Виртуозы областной сцены

Виртуозы областной сцены

Веснавыя месяцы аказаліся шчодрымі на перамогі для зэльвенскіх музыкантаў. 25 і 27 сакавіка вучні дастойна прадставілі дзіцячую школу мастацтваў на абласных конкурсах “Новыя імёны” ў Гродна і імя К.Горскага ў Лідзе. 

Журы  конкурсу “Новыя імёны” высока ацаніла падрыхтоўку таленавітай дамрысткі Аляксандры Тарасевіч. У намінацыі  “Народныя інструменты” ёй аднагалосна прысуджана першае месца. Паспяхова выступіў Павел Хват. Юны музыкант адзначаны Дыпломам   III ступені. З узнагародай  вярнулася з конкурсу і Вольга Свістун. У сваёй узроставай групе яна заняла трэцяе месца. 

У абласным конкурсе “Іграй, мой баян!”, які праходзіў у пачатку сакавіка, у намінацыі “Баян” удала выступіла Наталля Сямёнчык. Скарбонка яе ўзнагарод папоўнілася Дыпломам II ступені. У гэтай жа намінацыі паспрабаваў свае сілы і вучань 3 класа школы мастацтваў Ілья Савосік. Дамоў ён вярнуўся з Граматай за паспяховае выступленне. 

У чарговы раз парадавалася за сваю вучаніцу педагог Людміла Латош: з VII абласнога конкурсу юных піяністаў Алеся Лойка прывезла такую ж Грамату, як і Ілья. 

Граматы за ўдзел у конкурсе атрымалі вучні класа саксафона Ілья Глушэня (настаўнік У.Сарокін), Ілья і Арсеній Мандрыкі (настаўнік У.Рошчанка). 

За высокае педагагічнае майстэрства ўзнагароджаны настаўнікі Аляксандр Сямёнчык, Наталля Александровіч, Таццяна Кароза і канцэртмайстры Алена Кніга,  Людміла Латош.

Пра пераможцаў раскажам крыху падрабязней. З вялікім задавальненнем акампаніруе юнай дамрыстцы Аляксандры Тарасевіч Людміла Латош. Кожны раз дзяўчынка ахвотна бярэцца развучваць новую мелодыю. І ў яе гэта атрымліваецца выдатна. Да парад настаўніцы Наталлі Александровіч прыслухоўваецца ўважліва. Шмат часу займаецца на інструменце. Па словах Наталлі Аляксандраўны, дзяўчынка вельмі адказная і старанная. Вынік відавочны: неаднаразовыя перамогі на конкурсах розных узроўняў (“Праца” падрабязна пісала пра кожную перамогу Сашы). Чарговы конкурс пераканаў вучаніцу, што яе чакае вялікае будучае на музычным шляху.

Павел Хват палюбіў сцэну з дзяцінства. Таму з’яўляецца пастаянным  удзельнікам усіх канцэртаў, якія ладзяцца ў школе. Дарэчы, яго артыстызм нікога не пакідае раўнадушным. Да таго ж, музыкант стараецца праз музыку данесці слухачам свае эмоцыі. Да заняткаў Павел адносіцца вельмі сур’ёзна. Вольны час прысвячае вывучэнню новых мелодый. Яму падуладны рамантычныя і больш складаныя творы, напрыклад, патрыятычныя. Менавіта “Мелодыя” І.Марына і “Франтавая навела” прынеслі Паўлу поспех. 

Калі вучаніцы 7 класа Вользе Свістун прапанавалі прыняць удзел у конкурсе абласнога ўзроўню, яна адразу згадзілася: “Ёсць жаданне, можна і паспрабаваць”. Вольга шчыра прызналася, што не разлічвала на перамогу. Педагог Таццяна Кароза характарызуе вучаніцу як старанную, адказную, патрабавальную, у першую чаргу, да самой сябе. Добрыя  музычныя даныя, якімі валодае Вольга, таксама адыгрываюць немалаважную ролю ў яе развіцці. Дзяўчынцы ўласціва адчуванне кожнай ноты. Цікавіцца музычнай літаратурай, не прапускае ніводнай тэлетрансляцыі канцэртаў вядомых дамрыстаў.  Любіць выступаць у складзе ансамбля.

За 4 гады вучобы ў школе мастацтваў Наталля Сямёнчык дабілася высокіх вынікаў. Адораная вучаніца паспяхова выступала на раённых і абласных конкурсах. Дзевяцігадовая ўдзель-ніца была самай малодшай у катэгорыі “Малодшая група да 11 гадоў”. Праграма для конкурсу была складаная, таму прыйшлося рыхтавацца да яе сур’ёзна.  Але да цяжкасцей дзяўчынцы не прывыкаць: з першага класа яна працуе з апераджэннем. Ёй гэта цікава. Складаныя творы, па словах Наталлі, прывабліваюць і са-дзейнічаюць яе станаўленню як музыканта. Аляксандр Баляслававіч – настаўнік і бацька ў адной асобе – не патрабуе ад дачкі больш, чым прадугледжвае вучэбная праграма. Ён гаворыць, што Наташа сама выбірае творы. Шмат займаецца самастойна. Валодае высокай тэхнікай, рытмам. Адпрацоўвае сваю манеру выканання.

