Версия для слабовидящих

Адбылося пасяджэнне літаратурнага клуба «Малюся Слову», прысвечанага творчасці паэтаў Уладзіміра Марука і Міколы Мятліцкага

Просмотры: 646

Адбылося пасяджэнне літаратурнага клуба «Малюся Слову», прысвечанага творчасці паэтаў Уладзіміра Марука і Міколы Мятліцкага

Чарговае пасяджэнне літаратурнага клуба «Малюся Слову» дзённага аддзялення ЦСАН было прысвечана творчасці 70-гадовых юбіляраў года – паэтаў Уладзіміра Марука і Міколы Мятліцкага. Яны пэўны час працавалі разам у часопісе «Полымя».

Абодва паэты ў розныя гады былі ўдзельнікамі Зэльвенскіх сакавін: Марук – у 2003-м, Мятліцкі – у 2011-м. І яны шмат гадоў сябравалі з нашым земляком Уладзімірам Мазго. Таму размова пра іх жыццё і творчасць была асабліва цёплай і сардэчнай. 

З біяграфіяй У.А.Марука ўдзельнікаў пасяджэння пазнаёміла Марыя Ляўчук. Для гэтага яна выкарыстала звесткі пра паэта ў штотыднёвіку  «Лім» і ўспаміны дачкі Уладзіміра Антонавіча Веранікі. Вершы Марука для дарослых чыталі (акрамя Ляўчук) Галіна Ляонік і Валерыя Селівёрстава. Алена Еўдакімава вельмі цікава расказала пра творчасць Марука для дзяцей, а паэму «Чыж вярнуўся з-за мяжы» рэкламавала так віртуозна, што яе захацелі прачытаць усе прысутныя і парэкамендаваць дзецям і ўнукам.

З біяграфіяй М.М.Мятліцкага знаёміла кіраўнік клуба, а поўныя болю вершы пра Чарнобыльскую трагедыю, моцна закрануўшую яго родную вёску Бабчын, чыталі Ванда Кавалевіч і Галіна Карнач. Галіна Іванаўна выкарыстала і нарыс самога Мятліцкага пра наступствы аварыі. Кожнаму з прысутных было што сказаць пра гэтую балючую тэму.

Зацікаўленая размова ішла пра сяброўства трох паэтаў: Міколы Мятліцкага, Уладзіміра Марука і Уладзіміра Мазго. Яны здружыліся яшчэ падчас вучобы ў БДУ, калі наш зямляк Алег Антонавіч Лойка гуртаваў іх у літаратурным аб'яднанні ўніверсітэта. Потым Мазго і Марук працавалі ў выдавецтве «Юнацтва»: Марук галоўным рэдактарам, Мазго – адным з рэдактараў. Калі Мятліцкі з «Мастацкай літаратуры» перайшоў галоўным рэдактарам у часопіс «Полымя», то ён запрасіў на пасаду свайго намесніка Уладзіміра Марука, а пасля яго ранняй смерці – Уладзіміра Мазго. Менавіта падчас сумеснай працы Мятліцкага і Мазго каманда «палымян» і азарыла Зэльвенскія сакавіны. 

Яшчэ адна дэталь: Уладзімір Мазго і Уладзімір Марук адначасова былі прыняты ў Саюз пісьменнікаў. І адбылося гэта 40 год таму. На жаль, Уладзімір Мінавіч будзе адзначаць гэтую дату адзін, без надзейнага сябра.

Закончылі знаёмства з творамі юбіляраў разважаннем над іх філасофскай лірыкай.

Чым даражыць мы павінны?
Што на зямлі берагчы? –
Спелае поле Айчыны,
Вечнасці нашай ключы.

М.Мятліцкі

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!