“З’яўленню “Крымскіх санетаў” Міцкевіч быў абавязаны шпіёнцы тайнай паліцыі”. Літаратурны клуб “Малюся слову” працягвае вывучаць творчасць паэтаў

Клуб “Малюся Слову” цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Зэльвенскага раёна з першых дзён стварэння ўзаемадзейнічае з раённай бібліятэкай. І гэта заканамерна: усе члены клуба на працягу многіх гадоў з’яўляюцца актыўнымі чытачамі бібліятэкі і ахвотна ўдзельнічаюць у многіх яе мерапрыемствах. З дапамогай работнікаў аддзела абслугоўвання і інфармацыі было праведзена не адно пасяджэнне клуба як у цэнтры, так і ў чытальнай зале бібліятэкі. Вось і апошняя студзеньская імпрэза, прымеркаваная да 220-годдзя ўраджэнца нашага краю знакамітага Адама Міцкевіча, рыхтавалася сумесна.

Асноўную частку падрыхтавала загадчыца чытальнай залы бібліятэкі Юлія Чарнецкая. Яна і кніжную выставу “Перачытваючы Міцкевіча” аформіла, і прэзентацыю “Дарогаю жыцця Адама Міцкевіча” прадставіла.

У відэаматэрыялах было шмат таго, што ўжо забылася, або было невядомым для членаў клуба. Напрыклад, тыя звесткі, што датычацца знаёмства двух волатаў сусветнай паэзіі – Аляксандра Пушкіна і Адама Міцкевіча. Пра вялікае захапленне талентам польскага паэта ў Пецярбурзе і Маскве ведалі і памяталі ўсе. Пра каханую паэта Марылю Верашчака – таксама. А вось што з’яўленнем “Крымскіх санетаў” Міцкевіч быў абавязаны праўнучцы французскай каралевы, фатальнай Караліне Сабаньскай (шпіёнцы тайнай паліцыі), ведалі адзінкі. Ды і пра сям’ю паэта было не дужа шмат публікацый.

Аматары літаратуры з аддзялення дзённага знаходжання цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва разлічваюць на далейшае супрацоўніцтва з раённай бібліятэкай. Мэты у нас адзіныя: пашырыць веды па сусветнай культуры і літаратуры, дзяліцца імі з іншымі зямлякамі.

Яніна ШМАТКО

Присоединяйтесь к нашему каналу