Версия для слабовидящих

З таленавітых рук майстроў народных рамёстваў. Семінар па ганчарстве прайшоў на Зэльвеншчыне

Просмотры: 14330

З таленавітых рук майстроў народных рамёстваў. Семінар па ганчарстве прайшоў на Зэльвеншчыне

Знаёміць землякоў з народнымі рамёствамі, выхоўваць пачуццё гонару за таленавітых продкаў, з павагай і пашанай ставіцца да сваіх каранёў – гэта тое, што чырвонай ніткай праходзіць праз дзейнасць аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры аграгарадка Дзярэчын. Здабыткі ў гэтым накірунку майстроў такія, што ёсць аб чым расказаць сваім калегам з іншых устаноў культуры. 

На мінулым тыдні па ініцыятыве дярэчынцаў у цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў раённы семінар “Наша спадчына. Ганчарства, як від традыцыйнага рамяства”. У час адкрыцця мерапрыемства намеснік дырэктара цэнтра Зоя Сулайманава падкрэсліла: 

Адраджаць традыцыйныя беларускія рамёствы, далучаць дзяцей і моладзь да іх вывучэння, захоўваць пераемнасць пакаленняў – надзвычай важная і адказная справа. На Зэльвеншчыне да спадчыны продкаў адносяцца з вялікай пашанай.

Актуальнасць гэтых слоў пацвердзілі і выступленні дзярэчынскіх майстроў. Загадчык аддзела рамёстваў Марыя Жоглік натхніла прысутных, распавёўшы пра ганчарства. Падзялілася гістарычнымі звесткамі аб узнікненні рамяства і асаблівасцях яго развіцця, расказала аб дзейнасці ганчарных арцеляў і індывідуальных майстроў на Беларусі.

У фондах аддзела захоўваюцца вырабы мясцовых ганчароў, што стваралі калісьці каларытны інтэр’ер сялянскіх хат – вазы, міскі, кубкі, разнастайныя гаршкі і збаны… Цікава, што па шырыні шыйкі сасуда можна было зразумець, для якога напітку ён прызначаўся: калі горла шырокае – для малака, калі вузкае – для вады, віна ці квасу. Першапачаткова ўвесь гліняны посуд у Беларусі называлі гаршкамі. Менавіта гэты прадмет суправаджаў чалавека ад нараджэння да смерці: кашу ў ім прыносілі і ў час хрысцін, і на памінальны стол.

Сёння Марыі Сцяпанаўне даводзіцца тлумачыць сэнс большасці назваў керамічнага посуду, які калісьці шырока быў распаўсюджаны ў нашых продкаў. Напрыклад, латка – посуд для смажання ці пражарвання мяса. Куфаль  – келіх ці кубак для піва, гладыш – збанок без ручкі і носіка. 

Многія з гэтых старадаўніх прадметаў узяў за ўзор для сучаснага промыслу каралінец Аляксандр Ішчанка. Вырабы ў яго розныя па форме, памеры, але ўсе характэрныя для колішніх сялянскіх сяліб зэльвенцаў. Майстэрства ён пераняў ад былога дырэктара дома рамёстваў Сяргея Худзяева.

Бяром кусок гліны, кладзём яе ў цэнтр ганчарнага круга і ўключаем матор – вось і ўся прамудрасць, – з гумарам гаворыць майстар. – А калі сур’ёзна, вучыцца ганчарнаму рамяству можна ўсё жыццё. 

Ганчар карыстаецца глінай, якую набываюць у Міры. Спрабаваў і сам рыхтаваць зыходны матэрыял, але працэс гэта, гаворыць, даволі працаёмкі: гліна сушыцца на сонцы, пасля разводзіцца з вадой, прапускаецца праз сіта. Застаецца маса, якая абагачаецца адпаведнымі дабаўкамі, затым зноў прасушваецца. 

Як бачыце, шлях да ганчарнага круга патрабуе пэўнай практыкі ад майстра, – Аляксандр Уладзіміравіч завязвае тасёмкі фартуха і сядае за ганчарны круг, бярэ спецыяльнае прыстасаванне, з дапамогай якога надаецца форма вільготнаму кавалку гліны.

Некалькі хвілін – і ў яго руках гліна выцягваецца ўверх, ператвараецца ў гаршчок. Яшчэ некалькі – і як па ўзмаху чароўнай палачкі выраб змяняе форму. Гледзячы збоку, здаецца, што ўсё вельмі лёгка, але гэта зусім не так: адзін няправільны рух і старанні аказваюцца дарэмнымі.

 «Станцаваўшы» на крузе фуэтэ, гаршчок адпраўляецца на абпальванне ў печ, – дзеліцца сакрэтамі ганчар. – Калі піражкі з цеста гаспадыні пякуць пры 180 градусах, то для збаноў і гаршкоў тэмпература патрэбна ад тысячы градусаў. Каб гліняны посуд быў моцны і доўга служыў, яго вытрымліваюць у печы некалькі гадзін.

Расказаў майстар і пра тое, як надаць вырабу той ці іншы колер. Напрыклад, каб дасягнуць патрэбнага адцення, перад адпраўкай у печ посуд трэба апусціць ў малако. Такі прыём называецца малачэнне.

А вось вырабы чорна-дымленай керамікі дэманстраваліся на  выставе, якую таксама прэзентаваў майстар. Дарэчы, творчасць Аляксандра Ішчанкі ведаюць не толькі ў раёне, але і за яго межамі, бо з задавальненнем ганчар прымае ўдзел у мерапрыемствах як рэгіянальнага і абласнога ўзроўняў, так і рэспубліканскага. У мінулым годзе ён быў запрошаны на міжнародны пленэр дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Гліна спявае» ў Копысі, дзе быў адзначаны дыпломам. Шматлікія ўзнагароды сведчаць аб сапраўдным майстэрстве нашага земляка.

 

Для Аляксандра Ішчанкі ганчарнае рамяство не проста захапленне, а ўклад жыцця. Згадзіцеся, пакуль сярод нас будуць такія таленавітыя людзі, не перарвецца сувязь пакаленняў на зэльвенскай зямлі.  

Тэрэза КАВАЛЕВІЧ

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!