Зельвенские школьники путешествовали по Беларуси на поезде

8382

У чэрвені на базе СШ №2 г.п.Зэльва дзейнічаў турысцка-краязнаўчы лагер “Беларусічы”, члены якога вандравалі па роднай краіне на цягніку. За тыдзень школьнікі праехалі больш за 1500 кіламетраў, наведалі Полацк, Віцебск, Оршу, Магілёў і пазнаёміліся з помнікамі архітэктуры, этнаграфічнымі і прыроднымі аб’ектамі.

Яшчэ задоўга да паездкі члены лагера правялі вялікую падрыхтоўчую работу па распрацоўцы маршруту “Зэльва – Полацк – Віцебск – Орша – Магілёў – Асіповічы – Зэльва”.
Наша падарожжа пачалося з чыгуначнай станцыі пасёлка, адкуль на цягніку “Гродна – Санкт-Пецярбург” мы адбылі ў накірунку да Віцебска, а адтуль адразу рушылі далей, у Полацк.
Жыхары Полацка (як, прынамсі, і іншых наведаных гарадоў) аказаліся людзьмі ветлівымі і гасціннымі: на ўсе пытанні давалі вычарпальныя адказы і нават гатовы былі правесці ў патрэбным накірунку, калі бачылі на нашых тварах выразы неразумення. Зарыентаваўшыся на мясцовасці, рушылі ў цэнтр горада, дзе сканцэнтраваны асноўныя славутыя месцы. Аказалася, што заблукаць у Полацку складана: усе цэнтральныя вуліцы размешчаны паралельна і перпендыкулярна, і большасць з іх вядзе да набярэжнай Заходняй Дзвіны. Першым аб’ектам агляду стаў Богаяўленскі сабор – праваслаўная царква на правым беразе Заходняй Дзвіны, помнік архітэктуры XVIII ст. Сёння гэта дзеючы кафедральны сабор Полацкай і Глыбоцкай епархіі. Насупраць яго, літаральна дзверы ў дзверы, знаходзяцца ў адным будынку Музей кнігадрукавання і Музей-бібліятэка Сымона Буднага. Музеі размешчаны ў будынку былой Брацкай школы Полацкага Богаяўленскага манастыра і адкрыты 8 верасня 1990 года падчас святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны. Экспазіцыя размяшчаецца ў 15 залах, дзе дэманструецца 2500 экспанатаў, самую вялікую частку якіх складаюць кнігі. У музеі ўзноўлена майстэрня па пера-пісванні кніг і паказаны працэс кнігадрукавання ў розныя часы. Удзячныя экскурсанты пакінулі свае пажаданні ў кнізе водгукаў.
Далей наш шлях ляжаў да Сафійскага сабора – помніка сакральнага дойлідства XI–XVIII ст. Лічыцца, што полацкая Сафія была пабудавана трэцяй пасля вядомых на Русі сабораў у Кіеве і Ноўгарадзе. Разбураны ў 1710 годзе, у сярэдзіне XVIII ст. храм адноўлены і захоўвае такі выгляд дагэтуль. Сёння ў саборы праводзяцца арганныя канцэрты, працуе музей архітэктуры. На тэрыторыі ля храма ляжыць Барысаў камень – манументальны помнік эпіграфікі XII ст. на тэрыторыі Беларусі. З вядомых сямі вялікіх валуноў з высечанымі на іх 6-канцовымі крыжамі і надпісамі «Господи помози…» камень ля полацкай Сафіі – самы вялікі, вернікі прыкладаюцца да яго з малітвай і пажаданнямі. Каля сабора размешчана карта, на якой адлюстраваны ўсе знакавыя месцы Полацка. Вывучыўшы яе, мы адправіліся на праспект Францыска Скарыны, які працягнуўся амаль на кіламетр паралельна Дзвіне. Спыніліся ля помніка літары Ў, памятнага знака “Геаграфічны цэнтр Еўропы”, дайшлі да помніка Францыску Скарыне і завіталі ў сквер насупраць праспекта, дзе ўстаноўлены помнік Сымону Буднаму. Адпачыўшы ля фантана, вярнуліся на цэнтральную плошчу горада, дзе хвілінай маўчання ўшанавалі памяць абаронцаў Полацка ля аднайменнага мемарыялу. Вядома ж падышлі да помніка Еўфрасінні Полацкай, які знаходзіцца ў цэнтры на скрыжаванні вуліц, адна з якіх вядзе да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, дзе захоўваюцца мошчы Прападобнай. Ён заснаваны святой князёўнай Еўфрасінняй Полацкай у 1125 г., калі яна пасялілася каля Праабражэнскай бажніцы ў Сельцы. Спаса-Еў-фрасіннеўская царква на тэрыторыі манастыра з яе роспісамі прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь вышэйшай катэгорыі.
