Золотой юбилей отпраздновала семья Заяц из Кремяницкого сельсовета

Паўвека ідуць разам па жыцці, любячы і паважаючы адзін аднаго, Яніна Адольфаўна і Іван Іосіфавіч Заяц (на здымку) з вёскі Задвор’е Крамяніцкага сельсавета. Нядаўна яны адсвяткавалі залаты юбілей шлюбу. 

 

  Золотой юбилей отпраздновала семья Заяц из Кремяницкого сельсовета

 

На ўрачыстасць сабраліся родныя і блізкія юбіляраў, іх суседзі і сябры. У гонар сям’і, якая не толькі не згубіла хрысціянскія каштоўнасці, але і перадае іх сваім дзецям і ўнукам, у касцёле в.Крамяніца прайшла літургічная служба. Як адзначыў у час урачыстасці святар, чалавеку мала пакінуць пасля сябе патомства, галоўнае падарыць сваім нашчадкам багаты духоўны свет – вось у чым заключаецца яго сапраўднае прызначэнне. Сямейныя адносіны Івана Іосіфавіча і Яніны Адольфаўны з’яўляюцца яскравым таму па-цвярджэннем. Гэтая цудоўная, маладая душой пара ідзе па жыццёвай дарозе ў любові і згодзе. Пачуццё, якое прывяло іх пяць дзясяткаў гадоў назад да сямейнага саюза, яны змаглі не толькі захаваць, але і пры-множыць.
Сёння Іван Іосіфавіч і Яніна Адольфаўна па-ранейшаму бадзёрыя і жыццярадасныя. Сваю галоўную жыццёвую місію – стварыць і захаваць сям’ю – яны выканалі бездакорна. Як сімвал любові і вернасці выраслі дзеці, якія стварылі свае сем’і і адносіны ў іх будуюць па прыкладзе бацькоў. Юбіляры маюць чатырох унукаў і трох праўнукаў.
Жыццёвы аптымізм юбіляраў дазваляе меркаваць, што іх сумесны шлях быў роўным і гладкім. Аднак лёс не заўсёды песціў сямейную пару. Яшчэ ў маладосці здароўе і душэўныя сілы падарвала смерць 16-гадовай дачкі Ганны, якую бацькі вельмі доўга і балюча перажывалі.
Зараз юбіляры жывуць дзеля сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў. Наўрад ці кожная бабуля зможа пахваліцца такой культурнай праграмай, якую ладзіла ў свой час для ўнукаў Яніна Адольфаўна. Яна была ініцыятарам іх сумесных паездак у сталіцу, неаднаразова выступала арганізатарам сямейнага адпачынку на Чорным моры. Мабыць, усё гэта пакінула незабыўны след у памяці дамачадцаў, бо ў дзень юбілею ў знак удзячнасці ўсе яны паз’язджа-ліся ў дом да бабулі з Мінска, Гродна, Ганцавіч і нават Масквы.
За плячамі шаноўных юбіляраў няпростая працоўная біяграфія. Жылі яны заўсёды сумленна, працавалі не пакладаючы рук. Яніна Адольфаўна была швачкай у атэлье, затым перайшла ў гандаль. Апошняе месца працы – малочнатаварная ферма “Задвор’е”, дзе разам з мужам працавалі аператарамі машыннага даення. Івана Іосіфавіча аднавяскоўцы ведаюць як дбайнага і руплівага гаспадара. Яго пала-вінка слыве ў акрузе выдатнай каравайніцай. І нават зараз, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, сядзець без працы яны не могуць. Усю хатнюю работу заўсёды дзеляць на дваіх: разам у агародзе працуюць, на пару ў доме гаспадараць.
З маленства жанчына любіла спяваць. Маючы звонкі голас, заўсёды цешыла сваіх родных песнямі, якія ў дзяцінстве чула ад матулі з бабуляй. І зараз Яніна Адольфаўна – жаданы госць на розных мерапрыемствах, конкурсах, якія ладзіць Князеўскі Дом культуры. Добра ведае і шануе традыцыі і абрады продкаў.
У людзей, пражыўшых доўгае, часам нялёгкае, але прыгожае жыццё, заўсёды хочацца павучыцца мудрасці, выпытаць сакрэты сямейнага шчасця. “Усё жыццё пражылі без сварак, людзі нават зайздросцілі,– здзіўляецца свайму шчасцю Яніна Адольфаўна. –Муж у мяне добры, пакладзісты, ніколі ні мяне, ні дзяцей нават пальцам не чапаў – залаты чалавек. А ў мяне такі характар: калі сказала “ўсё”, значыць так таму і быць”. У сваю чаргу Іван Іосіфавіч прызнаецца, што нават у сваёй строгасці жонка яму вельмі дарагая.
А маладым людзям ад жаніха і нявесты са стажам пажаданні – без любові ніколі не жаніцца, а калі звязалі разам жыццё – трэба паважаць адзін аднаго і ўмець дараваць.
У святочны дзень юбіляраў наведалі работнікі Князеўскага Дома культуры, якія падрыхтавалі для іх святочную паштоўку з пажаданнямі моцнага здароўя, дабрабыту і павагі ад родных і блізкіх людзей. Госці выказалі спадзяванне, што Яніна Адольфаўна і далей будзе актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці, бо яе вопыт, веданне і імкненне захаваць мясцовыя традыцыі – неабходны скарб для нашчадкаў. 

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.