Жнівеньскі канвеер па-бародзіцкі

989 Са старшынёй СВК “Бародзічы”Аляксандрам Засценчыкам мы сустрэліся на зерневым полі. Гутарылі не доўга – разумеем, што ў кіраўнікоў гаспадарак зараз кожная хвіліна на ўліку. – Сёлета з кожнага гектара намалочваем па 46,5 цэнтнера зерня – гэта больш мінулагодняга паказчыка, – адзначыў Аляксандр Уладзіміравіч. – На жніве задзейнічаны 15 збожжаўборачных камбайнаў – на нашы плошчы такой колькасці дастаткова. Праўда, тэхніка часам падводзіць. Некалькі дзён прастаяла “Ліда-1300”, пакуль не знайшлі патрэбныя запчасткі. Узнікаюць і іншыя праблемы, але іх стараемся аператыўна вырашаць. Сярод камбайнераў лідзіруе Юрый Цавель. Яго ўклад у агульны каравай складае больш за тысячу тон збожжа ў фізічнай вазе. У перадавіках сярод вадзіцеляў МАЗаў – Сяргей Шалястовіч. Усяго на некалькі тон адстае ад яго Міхаіл Памазкоў. 989 Праблем з дапрацоўкай збожжа ў гаспадарцы пакуль няма. Сухое надвор’е і зернесушыльныя комплексы дазваляюць хутка спраўляцца з гэтай задачай. У трэцім вытворчым участку непадалёку ад вёскі Залацеева, дзе мы пабывалі, работы вя-ліся ў комплексе. Група камбайнаў убірала збажыну, услед за імі ішлі трактары з прэс-падборшчыкамі, падбіраючы салому і прасуючы яе ў рулоны. Кантроль за якасцю ўборкі ажыццяўляў загадчык участка Уладзімір Сонец. – Пшаніцы намалочваем больш за 50 цэнтнераў з гектара. Добрыя намалоты дае і ячмень, – расказвае загадчык. – Давялося сутыкнуцца з праблемай уборкі палеглых участкаў. Камбайнерам прыходзілася працаваць на паніжаных хуткасцях і пры нізкім зрэзе збажыны. Гэта некалькі замаруджвала тэмпы работ. Зараз такія ўчасткі ўжо ўбраны. Камбайнеры вопытныя і з усёй адказнасцю адносяцца да работы. У ліку лепшых загадчык участка назваў камбайнавыя экіпажы ў складзе Святаслава Баброўскага і Сяргея Грынцэвіча, Сяргея Карозы і Франца Лявоніка, Аляксандра Шлыка і Аляксандра Германовіча, Якава Раха і Антона Дэйкалы. – Для кагосьці лета – пара адпачынку, а для мяне – выдатная магчымасць зарабіць, – расказвае Якаў Рах, які працуе ў Зэльвенскім лясніцтве. – Прызнацца, хоць і праводзім у полі ўвесь светлавы дзень, але стомленасці асаблівай не адчуваем. Гаспадарка паклапацілася аб тым, каб нам працавалася камфортна: забяспечыла двухразовым гарачым харчаваннем, якое падвозяць непасрэдна да камбайна. Да таго ж за добрасумленную працу прадугледжаны грашовыя прэміі. Таму кожны хлебароб выкладваецца ў поўную сілу. Віктар МАКОЎСКІ.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.