З унікальнымі выданнямі па гісторыі Гродзеншчыны можна пазнаёміцца ў раённай бібліятэцы

У верасні бягучага года Гродзенская вобласць адзначыць 75-годдзе з дня ўтварэння. Тады, у далёкім 1944 годзе, у яе склад увайшлі гарады Гродна і Ліда, некалькі раёнаў Беластоцкай, Баранавіцкай і Брэсцкай абласцей. Зараз яна ўключае ў сябе, акрамя Гродна, 12 гарадоў, 21 пасёлак гарадскога тыпу. Гэта 17 раёнаў і 194 сельсаветы. Тэрыторыя Гродзеншчыны – больш за 25 000 кіламетраў, тут пражывае каля 12% ад агульнай колькасці насельніцтва краіны. У рэгіёне захаваліся памятнікі гісторыі і архітэктуры, народныя традыцыі і абрады. Людзі Прынёманскага краю праслаўляюць сваю малую радзіму руплівай працай, навуковымі дасягненнямі, творчымі поспехамі. З літаратурай, якая раскажа аб унікальным развіцці Гродзеншчыны, а таксама сучасным яе становішчы, можна пазнаёміцца на кніжнай выставе, што дзейнічае ў раённай бібліятэцы.

Экспазіцыя налічвае некалькі дзясяткаў кніг. Большасць з іх – фаліянты. Чаго толькі варта трохтомная анталогія “Гарады і вёскі Гродзенскай вобласці”. У энцыклапедыі данныя аб населеных пунктах змешчаны ў алфавітным парадку. Так, пад літарай “Г” вы знойдзеце ўсё, што датычыцца Гродна і Гродзенскай вобласці, пад літарай “З” – матэрыялы пра Зэльвеншчыну.

Вялікую каштоўнасць прадстаўляе энцыклапедыя ў сямі тамах “Регионы Беларуси”. Тут – гістарычныя звесткі і сучасная інфармацыя. Развіццё галін вытворчасці, дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, устаноў адукацыі ці аховы здароўя – усё гэта можна знайсці ў выданні. Гродзеншчыне (і Зэльвеншчыне як яе частцы) прысвечаны першы том. Для тых, хто цікавіцца культурай рэгіёна, знаходкай будзе ілюстраванае выданне “Культура Гродзеншчыны. Факты. Падзеі. Асобы”, якое апавядае пра гістарычную, культурную і духоўную спадчыну нашага краю. Напрыклад, у раздзеле “Кнігавыданне і знакамітыя асобы” я знайшла імя Анастасіі Фамінічны Мацкевіч – былога бібліятэкара. У даведнік яна ўключана як аматар кнігі, прапагандыст чытання на зэльвенскай зямлі. Менавіта яе заслугамі бібліятэка перамагла ў абласным аглядзе-конкурсе 1982 года на лепшую пастаноўку работы па культурным абслугоўванні населеных пунктаў.

Гартаючы выданне, можна прасачыць за развіццём на Гродзеншчыне мастацкай творчасці, музейнай і тэатральнай справы, а таксама пазнаёміцца з даследчыкамі, артыстамі, акцёрамі і г.д.

Увагі заслугоўвае паліца, на якой змешчаны матэрыялы аб Гродзеншчыне ў часы ваеннага ліхалецця: кніга “Гродненщина накануне и в годы Великой Отечественной войны” (напісаная паводле дакументаў Гродзенскага архіву), “Книга героев Гродненской области. Город-Крепость-Гродно” (сярод ушанаваных землякоў – зэльвенцы Аляксандр Адольфавіч Жамойцін, Герой Сацыялістычнай Працы, і Павел Ільіч Жданаў, Герой Савецкага Саюза).

Папоўніць веды аб праваслаўных і каталіцкіх храмах, ды ўвогуле аб архітэктурнай, этнакультурнай і прыроднай спадчыне Прынёманскага краю дапамогуць змястоўныя выданні “Праваслаўныя і каталіцкія храмы Беларусі”, “Гродзенскае Панямонне”, “Этнакультурныя і прыродныя турыстычныя рэсурсы Гродзеншчыны і Сувальшчыны”.

– Рэдкія кнігі трымаем у руках і вельмі каштоўныя па зместу – са звесткамі, якімі павінен валодаць кожны жыхар гродзенскай зямлі, – кажа ветэран працы Марыя Заяц. – Гэта гісторыя Гродзеншчыны, гісторыя нашага краю, якой мы ганарымся і якую нам неабходна захаваць для маладога пакалення.

– Выставу можна разглядаць як цікавы ўрок гісторыі, грамадазнаўства, літаратуры і, наогул, як крыніцу папаўнення ведаў аб нашым рэгіёне. Кнігі карысныя чытачам любога ўзросту і ўжо карыстаюцца павышаным попытам у зэльвенцаў, – запрашае наведаць чытальную залу бібліятэкі загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Валянціна Масюк.

Людміла ПОПКА

Присоединяйтесь к нашему каналу