Раство ў католікаў. Біскуп Уладзімір Гуляй паведаў пра духоўны і філасофскі сэнс свята
Раство ў католікаў. Біскуп Уладзімір Гуляй паведаў пра духоўны і філасофскі сэнс свята
Пра духоўны і філасофскі сэнс свята Божага Нараджэння разважае біскуп Уладзімір Гуляй, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі – пастыр Гродзенскай зямлі, доктар тэалогіі, які з юных гадоў прысвяціў сябе служэнню Богу і людзям. Больш за 25 гадоў ён нясе Божае слова, дапамагаючы людзям знайсці свой шлях. Асаблівы клопат у яго служэнні пра моладзь, развіццё міжрэлігійнага дыялогу і падтрымку сацыяльных ініцыятыў.

Вяртанне да цішыні і сэнсу
– Біскуп Уладзімір, у чым, на ваш погляд, заключаецца духоўны і філасофскі сэнс Божага Нараджэння?
– Сэнс Божага Нараджэння я пачаў усведамляць паступова: праз веру, атмасферу сямейных традыцый і цішыню, у якой Бог умее гаварыць з чалавекам. У дзяцінстве Каляды найперш асацыіяваліся з домам, супольнай малітвай, каляднымі спевамі, цеплынёй сямейнага стала, праз што вера станавілася жывой. З цягам часу я ўсё лепш разумеў, што Божае Нараджэнне – гэта не толькі ўспамін пра гістарычную падзею, але таямніца, якая здзяйсняецца кожны раз, калі чалавек адкрывае сваё сэрца Богу.
Для сучаснага чалавека, які жыве ў эпоху тэхналогій і пастаяннага інфармацыйнага шуму, духоўны і філасофскі сэнс Раства – у вяртанні да цішыні і сэнсу. Бог прыходзіць праз пакору, слабасць і любоў, нараджаецца як Дзіцятка, каб чалавек зноў навучыўся даверу. У свеце, які часта ацэньвае нас на эфектыўнасць і поспех, Божае Нараджэнне нагадвае пра годнасць кожнага, незалежна ад дасягненняў.
Каб захаваць сапраўдную сутнасць свята, важна не страціць унутраную прастору: знайсці час для малітвы, Божага слова, сям’і і тых, хто мае патрэбу ў нашай увазе ды дапамозе, а таксама адключыцца ад лішняга шуму, каб пачуць вестку пра Бога, які прыходзіць, каб быць з чалавекам.
Духоўная падрыхтоўка і калядны цуд
– Што ўключае ў сябе сапраўдная духоўная падрыхтоўка да свята?
– Падрыхтоўка да свята – гэта шлях сэрца, а не толькі спіс спраў. Ён пачынаецца, калі чалавек спыняецца, каб пачуць сябе і Бога. Адмовіцца ад граху – значыць дазволіць Богу навесці парадак у сэрцы: гэта не толькі адрачэнне ад дрэнных учынкаў, але рашэнне не жыць у абыякавасці, злосці, крыўдзе або страху. Грэх закрывае чалавека ў сабе, а пакаянне вяртае да Бога і бліжняга, таму духоўная падрыхтоўка ўключае малітву, чытанне Божага слова, сакрамэнт паяднання і вельмі канкрэтныя крокі – прызнаць віну, папрасіць прабачэння, прымірыцца.
Асаблівым знакам гатоўнасці сэрца з’яўляюцца справы міласэрнасці. Калі знаходзім час для слабога альбо пакінутага, у нашым жыцці ўзнікае прастора, у якой Пан Езус можа нарадзіцца нанова. Каляды нагадваюць, што ён прыходзіць не да дасканалых, а да тых, хто шукае і не баіцца змяніцца.
– Ці верыце Вы ў калядныя цуды і што для Вас з’яўляецца цудам?
– Калядны цуд – гэта не казка, а прысутнасць Бога ў штодзённым жыцці чалавека. У сучасным свеце цуды часта не маюць гучных формаў: яны адбываюцца там, дзе аднаўляюцца сапсаваныя адносіны, дзе чалавек знаходзіць сілу дараваць і дзе ў стомленым сэрцы нараджаецца надзея.
Для мяне цудам з’яўляецца кожная сапраўдная сустрэча чалавека з Панам Езусам: вяртанне да малітвы, супакой у сакрамэнтах, адкрыццё сэнсу жыцця ў служэнні іншым. Цуд ёсць і ў простых жэстах дабрыні, гатоўнасці быць побач з тым, хто ў бядзе.
Мова калядных знакаў
– Якія сімвалы Раства для вас найбольш значныя?
– Божае Нараджэнне – гэта свята, калі Бог звяртаецца да нас праз простыя, але вельмі глыбокія знакі. Для мяне асабліва дарагі вобраз бэтлеемскіх ясляў: у сціпласці адкрываецца таямніца Божай любові, якая прыходзіць без знешняй славы і ўлады. Яслі вучаць нас бачыць каштоўнасць у простым і з павагай ставіцца да таго, хто мае патрэбу ў нашай увазе і спачуванні.
Калядная зорка, якая асвяціла шлях мудрацам, застаецца сімвалам надзеі і пошуку. Яна нагадвае, што нават у цемры Бог пакідае знакі сваёй прысутнасці і вядзе тых, хто шукае праўду, і заклікае не губляць духоўныя арыенціры. Глыбока кранальным з’яўляецца святло свечкі – ціхі агеньчык, які разганяе цемру і сімвалізуе Хрыста, што прыходзіць у сэрца, каб асвяціць, супакоіць, сагрэць.
