Версия для слабовидящих

Захоўваючы традыцыі. Фальклорнае свята “Перазвон талентаў” сабрала гасцей на каралінскай зямлі

Просмотры: 216

Захоўваючы традыцыі. Фальклорнае свята “Перазвон талентаў” сабрала гасцей на каралінскай зямлі 

Гучна, ярка, у цёплай сяброўскай атмасферы прайшло ў аграгарадку свята фальклору “Перазвон талентаў”. У нядзелю, 15 чэрвеня, Каралін ператварыўся ў каляровую святочную пляцоўку пад адкрытым небам. Ужо шмат гадоў сюды з’язджаюцца таленавітыя людзі з ўсіх куточкаў Зэльвеншчыны. 

Цудоўнаму настрою спрыяла не толькі вясёлая музыка, але і сонечнае надвор’е, і лагодныя ўсмешкі на тварах людзей, прыгожа і па-святочнаму апранутых. Распачалося свята тэатралізаваным шэсцем па вуліцах аграгарадка ўдзельнікаў свята. Гучнымі апладысментамі ўсе прысутныя віталі ўзорны фальклорны калектыў “Кашалёўская скарбонка”, калектывы мастацкай самадзейнасці з Бародзічаў, Князева, Елкі, Галынкі, Міжэрычаў, Цяглевічаў, Караліна, Дзярэчына.

Святочную праграму адкрыў раённы агляд-конкурс абрадаў “Фарбы спадчыны маёй”, які паказаў унікальнасць зямлі нашай, з яе самабытнай культурай, старажытнымі звычаямі і гісторыяй. Першае купанне дзіцяці і купанне дзіцяці перад хрышчэннем, Калядкі, Гуканне вясны, Саракі, хаджэнне валачобнікаў на свяце Вялікдзень, апрацоўка ільну, сустрэча вяселля ў хаце бацькоў маладога. 

Усе прадстаўленыя абрады прайшлі з элементамі інтэрактыву. І кожны з іх кранаў да глыбіні душы, а песні знаходзілі водгук у сэрцах людзей і суправаджаліся апладысментамі, у якіх зліваліся захапленне і ўдзячнасць. 

“Строй народны – заўсёды модны”. На свяце прайшлі прэзентацыя касцюма “Традыцыйны строй Зэльвеншчыны” і творчая сустрэча з майстрам-стваральнікам традыцыйнага строю Зэльвеншчыны Аленай Мікалаеўнай Сушай.

На працягу свята працавалі этнаграфічны музей пад адкрытым небам, выставы работ народных майстроў, выстава “Матуліна хустка”, выстава-дэгустацыя традыцыйных страў і напояў, майстар-класы па саломапляценню, вышыўцы, кераміцы і ганчарству, фотазона ў стылі “этна”.

Інтрыгуючым момантам мерапрыемства стала аб’яўленне пераможцаў агляду-конкурсу абрадаў. Першае месца журы прысудзіла фальклорнаму калектыву з Дзярэчына, другое – з Галынкі, Цяглевічаў і ўзорнаму фальклорнаму калектыву “Кашалёўская скарбонка”, трэцяе – з Князева. Граматамі таксама адзначаны народныя ўмельцы Пенцяк Антаніна Пятроўна, Суша Алена Мікалаеўна, Кіслая Лідзія Аляксееўна, Галенда Аляксандр Валянцінавіч, Палешчук Ірэна Іосіфаўна, Ішчанка Уладзімір Васільевіч і найбольш актыўныя ўдзельнікі фальклорнага свята.
Да позняга вечара ўдзельнікі свята захапляліся канцэртнай праграмай, спявалі і танцавалі.

Метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы цэнтра народнай творчасці і культуры Святлана Якута

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!