На наступны дзень мы паехалі ў Віцебск. Гістарычны цэнтр горада ўразіў веліч-насцю храмаў і прыгажосцю пейзажаў. Калі падышлі да Кіраўскага маста праз Дзвіну, адкуль адкрыўся від на цэнтральную частку горада, дзеці заўважылі, што нечым ён нагадвае Гродна. Праз Пушкінскі мост рушылі да гарадской Ратушы. Гэты пешаходны мост цераз раку Віцьбу пабудаваны ў 1961 годзе. Першы мост на гэтым месцы (толькі на 30–40 метраў бліжэй да вусця Віцьбы) з’явіўся яшчэ ў 1860–70-х гадах. У будынку Ратушы, сімвала самастойнасці і заможнасці Віцебска другой паловы XVIII ст., сёння знаходзіцца Краязнаўчы абласны музей. У яго фондах – матэрыялы археалагічных раскопак, калекцыі нумізматыкі, зброі, старадрукаваныя кнігі, прылады працы і прадметы побыту XVIII–ХХ стст., матэрыялы аб дзейнасці палітычных партый на Віцебшчыне, падзей рэвалюцый. Уражвае экспазіцыя аб Вялікай Айчыннай вайне. Дзяўчатам вельмі спадабалася выстава “Мода з камода”, дзе былі прадстаўлены прадметы адзення, касметыкі, біжутэрыі к. ХІХ – сяр. ХХ стст. А экспазіцыя “Прырода Віцебшчыны” зацікавіла ўсіх членаў лагера. Падчас пешай экскурсіі па горадзе мы даведа-ліся многа цікавага пра мастака Марка Шагала, для якога Віцебск быў радзімаю, і яго настаўніка Юдаля Пэна. Спыніліся ля Успенскага сабора, Узнясенскай царквы і Храма Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы – самага старажытнага ў горадзе. Царква знаходзіцца на левым беразе Заходняй Дзвіны, на месцы былога рамесніцка-гандлёвага пасада Ніжняга Замка. Заснаванне храма адносіцца да ХІ ст. і прыпісваецца княгіні Вользе. Помнік майстру-шаўцу – таксама знакавы для Віцебска: менавіта ў гэтым горадзе выпускаецца абутак пад брэндам “Марка”. У Доме-музеі М.Шагала пазнаёміліся з экспазіцыямі, прысвечанымі жыццю і творчасці вядомага далёка за межамі Беларусі мастака.
Нядоўгі пераезд – і вось мы ўжо ў Оршы, на ра-дзіме Уладзіміра Караткевіча. У музеі аповед пра слыннага беларускага пісьменніка нам правяла загадчыца Ліна Гатоўская, чалавек апантаны сваёй працай, жанчына, якая ведае пра Караткевіча “ўсё і болей!” і можа гаварыць пра яго гадзінамі. У экспазіцыі вылучаны тэматычныя раздзелы, у якіх выразна прадстаўлены творчы і асабісты лёс пісьменніка. Тут і асабістыя рэчы, дакументы, фотаздымкі, архіўныя матэрыялы, аўтабіяграфія У. Караткевіча, арыгінальныя рукапісы, сяброўскія шаржы, малюнкі пісьменніка, кнігі з дароўнымі подпісамі, выказванні і лісты сучаснікаў. Даведаўшыся, што мы з Гродзеншчыны, загадчыца музея была прыемна ўражана, што прыехалі здалёк, і дзякавала, што цікавімся спадчынай Караткевіча.
