Версия для слабовидящих

Равеснікі Гродзенскай вобласці. Дзелімся цікавымі момантамі з жыцця зальвянчанкі Клаўдзіі Санукевіч

31 августа 2024
Просмотры: 14429

Равеснікі Гродзенскай вобласці. Дзелімся цікавымі момантамі з жыцця зальвянчанкі Клаўдзіі Санукевіч

Клаўдзія Іванаўна Санукевіч (у дзявоцтве Чаргейка) магла ўжо пры нараджэнні стаць вязнем фашысцкага рэжыму, бо цяжарная ёю матуля незадоўга да вызвалення Зэльвеншчыны якраз і пакутавала ў Беластоцкай турме.

Аб чым расказвалі бацькі
Бацькі Клаўдзіі Іванаўны – ураджэнцы і жыхары вёскі Запруддзе Славаціцкага сельсавета (на пачатку XX ст. – Пянюгаўская воласць Ваўкавыскага павета). У сям’і Івана Іванавіча і Вольгі Васільеўны Чаргейкаў вырасла чацвёра дзяцей. Клава была малодшай. І, хто ведае, ці змагла б яна ўвогуле з’явіцца на свет у турэмных умовах або ці не стала б вязнем пры нараджэнні, калі б не наступленне Чырвонай Арміі ў ліпені 1944-га года.
Што ж такога магла зрабіць маладая сялянка, маці трох дзетак і цяжарная чацвёртым дзіцём? Логіку ворагаў цяжка зразумець. Хутчэй за ўсё яны хацелі яшчэ больш запалохаць людзей, прымусіць іх адрачыся ад барацьбы за волю. Прычына якраз знайшлася: насупраць хаты Чаргейкаў партызаны пашкодзілі слупы тэлеграфнай лініі, а без сувязі як абысціся. Магчыма, нехта бачыў (ці дадумаў) начных гасцей Чаргейкаў. У вайну ўсё магло быць. Так ці інакш, але Вольга Васільеўна тры месяцы правяла ў засценках Беластоцкай турмы, ужо не спадзеючыся на выратаванне. А яно прыйшло разам з гулам гармат летняга наступлення Чырвонай Арміі і дало магчымасць з’явіцца на свет прыгожай светлавалосай дзяўчынцы – бязмежнай радасці бацькоў, старэйшых сясцёр і брата.
Гэты аповед бацькоў пра яе нараджэнне быў адзіным з успамінаў пра падзеі ваеннага часу. Усёй сям’ёй яшчэ і яшчэ раз перажывалі за трагічны лёс незнаёмых дзяўчат, якіх хацеў выратаваць бацька. Неяк Іван Іванавіч ішоў з Зэльвы і ў дарозе напаткаў трох дзяўчат, якія шукалі зручнае месца, каб перайсці праз Зальвянку. Як ведаем, рака была граніцай паміж дзвюма часткамі раёна. На зэльвенскім мосце стаяла ахова. Тут правяралі дакументы, чаго дзяўчаты якраз і баяліся. Іван Іванавіч добра ведаў ваколіцы, таму і прапанаваў бежанкам сваю дапамогу. Ды дзяўчаты пабаяліся падставіць добрага чалавека, вырашылі самі знайсці прыдатнае месца. Назаўтра Чаргейкі даведаліся, што іх расстралялі…