Бацькі Алесі Лойкі не сумняваюцца: калі пачынаеш з самага ранняга ўзросту займацца чымсьці сур’ёзна, абавязкова даб’ешся поспеху. Так атрымалася і з іх дачкой. У шасцігадовым узросце дзяўчынка села за фартэпіяна і пачала браць акорды. Інтарэс адразу заўважыла маці і аддала дачку ў прафесіянальныя рукі музыканта Людмілы Латош. Педагогу прыйшлася па душы настойлівасць вучаніцы. Хутка Алеся выйшла на школьную сцэну. Бурныя апладысменты слухачоў азначалі, што выступленне маленькай артысткі ім даспадобы. У мінулым годзе Алеся рызыкнула прыняць удзел у абласным конкурсе юных піяністаў і атрымала Дыплом III ступені. Алеся вельмі любіць канцэрціраваць. Упэўнена, што падчас выступленняў набіраецца вопыту, удасканальвае майстэрства, знаёміцца з таленавітымі равеснікамі. 

Пакарыў зал і кампэтэнтнае журы адзінаццацігадовы Ілья Савосік (настаўнік Дзмітрый Іваноў).

– Гэта першы конкурс такога ўзроўню для Ільі, – гаворыць Дзмітрый Валянцінавіч. – Хлопчык вельмі творчы. У ім прысутнічае рэдкае спалучэнне таленту і працаздольнасці. У гэтым, зразумела, і залог поспеху. Да таго ж, Ілья вельмі самакрытычны. Пасля выступлення ён так і сказаў: “Эх, мог бы сыграць і лепш!”.

Маці Ільі любіць музыку. Добра спявае. У свой час закончыла клас баяна ў педвучылішчы.  Дзяцей, калі тыя падраслі, запісала ў школу мастацтваў. Старэйшы Ілья адразу пасябраваў з музыкай, інструментам і настаўнікам. Малодшы – вучань першага класа – стараецца не адставаць ад брата. Разам ходзяць на канцэрты, прысут-нічаюць адзін у аднаго на занятках, абмяркоўваюць выступленні.  

Ілья не толькі паспяхова вучыцца ў школе мастацтваў, але і часта выступае ў ролі вядучага падчас канцэртных праграм. Ён з задавальненнем займаецца на інструменце, дапамагае брату засвоіць нотную грамату. 

Конкурс імя К.Горскага неаднаразова прыносіў поспех Ільі Глушэні. У мінулым годзе ён прывёз Дыплом III ступені. Сёлета адзначаны Граматай.   

У эстэтычным развіцці Ільі вельмі пашанцавала. Па словах настаўніка Уладзіміра Сарокіна, ён надзелены прыродным пачуццём рытму. Гэтага вучня вылучаюць цудоўная памяць, меладычнасць. На сцэне Ілья заўсёды сканцэнтраваны. Яго выступленні арыгінальныя, яркія і запамінальныя: ім папярэднічае каласальная работа вучня і настаўніка.  

Два юныя саксафаністы Арсеній і Ілья Мандрыкі да гэтага года выступалі толькі на сцэне дзіцячай школы мастацтваў. Хлопчыкі вучацца ў другім класе, але паказваюць добрыя вынікі. Дарэчы, музычныя здольнасці Ільі былі заўважаны яшчэ ў дзіцячым садку. Хлопчык хутка запамінаў і пастаянна напяваў мелодыі, любіў хадзіць на канцэрты. Калі пачуў, як іграе на саксафоне дваюрадны брат, загарэўся і сам. 

Арсеній прызнаецца, што іграе, у першую чаргу, для сябе і сваіх блізкіх. Калі ў зале знаёмыя твары, на душы спакайней, ды і мелодыя мілагучней льецца. Сваю любоў да музыкі стараецца перадаць праз арыгінальную манеру выканання. “Добрае выступленне на конкурсе, перш за ўсё, заслуга майго настаўніка Уладзіслава Рошчанкі, з якім мы займаемся кожны дзень”, – прызнаецца хлопчык. Сам жа Уладзіслаў Уладзіміравіч характарызуе сваіх вучняў як самых здольных, якім уласціва высокая працаздольнасць.

Дошка гонару дзіцячай школы мастацтваў папоўнілася новымі імёнамі і фотаздымкамі. Зразумела, што саміх хлопчыкаў і дзяўчынак чакае шмат работы – нельга спыняцца на дасягнутым. Пажадаем ім поспехаў і спаўнення мараў. Тым больш, што некаторыя з іх ужо сёння дэманструюць свой талент на Нава-грудчыне, дзе праходзіць конкурс “Вясёлка надзей”.

Leave a Comment

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.