Зэльвенскія вернікі святкуюць Уваход Езуса ў Іерусалім і віншуюць адзін аднаго вербачкамі
Зэльвенскія вернікі святкуюць Уваход Езуса ў Іерусалім і віншуюць адзін аднаго вербачкамі
Час Вялікага посту з кожным днём набліжаецца да завяршэння. Каталікі рыхтуюцца да святкавання Вялікага Дня. Якому папярэднічае пасхальная таямніца – урачысты Уваход Езуса Хрыста ў Іерусалім.

Сёлета вербны дзень прыпаў вельмі рана – на 29 сакавіка. Аднак цёплае надвор’е спрыяла, каб зэльвенцы па традыцыі сабраліся на прыкасцельнай пляцоўцы і разам з дзецьмі і ўнукамі, блізкімі сэрцу людзьмі, прыгожымі галінкамі вярбы віталі адзін аднаго, а таксама святара.


Пад агульны спеў песень ксёндз Яцэк Маркель акрапіў святой вадой галінкі.






Далей каталікі прайшлі ў святыню, дзе распачалося набажэнства.


На пачатку імшы веруючыя ўзгадалі евангельскую падзею: Езус за тыдзень да Вялікадня ўрачыста заехаў у горад Іерусалім, якога народ з радасцю вітаў словамі: “Гасанна ў вышынях! Благаславёны той, хто прыходзіць у імя Пана!”. У Хрысце, які праславіўся ўваскрашэннем мёртвых, які накарміў пяццю хлябамі пяць тысяч чалавек, людзі бачылі Месію – Збаўцу. І віталі яго ўзнёсла, радасна, прыгожа, як цара. Далей было прапанавана паслухаць урывак з “Мукаў Пана”, каб кожны сэрцам змог перажаць падзею збраджання Езусу.






Святар нагадаў аб тым, што прыбліжаецца Перадвелікодны тыдзень, калі Сыну Божаму выпадуць выпрабаванні і пакуты. Тыя ж людзі, якія зусім нядаўна радасна Яго віталі, адракуцца, асудзяць і пакараюць на крыжы.



Ксёндз запрасіў гэты час – Вялікіх Чацвярга, Пятніцы і Суботы прабыць у малітве, захоўваючы па магчымасці пост.


– У нашай сям’і захоўваюць усе каталіцкія традыцыі, а святкаванне ВялікаДня – асаблівае сардэчнае свята, – падзялілася сям’я Курцэвіч. – Перш-наперш, усе – ад старэйшых да дзяцей – наведваем касцёл, молімся, дзякуем Бога і ўзносім свае просьбы. Затым збіраемся ў бацькоўскім доме, каб раздзяліць радасць свята.

– У Вербную нядзелю пасля імшы асвечанымі вербачкамі пабіваем знаёмых і родных, гаворачы словы: “Не я б’ю – вярба б’е. За тыдзень – Вялікдзень”, – кажа сям’я Цэйкала. – Тым самым жадаем з добрым настроем і здароўем пражыць год. Па традыцыі, як абарэг, галінкі захоўвацца да наступнай Вербніцы.

Людміла ПОПКА





















