Версия для слабовидящих

З архіва "Працы". Зэльвенец Серафім Татарын аб часінах фашысцкага рэжыму буржуазна-памешчыцкай Польшчы

17 сентября 2025
Просмотры: 9103

З архіва "Працы". Зэльвенец Серафім Татарын аб часінах фашысцкага рэжыму буржуазна-памешчыцкай Польшчы

Кожны дзень набліжае нас да вялікага і радаснага свята – 60-гадовага юбілею Савецкай Беларусі і Кампартыі рэспублікі. І сёння з асаблівай сілай і вастрынёй успамінаю змрочныя часіны фашысцкага рэжыму буржуазна-памешчыцкай Польшчы, сваіх баявых сяброў, якія, не шкадуючы жыцця, рабілі ўсё магчымае, каб быць да пераможнага канца вернымі бессмяротнай справе вялікага Леніна.

У радах Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі раслі і загартоўваліся сапраўдныя ба-
рацьбіты за лепшую долю рабочых і сялян, супраць усякага роду прыгнёту і эксплуатацыі, за права называцца Чалавекам.

Многіх з іх няма ўжо побач з намі, у жывых. Але яны бессмяротныя ў сэрцах людскіх, памяці народнай. Камуністычнай ідэйнасці, сіле духу і чысціні сэрца я і мае баявыя сябры вучыліся ў лепшых сыноў і дачок Расіі, сваіх землякоў – чалавека з легенды Сяргея Іосіфавіча Прытыцкага, Валянціна Таўлая, аднавяскоўца Паўла Сцяпанавіча Крынчыка і многіх іншых.

Наша вёска Вострава хоць і невялікая, але багатая на рэвалюцыйныя падзеі. У 1920 годзе я вярнуўся з бежанства. Неўзабаве нашу вёску акупіравалі белапалякі. Родная зямля, але чужая мова, чужыя погляды, жорсткі прыгнёт...

Сяляне не маглі мірыцца з прыгнятальнікамі, у цяжкіх умовах эксплуатацыі пад кіраўніцтвам камуністаў яны станавіліся пад сцяг рэвалюцыі.

У 1925 годзе па ініцыятыве Паўла Сцяпанавіча Крынчыка ў Востраве была арганізавана ячэйка Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Ва ўмовах строгай канспірацыі ад паліцыі і пілсудскіх правакатараў мы неслі ў масы ідэі Леніна, Вялікага Кастрычніка. Сярод насельніцтва распаўсюджвалі падпольную літаратуру, лістоўкі, заклікалі на барацьбу за лепшае будучае. 

У 1929 годзе пабудавалі ў Востраве народны дом. У ім стварылі кааператыў “Змаганне”, праводзілі вялікую растлумачальную работу сярод насельніцтва, накіраваную на ўз’яднанне Заходняй Беларусі з Усходняй.

Вялікай папулярнасцю ў насельніцтва карысталіся драматычны гурток, народны хор. На сцэнах ставілі п’есы, прасякнутыя пафасам змагання з прыгнятальнікамі. Сярод іх – “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо” Янкі Купалы і іншыя. Са спектаклямі часта выязджалі ў Дзярэчын і іншыя суседнія вёскі.

Па ініцыятыве камуністаў расчыніла дзверы бібліятэка-чытальня, у якой было больш тысячы экзэмпляраў кніг на рускай, беларускай і польскай мовах. На жаль, польскія ўлады хутка закрылі і гэту ўстанову культуры, палічыўшы, што яна нясе ў масы бальшавіцкія ідэі, садзейнічае стварэнню небяспечнага палітычнага клімату.

Нягледзячы на жорсткі прыгнёт, сяляне верылі ў светлую будучыню, у пераможныя ідэі Кастрычніка, змагаліся за лепшую долю. Многія камуністы і камсамольцы нашай вёскі былі арыштаваны, сядзелі ў турмах. “Хлеб” вязняў пакаштаваў і я. Шэсць гадоў прасядзеў у турэмных засценках. 

На ўсё жыццё запомнілася мне страшная субота 9 мая 1936 года ў Картуз-Бярозаўскім канцлагеры. Гэтая субота назаўсёды засталася ў памяці вязняў крывавай суботай.

Раніца выдалася надзвычай ціхай і цёплай. Сонца ўзнімалася ўсё вышэй, пасылаючы на зямлю свае пяшчотныя, жыватворныя прамяні. Пасля прайшоўшага ноччу дажджу ўсё навокал пасвяжэла, зазелянела.

Май – вянец вясны, гаманіў усімі сваімі фарбамі. Здавалася, і прырода спачувала вязням. А тут, на пляцы, “жыццё” ішло сваёй чаргой.

