Версия для слабовидящих

Жанчына з характарам. Таццяна Мацко з КСУП “Галынка” ўмела кіруе пераважна мужчынскім калектывам

5 ноября 2025
Просмотры: 559

Жанчына з характарам. Таццяна Мацко з КСУП “Галынка” ўмела кіруе пераважна мужчынскім калектывам


На першы погляд прафесія Таццяны Мацко здаецца не зусім жаночай, але наша гераіня смела развейвае гэты стэрэатып і пераконвае, што жанчына здольна справіцца з любой працай. Увесь працоўны стаж Таццяны Уладзіміраўны прыналежыць КСУП “Галынка” Зэльвенскага раёна. Большасць гадоў яна прысвяціла працы прарабам будаўнічага ўчастка. 

Практычна ўсе яе падапечныя – мужчыны, і ні адзін з іх не ставіць пад сумненне аўтарытэт нашай гераіні. Карэспандэнту “ГП” Таццяна Мацко расказала, як заваявала павагу сярод калег і на чым павінны грунтавацца здаровыя прафесійныя зносіны. 

Інстытут заканчвалі ўтраіх

Таццяна Мацко нарадзілася і вырасла ў невялічкай вёсцы Боблы Валынскай вобласці, што на Украіне. Бацькі ўсё жыццё працавалі ў мясцовым калхозе, у любові і пяшчоце выхоўвалі дзвюх дзяўчынак. 

– Бацькі марылі, каб мы з сястрой атрымалі вышэйшую адукацыю, таму пастаянна звярталі нашу ўвагу на неабходнасць добра вучыцца. Вучыліся мы добра. У мяне была толькі адна чацвёрка па ўкраінскай літаратуры. Сястра марыла стаць настаўнікам гісторыі, а я вырашыла паступаць ў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, – успамінае Таццяна Мацко.

Разам з Таццянай у групе вучыўся і малады ўраджэнец Зэльвенскага раёна па імені Алег. Першы курс хлопец з дзяўчынай толькі прыглядаліся адзін да аднаго. А ўжо на другім стала зразумела, што гэта больш, чым проста сяброўства. Па словах Таццяны, будучы муж захапіў яе сваёй сур’ёзнасцю і дысцыплінай. Спакойны, размераны і вельмі клапатлівы малады чалавек хутка заваяваў яе сэрца. Скора яны ажаніліся, а пасля 4 курса, у жніўні, у іх нарадзіўся сынок. 

Абодва студэнты вырашылі працягнуць вучобу. Таму ўжо ў верасні вярнуліся ў Брэст утраіх. Выкладчыкі пайшлі насустрач маладой сям’і, таму што і Алег, і Таццяна былі стараннымі вучнямі і адказна адносілся да вучобы.

– Першыя паўгода на заняткі хадзілі па чарзе, – з усмешкай расказвае Таццяна. – Пакуль я з сынам – муж у інстытуце. Затым ён прыбягаў у інтэрнат, а я ўжо чакала яго ў дзвярах, гатовая бегчы на заняткі. Адным словам, было няпроста. Але ўсё атрымалася. Адвучыліся, стварылі сям’ю і ні разу не пашкадавалі.

Пасля вучобы маладая сям’я вырашыла адправіцца на малую радзіму Алега – у Зэльвенскі раён. Тут пару сустрэлі гасцінна. Муж уладкаваўся на працу ў калхоз “Светлы шлях”, што ў аграгарадку Дзярэчын. Таццяна некалькі гадоў знаходзілася ў дэкрэце. А пасля выйшла на працу ў КСУП “Галынка”, дзе працуе па сённяшні дзень.

З часам муж Таццяны вырашыў змяніць прафесію. Уладкаваўся ў раённы аддзел міліцыі і шмат гадоў прысвяціў гэтай справе. Сёння мужчына ўжо на пенсіі. Дарэчы, пасля першага сына ў Алега і Таццяны нарадзілася яшчэ і дачка. Абодва ўжо дарослыя, маюць сваіх дзяцей. Сын працуе ў праваахоўных органах, а дачка стала ўрачом.
 
– Дзяцей мы выхавалі добрых. Ёсць чым ганарыцца, – адзначае субяседніца. – З мужам таксама пабудавалі добрае сямейнае жыццё. Па характарах мы розныя. Ён – размераны і спакойны, а я “прабіўная”. 