А святочны калядны стол з вольным месцам і сенам пад абрусам – выразны знак адкрытага сэрца і гатоўнасці прыняць іншага (сена вяртае нас да Бэтлеема, нагадваючы, што чалавечая цеплыня важней за матэрыяльны дабрабыт). Асаблівае месца займае аплатка – белы хлеб, якім дзелімся з блізкімі ў жэсце прабачэння, прымірэння і еднасці. Ён вучыць нас спыніцца, паглядзець адзін аднаму ў вочы і сказаць словы, якія часта адкладаем на потым.
Усе гэтыя сімвалы складаюць мову Божай любові і дапамагаюць не толькі святкаваць Каляды, але і адкрываць сэрца для Хрыста, які прыходзіць ціха, са святлом і надзеяй.
Двойчы Каляды і адзін Бог
– На Гродзеншчыне многія сем’і святкуюць Божае Нараджэнне двойчы. Як перапляліся каталіцкія і праваслаўныя традыцыі ў вашай сям'і і што гэта дало для разумення свята?
– Пытанне адзінства веры я пазнаў у сваёй сям’і, дзе з дзяцінства побач жылі дзве традыцыі – каталіцкая і праваслаўная: мама была каталічкай, тата – праваслаўным. Гэта не было падставай для падзелу, наадварот, стала прасторай узаемнай павагі, цярплівасці і слухання адно аднаго. Калі надыходзіў час Божага Нараджэння, мы перажывалі яго двойчы – зыходзячы з абедзвюх традыцый. І гэта быў не механічны паўтор, а працяг адной агульнай радасці: іншыя малітвы, іншая мелодыя літургічнай мовы, але тая ж самая таямніца Пана Бога, які становіцца чалавекам дзеля збаўлення кожнага з нас. Розныя формы святкавання не раздзялялі, а паглыблялі разуменне гэтай падзеі.
У сваёй сям’і я навучыўся, што адзінства не азначае аднолькавасць, яно нараджаецца там, дзе ёсць павага, любоў і жаданне бачыць у другім брата. Таму для мяне з малых гадоў было відавочна: Бог адзін для ўсіх, і ён прыходзіць, каб злучаць, а не раздзяляць. Гэты досвед сёння натхняе мяне як біскупа служыць адзінству і ўмацоўваць узаемную павагу, мір і спагаду паміж хрысціянамі на Гродзеншчыне. Хрыстос нарадзіўся для ўсіх, каб мы былі адным цэлым – кожны год Раство нагадвае нам пра гэта.
Музыка як мова душы
– Біскуп Уладзімір, не сакрэт, што Вы – вельмі музыкальны чалавек. Як музыка дапамагае перадаць духоўнае пасланне Божага Нараджэння?
– Музыка – гэта мова душы, якая часта гаворыць мацней за словы, асабліва ў час Божага Нараджэння. Калядныя мелодыі дапамагаюць успомніць падзею Бэтлеема і ўвайсці ў яе ўнутрана, адкрываючы сэрца на малітву і на глыбіню ўласнай душы. Музыка ўмее ўзняць сэрца да Бога і суцешыць, калі словы малітвы даюцца з цяжкасцю. У калядны час яна становіцца мастом паміж небам і зямлёй, а калядкі – простымі, але глыбокімі спевамі, дзе вера пераплятаецца з народнай традыцыяй і нясе радасную навіну пра нованароджанага Дзіцятку Езуса.
Асабліва дарагія калядкі, што спяваюцца разам, калі розныя галасы зліваюцца ў адзін: у такія моманты адчуваецца, што гэта свята еднасці. Музыка дапамагае спыніцца ў мітусні сучаснага свету і адчуць сапраўды важнае – ласку Пана Бога. Сярод маіх любімых калядак – “Ціхая ноч”, “Учора звячора”, “Паказалася з неба яснасць”, “Зорка Бэтлеемская” і іншыя.
Моладзь у пошуках Бога
– Як Вы дапамагаеце моладзі зразумець глыбокі сэнс святкавання Божага Нараджэння?
– Маладых людзей прыцягваюць шчырасць і праўда, таму я стараюся шчыра размаўляць з імі, слухаць іх пытанні, сумненні, надзеі. Пачынаю з тлумачэння, што Божае Нараджэнне – падзея, у якой Бог выходзіць насустрач чалавеку, асабліва маладому, з яго пошукамі і трывогамі. Я часта падкрэсліваю, што Каляды – свята Пана Бога, які становіцца маладым разам з намі, бо нараджаецца як Дзіця. Важную ролю адыгрывае супольны досвед: малітва, калядныя спевы, падрыхтоўка ясляў, дабрачынныя ініцыятывы, наведванне тых, хто адзінокі або патрабуе падтрымкі. Праз канкрэтныя дзеянні моладзь разумее, што вера – не тэорыя, а жыццё, у якім ёсць духоўны сэнс і радасць.
– Які пасыл Вы хацелі б перадаць людзям праз святкаванне Божага Нараджэння?
– Бог блізка. Не шукайце ідэальных абставін: Бог прыходзіць у звычайнасць. Святло, якое заззяла на Каляды, прызначана свяціць увесь год.
Няхай Нованароджаны Хрыстос напоўніць вашы дамы спакоем, сэрцы – надзеяй, а штодзённасць – сэнсам. Няхай ён народзіцца там, дзе сёння асабліва патрэбна яго прысутнасць: у стомленых сэрцах, сем’ях, нашай агульнай будучыні.
ГП
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!





















