Загадчыца фермы в. Мадзейкі 45 гадоў працуе ў жывёлаводчай галіне

Сустрэцца з загадчыцай Мадзейкаўскай фермы нас папрасіў старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі дзяржаўнага прадпрыемства “Бародзічы” А.І. Кніга. Рыхтуючыся да справаздачнага сходу і перабраўшы асабовыя справы ўсіх пенсіянераў, ён заўважыў, што 25 сакавіка бягучага года спаўняецца 45 гадоў з пачатку працы ў Мадзейках цудоўнай жанчыны-працаўніцы Г.С. Якалцэвіч. Анатоль Іванавіч, які ўсебакова знаёмы з умовамі жыцця сельскага чалавека, лічыць, што з усіх прафесій на зямлі адной з самых цяжкіх і адказных з’яўляецца праца жывёлавода. Нельга з ім не пагадзіцца: хлебароб хоць зімой трохі адпачне, а для жывёлавода няма вольнай хвіліны ні зімой, ні летам. …18-гадовай дзяўчынай прыйшла на Мадзейкаўскую ферму (тады яшчэ свінагадоўчую) выпускніца Ваўкавыскага зааветтэхнікума Ганна Юрэвіч. Нават належнага пасля дзяржаўных іспытаў адпачынку да канца не адбыла. Прыехала пазнаёміцца з месцам размеркавання, а старшыня калгаса Я.В.Барысевіч сказаў: “Заставайся, дачушка, вельмі цябе чакаю”. Змалку прывыкшая да працы і дысцыпліны, Ганна паслухала кіраўніка. Неўзабаве заўважыў працавітую дзяўчыну мясцовы хлопец і не адпусціў на радзіму – у Воранаўскі раён. Пажаніліся, гаспадарка выдзеліла дом маладым – і пайшло-паляцела працоўнае і сямейнае жыццё. Згадваючы той час, Ганна Станіславаўна расказвае: “Наша дачушка, лічы, і вырасла на ферме. Садка ў калгасе тады яшчэ не было. Раніцай за малой суседка наглядала, а потым ужо я з сабой на працу брала. Яна і не супраціўлялася, ахвотна ішла са мной. З сынам лягчэй было – калгас ужо свой сад пабудаваў”. Працягваючы ўспаміны, жанчына з вялікай удзячнасцю згадвае людзей, якія вучылі яе, маладую і нявопытную, жыццёвай і працоўнай мудрасці. Вет-урач Валянціна Іванаўна Валюк была не толькі калегай, але і сяброўкай. Многія даяркі тых гадоў і сёння выклікаюць у Ганны Станіславаўны захапленне. –Такіх сёння мала, – кажа. – Не было патрэбы ў журнал уліку заглядаць. Яны пра кожную карову ўсё “дасье” ў памяці трымалі: колькі малака штогод давала, калі будзе цяліцца, колькі ацёлаў мела да гэтага і ці не было праблем, якому корму аддае перавагу і г.д. Кацярына Васільеўна Данюк, Вера Лук’янаўна Малей, Рэгіна Адольфаўна Жук – гэта наш гонар! Тады ж яшчэ ўручную даілі, і па тры разы на дзень. На хатнія справы зусім мала часу заставалася. Але не было выпадкаў, каб нехта не выйшаў на працу ці спазніўся. – А як зараз ваш працоўны дзень праходзіць? – цікавімся.– Сёння пад маім кіраўніцтвам 8 чалавек: тры асноўныя даяркі, адна падменная, два жывёлаводы, пастух і вартаўнік. – Не многа на амаль 200 кароў, – заўважаем. – Так, не многа, – згаджаецца загадчыца фермы. – Але ў нас узаемавыручка, падмяняем адзін аднаго, калі трэба. Я прыходжу на работу ў 5 гадзін раніцы, цікаўлюся ў вартаўніка абстаноўкай, сустракаю даярак. Разам аглядаем нашых рагуль. Правяраем абсталяванне і прыступаем да дойкі. Прымаю малако ў халадзільнік, сачу, каб у ім падтрымлівалася належная тэмпература. Адпраўляю малако на перапрацоўку. А потым ужо іншыя клопаты чакаюць. Сачу, як з кармленнем жывёл ідуць справы, ці подсціл падвезлі і г.д. Глядзіш – ужо абед. А пасля невялікага адпачынку і зноў усё спачатку: у 17.00 пачынаем дойку, потым кармленне і ўсё астатняе. Заканчваем справы ў 21 гадзіну. Падво-джу вынікі дня – і магу ісці дадому. Уяўляеце, дарагія чытачы, з пяці гадзін раніцы да дзевяці вечара з дня ў дзень, з месяца ў месяц, з года ў год – і так цэлых 45 гадоў! Як трэба любіць сваю працу, як умець ладзіць з людзьмі, якую падтрымку мець ад сям’і, каб вынесці такую вялікую нагрузку! Бо без надзейнага тылу наўрад ці хапіла б сіл. І муж, Іосіф Ксавер’евіч, і сын, Віталій Іосіфавіч, заўсёды пад-трымліваюць жонку і маці (дачка жыве ў Ваўкавыску). Дзеці такія ж працавітыя, як і бацькі: партрэт сына-трактарыста амаль штогод упрыгожвае Дошку гонару гаспадаркі. Ганна Станіславаўна лічыць, што ёй вельмі пашанцавала з заа-тэхнікамі і ветурачамі. З вялікай цеплынёй гаворыць пра Т.В. Каралевіча, мужа і жонку Верстакоў, В.Р. Данюка, Б.І. Рудога, В.М. Таварэвіч. Ад кожнага з іх жанчына, як здольная вучаніца, пераймала ўсё лепшае, аналізуючы ўбачанае і пачутае, адбірала тое, што адпавядала яе характару і магчымасцям. Спецыялісты гаспадаркі пастаянна сачылі за перадавымі тэхналогіямі ў жывёлагадоўлі, стараліся маральна і матэрыяльна падтрымліваць даярак і даглядчыкаў. У святы хоць чым-небудзь радавалі сваіх падначаленых. Бо як ні арганізоўвай ты працу, калі радасці людзі не адчуваюць, добрых вынікаў не будзе. І Ганна Станіславаўна ўдзячна кожнаму чалавеку са сваёй невялікай каманды. Цяжка нават уявіць увесь аб’ём зробленага Ганнай Якалцэвіч за 45 гадоў. Анатоль Кніга падлічыў, што праз рукі гэтай сціплай жанчыны прайшло больш за 400 вагонаў малака! Далучаемся да віншаванняў калектыву, жадаем Ганне Станіславаўне моцнага здароў’я і, калі будуць ахвота і сіла, сустрэць, працуючы, залаты юбілей! Яніна ШМАТКО. Фота Аляксандра РАМАНОЎСКАГА.
Вам может быть интересно

Комментарии отключены