Зэльвенскія хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі Першую святую Камунію
Зэльвенскія хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі Першую святую Камунію
Першы дзень чэрвеня зэльвенскія дзеці запомняць на ўсё жыццё: падчас нядзельнай імшы яны прыступілі да Першай святой Камуніі.

Па добрай традыцыі гэтая святочнасць заўсёды праходзіць вельмі прыгожа. Задоўга да пачатку імшы прадстаўнікі моладзi прыйшлі да касцёла ў белых альбах і сукенках. Яны маліліся перад фігуркамі Пана Езуса і Панны Марыі, якія ўстаноўлены на прыкасцельнай тэрыторыі, прыслухоўваліся да наказаў бацькоў, хросных, бабуль і дзядуль. І, канешне ж, вельмі хваляваліся: такое бывае раз у жыцці.

Перад пачаткам імшы юных вернікаў шчыра прывітаў ксёндз Яцэк Маркель. Пробашч прапанаваў бацькам і родным благаславіць сваіх дзяцей, а затым акрапіў усіх святой вадой. Па касцёле першымі пайшлі віноўнікі ўрачыстасці. Прыгожымі спевамі вернікі віталі новае пакаленне католікаў.



Першакамунійныя зэльвенцы на працягу ўсёй літургіі былі ў цэнтры ўвагі. Яны чыталі ўрыўкі з Евангелля, спявалі псалмы, падносілі дары. Прыгожа і цёпла дзеці звярнуліся да святара, бацькоў, парафіян з просьбай маліцца за іх жыццё, якое з гэтай хвіліны будзе разам з Богам. Прагучалі абяцанні вывучаць Божае Слова, рэгулярна наведваць касцёл, прымаць удзел у набажэнствах, прымаць Цела Хрыста.





Яшчэ адзін хвалюючы момант – падлеткі прызналіся ў веры і атрымалі з рук святара Цела Пана – Першую Камунію.
– Вы адчынілі свае сэрцы насустрач Богу, – сказаў маленькім парафіянам ксёндз Яцэк. – З сённяшняга дня сваімі ўчынкамі, паводзінамі, словамі вы павінны паказваць прыклад годных хрысціян. Хлеб, які вы раздзеліце са сваімі роднымі за святочным сталом, сімвалізуе Бога, які ёсць дабро. Пагэтаму дзяліцеся дабром і маласэрнасцю, дарыце іх людзям, якія вас акружаюць.


Напрыканцы імшы бацькі звярнуліся да святара Яцэка Маркеля, настаўніцы заняткаў па катэхізісу Таццяны Карозы, выказаўшы ўдзячнасць за годную падрыхтоўку іх сыноў і дачок да Першай Камуніі.



Святочная ўрачыстасць завяршылася спевам гімна “Цябе, Божа, праслаўляем!”.
Наступны тыдзень для першакамунійных дзяцей праходзіць як Белы тыдзень. У белым убранні (многія ў тых жа альбах) яны будуць наведваць касцёл як сведчанне аб вялікай падзеі ў іх жыцці.
– Жывём з верай у Бога, з надзеяй на дапамогу і апеку Пана, – падзялілася сям’я Буткевіч. – Сёння ўсе разам перажываем радасць – наш сын Мікіта прыняў Езуса. Гэта азначае, што разам з іншымі вернікамі пойдзе па дарозе жыцця з Богам. Выказваем удзячнасць святару, катэхізістцы і арганістцы, парафіянам за сённяшнюю малітву і за тое, што мы жывём адной хрысціянскай супольнасцю.

Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!





