Пад’ём быў, як заўсёды, у чатыры гадзіны раніцы. Бягом у сталовую, бягом у камеры, бягом строіцца.

Нас, агульную групу, прызначылі ўбіраць поле. Стаім на пляцы ў чаканні каманды. Раптам бачым, як з блоку, дзе размяшчаліся арыштаваныя, выбег “новенькі” ў шэрым касцюме і далажыў:

– Пане каменданце!..

Яму (як пасля высветлілася) было ўсяго 20-22 гады, але выглядаў ён значна старэй. Худы, змучаны твар, пад вачыма – сінія падковы. Без слоў было вядома, што яму аказалі  “добры прыём”. Толькі стаў у строй, як пад акампанемент адборнай польскай лаянкі нас пагналі за рыдлёўкамі, граблямі, насілкамі.

Раздзялілі на групы. Адны капалі рыдлёўкамі зямлю, другія выграбалі каменне і разбітую цэглу, трэція выносілі смецце і выраўноўвалі поле.

Вязням ні ў якім разе не дазвалялася размаўляць, адзін другому не дапамагаць. З гэтага і пачалося...

Хто быў з вёскі, у таго работа ішла хутчэй, у гарадскіх так не атрымлівалася. Дай, думаю, дапамагу суседу, з якім я сядзеў у ломжынскай турме. Рукі – у крывавых мазалях, ён ледзь трымаўся на нагах, увесь заліўся потам. Толькі часткова захапіў яго паласу, як раптам данеслася:

– Арыштаваны нумар 564, да мяне!..

Кідаю рыдлёўку, бягу і, як гэтага патрабуе статут, рапартую:

– Пане каменданце, арыштаваны Татарын Серафім...
– Навошта дапамагаеш суседу? – гаркнуў паліцай.

– Пане каменданце...
– Маўчаць! Кругом! Нахіліся. – Паліцэйскі з сілай захадзіў дубінкай па маёй спіне. 
– На работу бягом, марш!.. 

Не паспеў дабегчы, як той зноў падаў каманду: 

– Да мяне!..

Так працягвалася пяць ці шэсць разоў.

Нервы напружаны да крайнасці. Мозг свідруе адна думка: толькі б не сарвацца, вытрымаць, а то запішуць у сімулянты.

Побач з нашай групай працавала другая. У ёй быў і “новенькі”. Арыштаваным строга забаранялася нават глядзець па баках. Аднак мы ўсё бачылі і чулі. Нялёгкая доля дасталася навічку. Яго некалькі разоў запар “частавалі” дубінкамі, а пасля, як і мне, загадвалі прыступаць да работы.

Раптам раздаўся крык паліцая. Мы, як па камандзе, паднялі галовы. І ахнулі. Наш “новенькі” ляжаў на зямлі. Некалькі паліцаяў тут жа падбеглі да яго і пачалі біць палкамі па спіне. Пачуліся дзікія крыкі, глухія стогны.

Паздзекваўшыся, палачы адыйшлі, а наш таварыш застаўся нерухома ляжаць на зямлі. Але ім і гэтага было мала. Адзін з паліцаяў падбег да яго і пачаў біць ботам у бок:

– Прыступіць да работы!

 “Новенькі” з цяжкасцю падняўся.

– Мы навучым вас, як трэба працаваць і захоўваць пара-
дак! – крычалі паліцаі.

Зноў каманда:

– Арыштаваны! Да мяне!..

Таварыш у шэрым касцюме прадстаў перад паліцаем.

– Чаму дрэнна працуеш?
– Сілы ўжо больш няма...
– Зараз мы табе знойдзем “зарад бадзёрасці”...

Зноў падбегла група паліцаяў і пачала біць вязня.

Ледзь трымаючыся на нагах, апусціўшы галаву, увесь у сіняках, ён узяў рыдлёўку і... замёр на месцы.

Адзін з паліцаяў крыкнуў:

– У карцэр яго! Няхай адпачне!

“Новенькага” павялі ў карцэр. Павялі назаўсёды. На другі дзень там яго знайшлі мёртвым. Так загінуў наш таварыш (Германіцкі) – чарговая ахвяра палачоў Картуз-Бярозы.

З нас здзекваліся, як з быдла. Кожную хвіліну я (бо адносіўся да найбольш небяспечных) не заставаўся па-за ўвагай паліцаяў.

– Што, не хочаш працаваць? Кідай рыдлёўку і бяры граблі.

Выграбаю смецце. Стараюся працаваць хутчэй. Паліцай некалькі хвілін, нават не маргнуўшы вокам, глядзіць на мяне. І... б’е дубінкай.

