Версия для слабовидящих

Зэльвенскія каталікі святкуюць Нараджэнне Хрыстова

Просмотры: 5203

Зэльвенскія каталікі святкуюць Нараджэнне Хрыстова

“Ціхая ноч, святая ноч! Бог прыйшоў да людзей! Хор анёлаў спявае з нябёс: “Нарадзіўся вам Збаўца Хрыстос!” – каляднымі прыгожымі спевамі распачалася ўрачыстасць Раства Хрыстова ў зэльвенскім касцёле Святой Тройцы.

На Пастэрку хрысціяне сабраліся цэлымі семьямі – з дзецьмі і ўнукамі, каб у малітве прывітаць Немаўлятка і падзяліцца вялікай радасцю. Спачатку ўсе падыходзілі да батлейкі і ціха скланяліся на калені, ды і святая імша пачалася ад жлобка. Паводле падання, тут, у ясельках, нарадзіўся Збавіцель. Як толькі Ён з’явіўся на свет, у небе заззяла Віфлеемская зорка, якая абвясціла ўсяму свету радасную навіну.

Атмасфера нараджэння Езуса Хрыста адчувалася па ўсёй святыні: ззялі ліхтарыкі на ёлках, святло ішло ад імпразаванай інсталяцыі, прыгожа спяваў хор і парафіяне, сардэчна гучала малітва. Падчас набажэнства зачытваўся ўрывак з Евангелля, узгадваліся біблейскія падзеі, якія распавядалі пра час нараджэння Пана. 

Разважаючы над важнай хрысціянскай падзеяй, ксёндз Яцэк адзначыў, што як нараджаецца Збаўца, так і павінна адраджацца ў сэрцы чалавека вера ў Хрыста: “У нас ёсць вялікая магчымасць наведваць касцёлы, маліцца, прывітаць Пана Бога ў дзень Яго нараджэння. Мы павінны прыняць безабароннае Дзіцятка, яго нараджэнне. Для гэтага мы перажылі адвэнт, спавядаліся, пазнавалі свае слабасці і штодзённыя праблемы. Калі годна пражылі пост, то і зразумелі: Бог запрашае прынять Яго”. 

– Няхай у сэрцах хрысціян пануе спакой, у сем’ях і Айчыне – мір. Няхай Божае Дзіцятка благаслаўляе на міласэрнасць і веру, – пажадаў святар. А затым зачытаў святочнае пасланне да каталікоў біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя.

З нагоды важнага хрысціянскага свята віншаванні вернікам даслаў старшыня райвыканкама Ю.У. Касталомаў.

Напрыканцы імшы каталікі павіншавалі пастыра Яцэка Маркеля. Жадаючыя засталіся каля батлейкі, каб ускласці маленькаму Езусу свае просьбы і падзякі. 

Святкаваць Нараджэнне Хрыстова вернікі будуць на працягу актавы. Восем дзён прызначана малітве, наведванню касцёла і радасці з нагоды Божага Нараджэння.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!