Трывогі і радасці мірнага часу
Трывожным было жыццё і ў першыя пасляваенныя гады, калі гінулі людзі ад рук бандытаў. І ўсё ж сяляне спадзяваліся на лепшае, жылі надзеяй, што дзеці не зведаюць жахаў вайны і яе спадарожнікаў. Памалу рос дабрабыт, якасць абслугоўвання людзей. 
У 50-я гады правялі ў хаты радыё, нават электраэнергіяй маглі карыстацца. Дзеці радаваліся гэтаму асабліва, бо весялей пайшла падрыхтоўка дамашніх заданняў. А ўсе чацвёра вучыліся ў Славаціцкай сямігодцы. Настаўнікі там былі і высокакваліфікаванымі спецыялістамі, і чулымі людзьмі. Асаблівай любоўю ў малодшай дачкі Чаргейкаў карысталася настаўніца пачатковых класаў Зоя Піліпаўна. “Яна трымала нас “в ежовых” рукавіцах”, – успамінае сёння Клаўдзія Іванаўна. – Тым не менш мы яе абагаўлялі, бо была спагадлівай, як матуля”. Ды і іншых настаўнікаў Славаціцкай сямігадовай і Пянюгаўскай сярэдняй школ згадвае добрым словам: Ганну Іосіфаўну Жуйко, сясцёр Марыю Міхайлаўну і Антаніну Міхайлаўну Чаргейкаў.
Праз Пянюгаўскую сярэднюю школу прайшлі ўсе дзеці Чаргейкаў. Адна сястра пасля сямігодкі працягвала навучанне ў Ваўкавыску, другая – у Гродне, а вось брат з Клавай рашылі цэлых тры гады пераадольваць пехатой няблізкі шлях з Запруддзя да Пянюгі. Гэта сёння зараслі сцежкі-дарожкі да былой панскай сядзібы, дзе размяшчалася дзесяцігодка, а да моманту закрыцця школы ў 1963 годзе там было весела і шматлюдна. Дзякуючы нястомнаму Напалеону Ордзе і яго малюнкам мы маем магчымасць убачыць, якой была Пянюга ў другой палове XIX стагоддзя. І, значыць, прыкладна такой у пасляваенныя гады XX стагоддзя.

К.І.Санукевіч, студэнтка ГрДУ канца 60-ых гадоў

Шлях да мэты
Цудоўная плеяда як славаціцкіх, так і пянюгаўскіх настаўнікаў не маглі не паўплываць на далейшы лёс дзяўчыны: ёй таксама захацелася стаць у іх шэрагі. Тым больш, што брат і адна з сясцёр ужо сталі педагогамі. Мару сваю Клаўдзія здзейсніла ў 1964 годзе, калі паступіла на філалагічнае аддзяленне Гродзенскага педінстытута. Гады вучобы – бадай, самая шчаслівая пара ў жыцці. Столькі цудоўных выкладчыкаў рыхтавала іх да будучай работы з дзецьмі! Гэта і дэкан факультэта В.П.Казлоў, і выкладчыкі Я.В.Асокіна, А.А.Корзун, В.С.Клеманскі, В.І.Марозаў. А апошні даваў ім выдатны прыклад ужывання роднай мовы ў штодзённых зносінах.
Не вельмі багатае на ежу спажыўную студэнцкае жыццё поўнілася багаццем духоўным. Старажытны горад вабіў сваімі гістарычнымі вулачкамі, замкамі, магутным Нёманам. Кожную вольную хвіліну вырыстоўвалі Клаўдзія з сяброўкай-сланімчанкай, каб пазнаёміцца са славутасцямі любімага горада. Калі ўдавалася сэканоміць капейку, ішлі ў драматычны тэатр. Не прапускала ніводнай сустрэчы з пісьменнікамі Васілём Быкавым, Аляксеем Карпюком, Данутай Бічэль, ды і з таленавітымі студэнтамі, будучымі паэтамі. Ведала, што не толькі сама будзе жывіцца гэтымі ўражаннямі, але і будучых вучняў зможа зацікавіць. І гэта сапраўды так адбылося.