– Марш баранаваць поле!

Бягу туды. Да драўлянай бараны дротам былі прывязаны два калкі. Вязні, упіраючыся ў іх грудзьмі, цягалі гэты “агрэгат”. Мне загадалі падмяніць аднаго з арыштаваных. Салёны пот залівае вочы. Нос, рот, вушы забіты едкім пылам. А тут толькі чуваць:

– Хутчэй! Раўней!..

Калі хто-небудзь з маіх калег адставаў, тут жа пускалі ў ход гумавыя палкі.

– Вось табе, бальшавіцкая морда, калектыўная праца!

Пасля нас гоняць капаць цаліну. Сюды прыбыў камендант Карчынскі. Кожны паліцай хацеў выслужыцца, паказаць сваё “я”. Пад сакавітую лаянку чуліся шматлікія ўдары. Моцна хацелася піць – стаяла спякота.

Я, нарэшце, папрасіў вады. Мяне зноў “пачаставалі” дубінкай.

– Больш нахіліся!.. Паследавала некалькі ўдараў, затым яшчэ... Кінуўся бягом да месца работы і пачаў капаць.

Раптам раздаўся свісток. Мы кінулі рыдлёўкі і стаім па стойцы “смірна”. Глядзім у той бок, куды пабег адзін паліцэйскі. Аказваецца, сюды прыехаў сам інспектар лагера  Камаля-Курганскі. Тут, згодна слоў наглядчыкаў, было нездаровае “палітычнае надвор’е”. Ён вырашыў асабіста праверыць, як яго служакі спраўляюцца са сваімі абавязкамі.

Побач са мной стаяў Міхаіл Серада. Здарылася так, што ён нечакана для самога сябе павярнуў галаву. Гэта заўважыў адзін паліцай. Толькі інспектар падаў каманду “вольна”, як на Міхаіла Сераду абрушыліся ўдары. Шэф, заклаўшы рукі за спіну, задаволена ўсміхаўся. Такое яму было па душы.

Закончылася гэта сцэна, і зноў работа. Работа, як кажуць, да сёмага поту. Усяму гэтаму, здавалася, не будзе канца.

Зноў свісток. Зноў загад. Бярэм граблі, насілкі, ламы і накіроўваемся выраўноўваць участак. Навокал шмат камення і разбітай цэглы. Усё гэта ўдабавак зарасло крапівой і палыном.

Разам з іншымі ўбіраў цэглу служачы з Варшавы Уладзіслаў Віха. Я добра ведаў яго – сядзелі разам у спецыяльнай камеры №15, якая прадназначалася толькі для самых небяспечных камуністаў.

У той жа дзень дасталося і яму. А справа была так. Аднаму паліцэйскаму здалося, што ён неахвотна працуе. За гэта арыштаваны атрымаў некалькі ўдараў дубінкай. Неўзабаве зноў выклік. Цяпер паліцэйскаму здалося, што Віха смяецца над ім.

– Што, вельмі весела стала? Вазьмі яго! Вазьмі! – загадаў паліцэйскі аўчарцы.

Вялікі сабака кінуўся на Уладзіслава і зваліў яго з ног. Але хтосьці з паліцаяў адцягнуў і без таго ледзь жывога чалавека.

Працягваўся дзень. Працягваліся здзекі. Нарэшце свісток:
– Канец работы!
– Бяжым строіцца. Зноў каманда. Усе кладуцца на зямлю. Паліцэйскія пачалі біць нас гумавымі дубінкамі.
– Устаць! Легчы! Устаць! Легчы!..

Адзенне на вязнях мокрае, хоць выкручвай.

Пасля абеду ўсіх нас пагналі ўбіраць парк, блокі для арыштаваных і паліцэйскіх, вуліцу каля лагера, выконваць іншыя работы.

Ноччу нельга было заснуць. Усё цела ныла ад болю.

Так закончыўся адзін дзень вязняў у Картуз-Бярозаўскім пекле, якое стварыла буржуазна-памешчыцкая Польшча на беларускай зямлі.

З таго часу прайшло 42 гады. І калі сёння я думаю аб незабыўных гадах падполля і турэмных засценках, у памяці зноў і зноў паўстаюць светлыя вобразы моцных духам, з чыстымі сэрцамі мужных людзей, да канца адданых вялікай справе Леніна. І я вельмі шчаслівы, што ішоў з імі ў адным страі, плячо ў плячо.

С.Татарын, персанальны пенсіянер, былы член КПЗБ
(“Праца”, 16 лістапада 1978 г)

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!