Зэльвенскія каталікі святкуюць Унебаўзяцце Панны Марыі
Зэльвенскія каталікі святкуюць Унебаўзяцце Панны Марыі
15 жніўня адзначаецца найвялікшая ўрачыстасць Касцёла – Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі.
Сэнс свята – данесці да хрысціян праўду веры, паводле якой Найсвяцейшая Маці Божага Сына была ўзнесена на неба з целам і душою.

Падчас святочнасці гучала Слова Божае, над якім разам са святаром разважалі вернікі. Урывак з Евангелля распавядаў пра сустрэчу Альжбеты і Марыі. «Благаслаўлённая між жанчынамі і благаслаўлённы плод твой – Езус”, – у адрас Панны прагаварыла сваячка, тым самым праславіла Бога.




Найсвяцейшая Панна спявае гімн Богу за міласэрнасць і дабрыню, якую Ён спаслаў ёй у сваім Сыне – Езусе. Сын Божы перамог зло, грэх і адкрыў шлях да жыцця вечнага. Да якога павінен імкнуцца кожны чалавек.
Далей вельмі цікавая думка наконт павагі да сталага чалавека, які праз жыццё нясе веру і паказвае прыклад сапраўднага хрысціяніна маладому пакаленню, прагучала ў звароце ксяндза Ігара Кубрака да парафіян:
-Сённяшняе свята мы павінны ўшаноўваць як радасць жыцця духоўнага. Праслаўляючы Панну Марыю, маліцца, каб і мы атрымалі вечнасць, – пажадаў святар.



Зэльвенцы сардэчна дзякавалі Бога за вялікі дар веры, здароўе і спакой, а таксама ўсё дабро, якое штодзённа атрымліваем з рук Творцы. Шчырая малітва ўзносілася да Найсвяцейшай Тройцы, душы напаўняліся любоў да Бога і бліжняга, сэрцы адчыняліся насустрач Хрысту.
Жнівеньскую ўрачыстасць называюць святам Маці Божай Зельнай, у народзе – Яблычным Спасам. У гэты дзень у касцёле Святой Тройцы разносіўся водар жытніх каласкоў, зёлак, яблык. Іх вернікі прынеслі, каб падзякаваць Езуса Хрыста за шчодрасць, благаславіць плён сваёй працы і дары палёў і садоў. Усё – зеляніна, кветкі, садавіна – сімвалізавалі дабро, якім адарыў нас Пан Бог.



Традыцыйна напрыканцы імшы адбылося благаслаўленне і асвячэнне кошычкаў з багатым ураджаем і букецікаў з кветак.
– Хочацца аддзячыць Пана Бога за такі багаты ўраджай хлеба, палёў і садоў, за добрае надвор’е, якое дарыў Езус Хрыстус у першую чаргу нашым хлебаробам і тым, хто працаваў на зямлі. Прыйшлі ў касцёл разам, каб малітвай праславіць Найсвяцейшую Панну Марыю, нашу апякунку і памочніцу ва ўсіх справах, – прызналася сям’я Мінец-Рыбак.
Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!





















