З фестывалю “Скарбы Гродзеншчыны” з узнагародамі вярнуліся зэльвенскія работнікі культуры
З фестывалю “Скарбы Гродзеншчыны” з узнагародамі вярнуліся зэльвенскія работнікі культуры
У Гродна са сваёю … хаткай. Так, мы не памыліліся. У старажытны і адначасова малады Гродна для ўдзелу ў абласным фестывалі “Скарбы Гродзеншчыны” работнікі культуры Зэльвеншчыны прывезлі сваю адметную хатку. З дапамогай насычанай праграмы падворка прадэманстравалі вялікі творчы патэнцыял землякоў, у тым ліку праз унікальны абрад, заснаваны на глыбіні зэльвенскіх традыцый. Дамоў вярнуліся не з адной узнагародай…

Шчодрая на таленты зэльвенская зямля. Таму, каб шырока і маляўніча прадставіць старадаўнія звычаі, рамёствы, работнікі культуры раёна прадумалі мастацкае і сэнсавае напаўненне сваёй пляцоўкі, якая, дарэчы, размясцілася ў гродзенскім парку імя Ж.Э.Жылібера.
Нарэшце мы “дабраліся” ўласна да сімвалічнай хаткі. Выстаўленыя ў ёй прадметы побыту і вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, работы самабытных рамеснікаў праілюстравалі разнастайнасць жыцця і працы сялян. Тут можна было ўбачыць і неад’емны атрыбут жыццядзейнасці – печ. Госці фестывалю змаглі палюбавацца дэкорам так званага інтэр’еру – дыванамі, ручнікамі, шматлікімі сямейнымі фотаздымкамі.

Спецыялісты, удзельнікі аматарскай творчасці раённага цэнтра культуры сабралі цэлую талаку на такую працаёмкую справу, як апрацоўка ільну. Шляхам інтэрактыву ўключылі ў важныя працэсы абраду шаноўных гасцей, якія з радасцю трапалі, часалі, пралі лянок, каб той быў чысты, валакністы. Вядучая роля ў такой важнай дзеі належала народнаму майстру Рэспублікі Беларусь Антаніне Пянцяк з аграгарадка Галынка.

Хто хацеў паспрабаваць свае сілы ў майстар-класах, скарыстаўся такой нагодай. Таленавітыя майстры Лілія Амяльянчык, Аляксандр Ішчанка не проста паказалі традыцыйныя рамёствы – ганчарства, саломапляценне, але і далучылі шмат каго з зацікаўленых да творчага працэсу. А шырокая прысутнасць на фестывалі дзіцячай аўдыторыі – яскравае сведчанне таго, што маладое пакаленне вучыцца разумець культуру.
– На выставе прадстаўлены былі работы з саломкі, кераміка, а наш ганчар Ішчанка адразу на месцы рабіў посуд. Убачыць, што на тваіх вачах кавалачак гліны ператвараецца ў твор мастацтва або прадмет паўсядзённага ўжытку – гэты момант будзеш помніць доўга, па сабе ведаю, – ахвотна падзялілася метадыст аддзела па развіцці народнай творчасці цэнтра культуры Святлана Якута.
Калі знаёміліся з кулінарнымі шэдэўрамі з таркаванай бульбы, унесенымі ў спіс нематэрыяльнага наследдзя Панямоння, хтосьці ўспомніў, што гэтыя стравы былі на стале яго бабулі, а іншы занатаваў новыя для сябе рэцэпты…
Асобную тэму для размовы – як этнічныя беларусы, прадстаўнікі розных краін, завіталі да зэльвенцаў на падворак – выклікала маё чарговае пытанне. Фестываль традыцыйнай культуры, адзначыла Святлана Пятроўна, для гэтых людзей, якія шукалі нешта сваё, роднае, прайшоў як доўгачаканая радасная падзея. Хваляванне, слёзы на іх вачах сталі прыкметай самых розных эмоцый і, бясспрэчна, гонару гасцінных гаспадароў:
– Разам з матэрыяльнай культурай роднай зямлі мы прывезлі і наш добры настрой, наш каларыт і ўсё тое, чым славяцца куточкі раёна, – прадоўжыла метадыст. – Патрэбна адзначыць, што дапамаглі пагрузіцца ў музычную атмасферу педагогі-ўдзельнікі аркестра Зэльвенскай дзіцячай школы мастацтваў і іх вучні.
Утульныя, жывыя – можна і так сказаць, фотазоны карысталіся поспехам у аматараў падобных сесій. Між іншым, шматлікія госці не толькі фатаграфаваліся – адчувальна, што яны пакідалі на памяць і самыя светлыя, самыя добрыя ўражанні. Таму суразмоўца слушна заўважыла:
– Нам удалося адрадзіць і зберагчы сапраўдныя скарбы малой радзімы. Некаму наша лакацыя нагадала пра дзяцінства, нешта ўзрушыла ў душы. Разам з нашымі наведвальнікамі і мы перажылі самыя знамянальныя, кранальныя і надзвычай яркія хвіліны.
Патрэбна заўважыць, што ўзнагароды – дыпломы “За самабытнасць і адметнасць выканальніцкага стылю”, а таксама за ўдзел у намінацыі “Лепшы падворак традыцыйнай культуры Гродзеншчыны” і падарунак – толькі пацвердзілі вынік агульных намаганняў удзельнікаў ад Зэльвеншчыны. Вось як пра гэта выказалася Святлана Якута:
– Дэманструючы прыхільнасць да звычаяў нашых дзядоў і прадзедаў, мы працягваем захоўваць і развіваць культурную спадчыну, каб перадаваць яе ад старэйшых да малодшых. Будзем і далей ганарыцца сваімі здабыткамі і дзяліцца з іншымі людзьмі. Ці гэта не цудоўна?!

Любоў ШЭЙКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!





















