Вясне. Адразу ж пачаўся карагод з вяснянкамі, якія закружылі ўсіх жадаючых пад народную песню “Вясна-красна наставала”. Атмасфера сапраўднага абнаўлення ахапіла плошчу.

Пакуль на сцэне адзін за адным змяняліся музычныя нумары, вядучая расказвала пра традыцыі кожнага масленічнага дня: ад панядзелкавай “Сустрэчы” і аўторкавага “Зайгрыша” да серады-“Ласухі” і шырокага чацвярга.

Квэст-гульня на лепшы масленічны гурт

Але галоўная інтрыга дня разгарнулася на гульнёвых пляцоўках, дзе праходзіла квэст-гульня на лепшы масленічны гурт, якая была падрыхтавана народным тэатрам-студыяй гульні «Пагуляначкі» дзяржаўнай установы «Зэльвенскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці». 

Спаборніцтвы былі гарачымі. Каманды прадпрыемстваў і ўстаноў змагаліся за званне лепшага гурта. На станцыі “Масленічны боўлінг” ўдзельнікі бутафорскімі блінамі спрабавалі выбіць максімум кегляў. На пляцоўцы “Масленічны зігзаг” трэба было праявіць цуды спрыту, каб праскочыць паміж мяшкамі, не закрануўшы іх.

Каманднага духу патрабавала станцыя “Дружная каманда на лыжах” – уся каманда павінна была стаць на адны лыжы і прыйсці да фінішу. А на лакацыі “Патрапi ў цэль” ўдзельнікі кідалі імправізаваныя бліны ў вялікую патэльню, спрабуючы папоўніць кошык уласнай каманды.

Сапраўдным выклікам для эрудытаў стала станцыя “Збяры масленічны тыдзень”, дзе трэба было правільна скласці піраміду з назвамі дзён. А на пляцоўцы “Каціся, бліночак, далёка-далёка» вызначалі самага ўдалага “пекара” – чый блін пракаціцца далей.

Фінішавалі каманды на станцыі “Чакаем гасцей” – своеасаблівай эстафеце ў мяшку, дзе ўдзельнікі па чарзе “запрашалі” адзін аднаго ў госці, пакуль уся каманда не аказвалася ўнутры.

Журы падлічыла балы, і Масленіца запрасіла ўсіх да сцэны для аб'яўлення вынікаў.

Пераможцы свята

Пераможцамі і ўладальнiкамi звання лепшага масленічнага гурта прызнаны:

I месца – гурт Дзярэчынскай сярэдняй школы імя Р.Л.Кірылава

II месца – гурт ад прадпрыемства “Бародзічы”

III месца раздзялілі адразу два гурты – Галынкаўскай сярэдняй школы імя В.Ф.Дравіцы і Зэльвенскай санаторнай школы-інтэрната.

Усе атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі.

Развітанне з зімой

Кульмінацыяй святочнага дзейства стаў абрад развітання з Масленіцай. Вядучая звярнулася да ўсіх прысутных са словамі прабачэння, як таго патрабуе даўняя традыцыя:

– Нам развітацца настала пара. Сонца хай сцюжу зганяе з двара. Усё непатрэбнае, злое, ліхое хай адыходзіць разам з зімою…

Пад музычнае суправаджэнне ўдзельнікі свята накіраваліся да вогнішча, дзе спалілі чучала Масленіцы. Разам з дымам у неба паляцелі ўсе нягоды, саступаючы месца вясне, цяплу і надзеі.

Свята ў Зэльве атрымалася па-сапраўднаму шчодрым: на традыцыі, на гасціннасць, на сардэчныя эмоцыі.

Наталья ПОЦЕЛУЙКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!