Яе каманда

Калі Таццяна Мацко прыступіла да сваіх працоўных абавязкаў, ёй было каля 25 гадоў. Яна памятае, як упершыню ўбачыла свой калектыў: дарослыя мужчыны, якія мала хацелі падначальвацца маладой і нявопытнай дзяўчыне. Адразу было страшна, успамінае Таццяна. Яна многа думала, як арганізаваць працу брыгады так, каб выконваць яе на выдатна. Прыйшлося ісці на крайнія меры. 

– Раней час быў такі, што будаўнікі выязджалі ў лес па матэрыялы і абавязкова выпівалі. Памятаю, прыходжу на працу, а мае падапечныя ўжо ў аўтобусе. Ну, думаю, якія малайцы, гатовыя ехаць. Заходжу ў аўтобус і бачу, што яны ўжо не ў тым стане, каб ехаць кудысьці. Устаю і гавару: усе выходзяць, сёння мы нікуды не едзем. Пайшла да кіраўніка калхоза, усё яму патлумачыла. Наступны дзень – і зноў такая сітуацыя. Я таксама адмовіла ў паездцы. Зноў пайшла да кіраўніка з тлумачэннем. А пасля яны зразумелі маю тактыку і больш такіх праблем у нас не было, – расказвае Таццяна Уладзіміраўна.

З гадамі яна фарміравала новы калектыў. Але і сёння разам з Таццянай працуюць тыя, з кім яна толькі пачынала свой прафесійны шлях. Усяго пад кіраўніцтвам нашай гераіні працуе каля 30 чалавек. З іх толькі две жанчыны. Будаўнічы калектыў выконвае ўсе рамонтна-мантажныя справы на аб’ектах КСУП “Галынка”. Простымі словамі, яны сочаць за тым, каб сельскагаспадарчныя жывёлы знаходзіліся ў прыдатных умовах, а людзі працавалі ў камфорце і чысціні. Акрамя гэтага, дзякуючы Таццяне Мацко і яе калегам з кожным годам прыгажэе не толькі прадпрыемства, але і сам аграгарадок.

– Нам вельмі пашанцавала з дырэктарам гаспадаркі. Ён не дзеліць тэрыторыю на вашу і нашу. Заўсёды паўтарае, што калі мы тут жывём, то павінны сачыць за чысціней і парадкам, што мы і робім, – гаворыць жанчына. – А на наш аграгарадок прыемна пагля­дзець: тры магазіны, амбулаторыя, парк. Жыві ды радуйся!

Задаваць тэмп

Не магу не спытаць нашу гераіню, як жа яна столькі год выдатна спраўляецца са сваімі працоўнымі абавязкамі і трымае некалі заданы высокі ўзровень? Самае галоўнае, адказвае Таццяна Мацко, – гэта дысцыпліна. 

– Я не злая. Не сварлівая. Наадварот, заўсёды намагаюся пажартаваць, наладзіць камфортны клімат у калектыве. Але ведаю меру. Дысцыпліна – гэта аснова асноў. Варта толькі крыху спыніць тэмп, і ўсё разваліцца. Я такое не дапускаю, як кажуць, трымаю руку на пульсе, – дзеліцца Таццяна. 

Кожны працоўны дзень Таццяны Уладзіміраўны насычаны падзеямі і праходзіць, па словах гераіні, быццам імгненне. Але калі яна вяртаецца дадому, то працу пакідае за дзвярыма. Дома Таццяна ў першую чаргу любімая жанчына, мама і ўжо бабуля. 

– На працы слухаюцца мяне, а дома я слухаюся мужа. І гэты баланс мне падабаецца, – адзначыла жанчына. 

Таццяну Уладзіміраўну ў гаспадарцы паважаюць за многае. За смеласць, моц, уменне правільна арганізоўваць працу. Але самае галоўнае – за чалавечнасць. За ўменне слухаць і падтрымліваць. За справядлівасць і сумленнасць. У красавіку наступнага года Таццяна Мацко зможа выйсці на заслужаны адпачынак. На пытанне, ці працягне працаваць далей, яна адказвае лаканічна: 

– Як бог дасць...

ГП

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!