Выкладчыца роднай культуры
Першым працоўным месцам выпускніцы Гродзенскага педінстытута стала Міжэрыцкая сярэдняя школа. У канцы 60-х – пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя ў Міжэрыцкай СШ вучылася некалькі соцень дзяцей. Напаўняльнасць класаў была ўнушальнай: якраз адбывалася падрыхтоўка да пераходу да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі, з васьмігодак пайшлі працягваць навучанне дзеці з навакольных вёсак. Вырашаліся задачы падвозу дзяцей, іх харчавання, размяшчэння ў прышкольных інтэрнатах… Шмат увагі патрабавалі прадметныя кабінеты, бо іх стварэнне толькі-толькі пачало ўваходзіць у жыццё. Так што класнаму кіраўніку абавязкаў хапала. А Клаў-
дзіі Іванаўне заўсёды давяралі класнае кіраўніцтва: і ў Міжэрыцкай, і ў Каралінскай, і ў Зэльвенскай  школах. З адной адукацыйнай установы ў другую настаўніца пераходзіла не таму, што яе нешта не задавальняла (ці яна дырэкцыю). Проста неўзабаве выйшла замуж, стала Санукевіч, і сямейная сітуацыя патрабавала змены месцаў працы. Дэкрэтныя адпачынкі былі тады невялікімі, маладыя настаўніцы шукалі выйсце хто як мог. Клаўдзію Іванаўну выратавала цёця Алена Іванаўна, якой яна застаецца ўдзячнай і сёння. Дарэчы, Санукевічы і даглядзелі сваю памочніцу да апошніх дзён яе жыцця. Двух сыночкаў паднялі ўсе разам, каб не перапынялася надоўга педагагічная праца ў Клаўдзіі Іванаўны.
Самы працяглы час яе працы звязаны з Зэльвенскай СШ. Некалькі выпускаў тут адбылося. Часта пераглядвае жанчына  фотаальбомы, згадвае настаўнікаў-калег, дзяцей, якіх вучыла роднаму слову. Колькі экскурсій і падарожжаў арганізавала па роднай краіне, ужо і не згадае. Самымі запамінальнымі былі паездкі ў родныя мясціны класікаў беларускай літаратуры – Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэта – летам, а ў навучальны перыяд разам з Ганнай Паўлаўнай Дабрыян і Зояй Аляксандраўнай Кохан старалася знаёміць дзяцей з навінкамі сучаснай літаратуры. Да 120-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа ўсім саставам старшакласнікаў падрыхтавалі цудоўны літаратурны вечар.
Дзяцей з 5-6 класаў заўсёды рыхтавала да ўдзелу ў конкурсах чытальнікаў, а старэйшых – да ўдзелу ў раённых алімпіядах. Былі значныя поспехі. Напрыклад, Іна Варац дастойна прадставіла школу на абласной алімпіядзе. “Напэўна, можна згадаць яшчэ і яшчэ імён, неабыякавых да роднага слова, але на гэта шмат часу спатрэбіцца, а ў газеце месца не хопіць”, – усміхаецца Клаўдзія Іванаўна.
Сёння, калі сустракае сваіх былых выхаванцаў, радуецца разам з імі іх працоўным поспехам і сямейнаму дабрабыту. Сярод іх – Наталля Арцюх, Вольга Бандык, Аляксей Бутакоў, Міхаіл Грыцко, Сяргей Лапата, Сяргей Пратасевіч, Анатоль Тыбулевіч.

К.І.Санукевіч і яе 9 "В" клас

Сямейнае шчасце
Больш за паўстагоддзя таму сустрэліся Леанід Санукевіч і Клаўдзія Чаргейка, і з той пары разам дзеляць усе трывогі і радасці сямейнага жыцця. Берагуць свае сем’і і сыны Валерый і Уладзімір. Валерый мае дзве вышэйшыя адукацыі: пасля сельгасінстытута закончыў і юрфак Гродзенскага ўніверсітэта. Уладзімір – медык, як, дарэчы, і яго жонка. У абодвух ужо дарослыя дзеці, унукі Леаніда Уладзіміравіча і Клаўдзіі Іванаўны. Пры гэтым заўважым, што род Санукевічаў не звядзецца: з чатырох унукаў трое – хлопцы.
“Панаванне” мужчын у родзе не засмучае Клаўдзію Іванаўну, бо усе любяць і берагуць маму і бабулю не горш за жанчын. Народжаная ў трывожны час, яна жадае аднаго: міру для ўсіх на нашай цудоўнай планеце і для “кропелькі на ёй – краіны Беларусі”.

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!