Перад адпраўленнем цягніка прайшліся па прывакзальнай плошчы, спыніліся ля помніка Канстанціну Заслонаву – камандзіру партызанскага атрада і брыгады, які з кастрычніка 1942 года стаў камандуючым усімі партызанскімі сіламі аршанскай зоны. А ў 1941 годзе пад Оршай адбылося адно з першых прымяненняў у баі знакамітай “Кацюшы”. Помнік першаму залпу гэтай устаноўкі знаходзіцца на вуліцы Камсамольскай.
З Оршы мы адправіліся ў Магілёў, дзе ў нас было запланавана наведванне мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле”. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут адбыліся жорсткія баі савецкіх воінаў і магілёўскіх апалчэнцаў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў час абароны Магілёва.
Праціўнік накіраваў на савецкія пазіцыі праз Буйніцкае поле 170 танкаў. Бой працягваўся 14 гадзін. Свае пазіцыі савецкія войскі ўтрымлівалі да 22 ліпеня. Падчас бітвы 13–14 ліпеня на полі знаходзіў-ся карэспандэнт газеты «Известия», савецкі пісьменнік Канстанцін Сіманаў. Героі Магілёўскай абароны паслужылі прататыпамі герояў трылогіі Канстанціна Сіманава “Жывыя і мёртвыя”. Паводле завяшчання Сіманава, яго прах развеяны над Буйніцкім полем. Аб гэтым сведчыць памятны знак, устаноўлены на тэрыторыі мемарыялу.
У склад мемарыяльнага комплексу таксама ўваходзяць капліца, мармуровы знак, прысвечаны воінам і народным апалчэнцам, абеліск на брацкай магіле і ўзоры баявой тэхнікі. У гэтым месцы не патрэбна лішніх слоў: кожны думае пра сваё, ушаноўваючы маўчаннем памяць пра змагароў Вялікай Перамогі.
Далей нас чакаў Магілёўскі заасад, што размясціўся злева ўздоўж Дняпра на плошчы ў 124 га. Па перыметры заасада абсталяваны пешаходны маршрут, назіральныя пляцоўкі. Наведвальнікі, рухаючыся па агаро-джанай сцежцы і выходзячы на спецыяльныя вышкі, маюць магчымасць назіраць за звярамі ў звыклых для іх умовах. Асноўную частку заасаду займаюць прасторныя вальеры, у якіх жывуць насельнікі беларускіх лясоў. Акрамя таго, у заасадзе пасялі-ліся ўсурыйскі тыгр, высакародны алень, рысь, вярблюд, страусы..
Побач з заасадам знаходзіцца стылізаваны комплекс «Этна-графічная беларуская вёска» – музей пад адкрытым небам. У вёсцы можна наведаць дом каваля, ганчара, пазнаёміцца з побытам беларускага народа пачатку ХХ ст. У маёнтку памешчыка размясціліся кафэ і гасцініца, у сялянскіх хатах – майстэрні рамеснікаў і сувенірныя крамы. Фота на памяць, словы падзякі ў кнізе гасцей і абяцанні даслаць фотаздымак…
Мы развітваемся з гасцінным Магілёвам. Час адпраўляцца дадому. Нас чакае перасадка ў Асіповічах. І вось ужо цягнік “Гомель-Гродна” вязе нас на Зэльвеншчыну. У час абмеркавання падарожжа дзеці выказваюць свае думкі наконт наведаных мясцін. На пытанне, які горад спадабаўся найбольш, усе адзінагалосна адказалі – Віцебск. Але ж і іншыя гарады ўразілі сваёй непаўторнасцю і гасціннасцю. Для сябе вырашылі: у наступным годзе адправімся ў новую вандроўку, якая, упэўнены, будзе яшчэ больш цікавай.
Наталля СТУПЧЫК, дырэктар турысцка-краязнаўчага лагера “Беларусічы”.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.