«Я не паэт, а настаўнік, творчыя здольнасці якога «выкрылі»» — Алена Кароза запрасіла зэльвенцаў на чарговую літаратурную сустрэчу, прысвечаную 760-годдзю Зэльвы (+ВІДЭА)

Я не той чалавек, што шукае вышыні, Але я і не той, хто абходзіць вяршыню. Я – настаўнік душой, маё шчасце – у працы. А без творчай працы педагогам не звацца.

А.С.Кароза

Чарговая сустрэча з мясцовымі паэтамі “Пасёлак мой, ты песня і легенда”, прысвечаная 760-годдзю Зэльвы, адбылася ў раённай бібілятэцы. Пішу “чарговая”, і хочацца надаваць сабе па руках: гэтае слова нібыта крыўдзіць галоўную асобу літаратурнага вечара, бо мае сэнс нечага радавога, канвеернага. Алена ж Кароза – настолькі штучны Творца, што заслугоўвае самых незвычайных слоў. У чытальнай зале няшмат народу. Але, склаўшы ўжо па выніках усёй сустрэчы і затым асобнай размовы з Аленай Станіславаўнай яе партрэт, разумею, што гэта нават добра. Няхай бы і адзін чалавек, але са шчырай цікавасцю, чым тры дзясяткі прымушаных. Такая яна, адкрытая, сціплая. Таму і прапаноўвае ў пачатку бенефіса ўзгадаць творчы шлях іншай паэткі – Ірыны Навуменка-Данік, вершы якой таксама вынесены да ўвагі публікі. Загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Валянціна Масюк коратка знаёміць з біяграфіяй Ірыны Мікалаеўны, адметнасцямі яе творчай дзейнасці. “З 2006 года – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, пераможца літаратурнага конкурса “Гродна – культурная сталіца Беларусі 2014” у намінацыі “Паэзія”, яе творы друкаваліся ў ЛіМе, Беларускай Ніве, Сельскай газете, Гродзенскай праўдзе, Працы, у часопісах “Алеся”, “Маладосць”, “Полымя” і інш., увайшлі ў мноства калектыўных зборнікаў і альманахаў”. На жаль, пры жыцці паэткі свет убачыў адзіны яе зборнік – “Мой светлы дзень”, але застаўся шэраг радкоў у “электронным” нататніку. 5 раздзелаў на амаль 300 старонках. Прысутным прадэкламавалі па некалькі вершаў з кожнага раздзела, пасля чаго ўшанавалі памяць і талент зямлячкі хвілінай маўчання… Людзі, якія праслаўляюць Зэльвеншчыну словам і справай, – адна з любімых тэм Алены Карозы. Верш, прысвечаны слынным зэльвенцам, яна прачытала адным з першых, патлумачыўшы такі выбар тым, што “месца – гэта людзі, а выбітныя людзі – гэта нашы маякі”. Зрэшты, не толькі пра знакамітых асоб краю ёсць рыфмы ў Алены Станіславаўны, калі гаворка заходзіць пра малую радзіму. Тут і гімн Славаціцкай школе, дзе пачынала працоўную дзейнасць, і разважанні пра метамарфозы роднай вёскі Каралін, і оды Зэльве і яе краявідам.   – Выбачайце, калі надта проста апісваю такія важныя рэчы, – звярнулася да аўдыторыі Алена Кароза. – Я не паэт, а настаўнік. Хто ж вінаваты, што мае здольнасці “выкрылі”, накіраваўшы верш пра Раство у раённую газету. Гумарыстка – лічы, другое амплуа паэткі. Чаго толькі варты яе верш пра Шлабутэны, альбо пра цешчу. Ды і стаўленне да свайго таленту ў яе жартаўліва-іранічнае: “пішу тое, што прымае рэтранслятар у галаве”. Як на маю думку, рэтранслятар “усталяваны” моцны, бо глыбіня іншых твораў Карозы проста неверагодная! Напрыканцы сустрэчы расчуленыя слухачы спяшаліся ўзяць слова. Вера Тульвінская, удзельніца клуба “Пой, душа!”, прапанавала арганізаваць сумеснае літаратурна-музычнае мерапрыемтсва на малой радзіме Алены Станіславаўны – у аг. Каралін. Ала Вілесава, мясцовая паэтка, назвала Алену Карозу “хроснай маці” сваёй творчасці і шчыра дзякавала за адкрыты для яе свет паэзіі. Сама ж Кароза выказала пажаданне застацца для ўсіх тэлеграмай, якая рэдка прыходзіць, але запамінаецца сваім паяўленнем. А змест яе паслання: “Хай вашы душы грэе слова!”. 5 фактаў пра творчасць Алены Карозы
  1. Верш Алены Станіславаўны “Першакласнік” уключаны ў беларускі «Букварь» для дапаможных школ.
  2. Алена Кароза не з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. “Я не паэт, а настаўнік. Вось маё наканаванне”.
  3. Чысціня душы і праўда – галоўнае творчае крэда паэткі. “Можна быць і падавацца. Як у жыцці, так і ў творчасці. Я магу толькі быць. Душэўная праўдзівасць – аснова маіх вершаў. Гэта маё шчырае стаўленне да ўсяго, што навокал”.
  4. Выдадзены адзіны суцэльна “карозаўскі” зборнік вершаў – “Складаемыя шчасця” (Зэльва, 2006). Між тым лік твораў ідзе на сотні. “Я шматдзетная маці ў гэтым дачыненні, бо маю за прынцып запісваць усё, што думаю. Не запісаць – значыць закапаць талент, які дадзены звыш. Запісаць – значыць падзяліцца душэўным цяплом, магчыма, стаць падтрымкай для кагосьці. Бывае, адно трапнае слова падымае чалавека з кален”.
  5. Алена Кароза – уладальнік незвычайнага сувеніра ад рэдакцыіі “Народнага доктара”. Аднойчы ў часопісе прыхільніца народнай медыцыны, Алена Станіславаўна заўважыла фотозагадку, адказ на якую даслала ў вершаванай форме. Апроч таго, што твор дае разгадку, ён змяшчае некалькі рэцэптаў з гэтай расліны, што засталіся Алене Станіславаўне ад бабулі. Такі грунтоўны падыход да задачы і быў адзначаны прызам – чайнай парай з лагатыпам выдання.
Алеся РОБАК
Вам может быть интересно
1 комментарий
  1. Ольга says

    Вершы Алены Карозы задушэўныя і глыбока філасофскія. З захапленнем іх чытаю.

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.