Вышивка в семье Ровгач из Голынковского сельсовета – это семейное

У пачатку першых вясновых дзён работнікамі Галынкаўскіх сельскіх Дома культуры і бібліятэкі была арганізавана сустрэча з дзвюма майстрыхамі – маці Марыяй Роўгач і яе дачкой Таццянай Млыноўскай, якія пражываюць у вёсцы Дарагабушка. Іх утульны дом упрыгожвае мноства вязаных кручком абрусоў, сурвэтак,  вышытых гладдзю і крыжыкам навалачак, прасцінаў, карцін. Ва ўсе гэтыя вырабы ўкладзена душа і майстэрства працавітых рук.

 

Марыя Уладзіміраўна–ураджэнка вёскі Вялікія Міхалкі Свіслацкага раёна. Нарадзілася ў суровыя гады ваеннага ліхалецця, калі ў доме панавалі холад і галеча. Рана не стала бацькі, таму была надзейнай памочніцай маці ў гаспадарцы. Як расказала Марыя Уладзіміраўна, лёс не песціў, даводзілася шмат працаваць і на будоўлі, і ў паляводстве, і на ферме. Аднак заўсёды знаходзіўся час вышываць.
Са сваім будучым мужам Марыя Уладзіміраўна пазнаёмілася ў час работы па асушэнні балота, куды Андрэй Міхайлавіч быў накіраваны на працу з Зэльвенскага раёна. Хлопец заўважыў у дзяўчыне стараннасць і працавітасць. Яна ж у ім–уважлівасць і добрасумленнасць. Так зарадзілася паміж маладымі людзьмі высокае пачуццё. Вынікам іх рамантычных адносін стала вяселле. Хутка ў доме маладой сям’і загучалі звонкія галасы блізнятак. Цяпер сын Аляксандр–настаўнік інфарматыкі і матэматыкі ў Дзярэчынскім дз/с-СШ, дачка Алена працуе кантралёрам на швейнай фабрыцы ў г. Гродна. Яны падарылі дзядулі з бабуляй пяцёра ўнукаў. 
Праз 9 гадоў у сям’і Роўгач, ужо тут, на Зэльвешчыне, нарадзілася дачка Таццяна. Пасля заканчэння Галынкаўскай СШ яна набыла спецыяльнасць краўчыхі-вышывальшчыцы. Сваю другую палавінку сустрэла ў в.Дарагабушка. Юрый часта прыязджаў у госці да родных, якія жылі па-суседстве з Роўгачамі. Абаяльная дзяўчына пры-глянулася юнаку. На прапанову рукі і сэрца Таццяна адразу адказала ўзаемнасцю.
Зараз Таццяна Млыноўская працуе паштальёнам–з добрымі весткамі наведвае дамы вяскоўцаў, дзеліцца з імі навінамі і падзеямі, якія адбываюцца не толькі ў раёне, але і ў свеце. Муж–электрык у СВК “Галынка”.
Маюць дваіх сыноў. Старэйшы Віктар–навучэнец будаўнічага ліцэя г. Гродна, віртуозна іграе на акардэоне, у школьныя гады захапляўся разьбой па дрэве. Малодшы Андрэй–вучань 4 класа Галынкаўскай сярэдняй школы. Хлопчык стварае цудоўныя вырабы з бісеру, вяжа кручком, вучыцца ў музычнай школе, таксама, як мама і бабуля, мае схільнасць да вышыўкі. Ды і ў Юрыя Часлававіча ёсць захапленне–пляценне кошыкаў.
У час сустрэчы Марыя Уладзіміраўна расказвала аб сваім жыцці, успамінала, як да яе матулі, якая, дарэчы, таксама была рукадзельніцай (вышывала, ткала, акрамя гэтага, вельмі добра спявала) прыязджалі з беларускага тэлебачання зрабіць рэпартаж.
Як бачна, вышыўка ў Роўгачаў–гэта сямейнае. Сваё майстэрства Марыя Уладзіміраўна перадала і дачцэ Таццяне. У іх доме ёсць работы, якім каля 50 (!) гадоў і нават больш.
Маці і дачка не толькі таленавітыя, але і добразычлівыя, гасцінныя і шчырыя жанчыны. Час за гутаркай з імі, праглядам вышыванак праляцеў непрыкметна.


Вольга КУЛАЖЫНА,
мастацкі кіраўнік Галынкаўскага СДК.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.