Версия для слабовидящих

Прыйшлі Калядкі, пачынай Святкі. На цэнтральнай плошчы прайшло народнае гулянне

7 января 2026
Просмотры: 7881

Прыйшлі Калядкі, пачынай Святкі. На цэнтральнай плошчы прайшло народнае гулянне 

З даўніх часоў захавалася добрая традыцыя: весяліцца ад Раства Хрыстова да Вадохрышча. На зэльвенскай цэнтральнай плошчы штогод разносяцца прыветлівыя словы, і самадзейныя артысты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці запрашаюць жыхароў і гасцей райцэнтра правесці калядны вечар у добрым настроі. 

У гэтым годзе студзеньскі мароз і снег падбадзёрыў усіх гледачоў удзельнічаць у імпразаванай дзеі. Святочнасць назіралася ў кожным куточку прыгожай плошчы. Дарослым была цікава тэатралізаваная пастаноўка. Дзяцей вабілі казачныя героі, гульні і конкурсы, у якіх можна было атрымаць прыз ці салодкі пачастунак. Надвор’е спрыяла таму, каб хутка ўключыцца ў разнастайныя забавы, патанцаваць з калядоўшчыкамі, якія ўсіх жадаючых закружыліся ў гульнёвай праграме.

 Смех разносіўся навокал, бо бабулі дапамагалі ўнукам, дзяўчынкі – хлопцам, мужчыны – жанчынам. Кожны верыў прыкмеце: Каляда абнаўляе прыроду і паварочвае Сонца на вясну, таму трэба весяліцца, каб правесці год з лёгкасцю, у працы і дастатку. Тым больш, што прыклад паказвалі Мядзведзь – сімвал сілы, моцы і здароўя, Каза – добры знак сямейнага ладу, урадлівасці палеткаў. Кола калядоўшчыкаў пашыралася, бо хацелася вечар правесці з галоўнымі героямі, у тым ліку Калядоўшчыкам з Зоркай.

Падчас народнага гуляння можна было паспрабаваць свае здольнасці ў танцах, прыняць удзел у конкурсах. Напрыклад, хутчэй за другога завязаць стужку ці адгадаць колькасць цукерак у руках Цыганкі. Амаль адным з самых цікавых момантаў сталі фанты. А абрадавыя гульні і жартоўныя забавы ў чарговы раз сведчылі аб тым, што традыцыя святкаваць Калядкі не забыта, яна захавана як наша беларуская культурная каштоўнасць. 

Найспрытчэйшымі аказаліся на свяце Злата Шэйка з мамай Юляй: яны атрымалі больш за ўсіх шчаслівых білетаў, а затым прыз ад арганізатараў забавы.

Сям’я Каваленя падзялілася сваімі ўражаннямі: 

– Калядны вечар… Адзін з самых любімых у нашых дзядоў і бабуль. Хочацца зберагчы цікавыя звычаі старажытнага свята. Паводле народных прыкметаў, яго неабходна праводзіць з роднымі і сябрамі, у калядным гурце, з маскамі, якія сімвалізавалі і багацце, і дабрабыт, і шчодрасць. Дзелячыся радасцю Раства Хрыстова, заўсёды гучалі самыя добрыя пажаданні. Таму і мы жадаем, каб год быў мірным і спакойным, ураджай – багатым, а людзі – здаровымі і шчаслівымі. 

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!