Алена Кароза: «Мова – самае каштоўнае багацце, што ёсць у народа»

Сёлета мы адзначаем надзвычай дарагі ўсім беларусам юбілей: 500-годдзе кнігадрукавання. З гэтай нагоды і да Міжнароднага дня роднай мовы мы адкрываем новую рубрыку “Мы – нашчадкі Скарыны”. Першай гераіняй гэтага цыкла згадзілася стаць добра вядомая многім нашым чытачам Алена Кароза. – Алена Станіславаўна, вы нарадзіліся ў вёсцы. Напэўна, асяроддзе, якое вас акружала, было беларускамоўным? – Так. Я нарадзілася ў вёсцы з незвычайнай і інтрыгуючай назвай Каралін. Мае бацькі, бабулі і дзядулі, як, дарэчы, і ўсе вяскоўцы, размаўлялі на беларускай мове. Таму яна ўлілася ў мяне з першым глытком мацярын-скага малака і з першым словам матулі, адрасаваным немаўляці. А потым і ў школе сустрэліся цудоўныя настаўнікі, якія па-майстэрску валодалі словам. Родную мову выкладала ў нас Клаў-дзія Пятроўна Паляшчук. Яна ж была маім класным кіраўніком і суседкай маіх бацькоў. У памяці і сёння ўсплываюць яе ўрокі, яе ўлюбёнасць у свой прадмет і ў родную Беларусь. Яна вучыла нас любіць Радзіму і мову бацькоў, шанаваць сваю спадчыну і ганарыцца ёю. Яе ўрокі жыцця заўсёды са мною. – Якіх беларускіх пісьменнікаў, чыю творчасць вывучалі ў школе, вы згадваеце найчасцей? – Гэта Іван Мележ і Іван Шамякін, Кандрат Крапіва і Янка Маўр, Уладзімір Дубоўка і Васіль Вітка, Змітрок Бядуля і Андрэй Макаёнак… Вядома ж, Янка Купала і Якуб Колас. Урыўкі з твораў многіх магу і цяпер працытаваць. –Дзесьці ў сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя вы пачалі працаваць настаўніцай пачатковых класаў у Зэльвенскай сярэдняй школе. Яна была тады адзінай у пасёлку. І рускамоўнай. Як ішлі справы з выкладаннем беларускай мовы? – З 1976/77 навучальнага года пачалася мая праца ў Зэльвенскай СШ. Школа сапраўды была рускамоўнай, і толькі дзве гадзіны на тыдзень адводзілася беларускай мове. Гэта стварала пэўныя цяжкасці вучням і настаўнікам, асабліва пры пераходзе з пачатковай школы ў сярэдняе звяно. Ды і падручнікі адставалі ад запытаў часу і патрабавалі дапрацоўкі. Мне, як кіраўніку школы маладога настаўніка, даводзілася нават звяртацца ў выдавецтва, каб ліквідаваць некаторыя хібы. – Прыслухаліся да вас выдаўцы? – Так, нас пачулі, і гэта было вельмі прыемна. – У пачатку 90-х адбыліся змены, і немалыя, у моўнай сітуацыі. Ішлі дыскусіі наконт выкарыстання двухмоўя ў Беларусі. – Дыскусій вялося шмат. Выказваліся розныя думкі. Вынікам гэтага і стала стварэнне беларускамоўных класаў і выкладанне многіх прадметаў у вучылішчах і ВНУ на беларускай мове. – Ці былі ў вас беларускамоўныя класы? –Так. Я адна з першых набрала беларускамоўны клас. Праўда, давялося сутыкнуцца з пэўнымі цяжкасцямі, але яны былі часовыя. – Як часта выкарыстоўвалі вы родную мову ў пазакласных мерапрыемствах? – Да сённяшняга часу захоўваю выразкі з газет, фотаздымкі, сцэнарыі мерапрыемстваў на беларускай мове. Прыцягвала да іх правядзення бацькоў, бабуль і дзядуль, настаўнікаў школы мастацтваў і г.д. Што ўмела сама – ўсё перадавала сваім вучням. Захавала запісы іх пера-кладаў, сачыненняў, нават першых вершаў і апавяданняў на роднай мове. Ганаруся, што мая любоў да роднага слова знахо-дзіла водгук у іх маленькіх сэрцах. – Як паўплывала веданне роднай мовы на магчымасць змагацца за права выхаду ў фінал конкурсу “Настаўнік года-1992”? – Калі была атрымана перамога ў школьным, раённым, занальным абласным (9 раёнаў) турах конкурсу, адзін з членаў журы заявіў прадстаўніку Зэльвенскага РАНА: “Ваша канкурсантка хоць і сапраўдны віртуоз, але перамога ў абласным туры ёй не свеціць, бо ён будзе праходзіць на беларускай мове”. Я тады адказала сама: “А мы і на такі варыянт згодныя, і на беларускай мове вы-ступіць здольныя”. Як вынік – Дыплом І ступені. А ўжо на рэспубліканскім этапе было так. Першы конкурсны ўрок у беларускамоўнай гімназіі на беларускай мове (“Чалавек і свет”), урок у супер-фінале ў рускамоўным класе (“Человек и мир”), заданні на дзвюх мовах, сам конкурс – толькі на беларускай мове. У выніку – Дыплом лаўрэата і ўзнагарода часопіса “Роднае слова” за вернасць роднаму слову. – На нядаўняй сустрэчы Прэзідэнта з журналістамі і экспертамі было прапанавана стварыць беларускамоўную вышэйшую навучальную ўстанову. Што, на ваш погляд, трэба зрабіць для здзяйснення гэтай прапановы? – Згодна з думкай Прэзідэнта, што для вырашэння гэтага пытання па-трэбна грунтоўная яго прапрацоўка. Але, на мой погляд, не менш грунтоўнага асэнсавання патрабуе існасць: дзяржаўныя мовы дзве, а родная – адна, беларуская. Як гісторык, добра разумею, што мова – гэта найважнейшы складальнік паняцця “нацыя”. А мы – беларусы! – У раёне вас ведаюць не толькі як вопытнага настаўніка, але і як таленавітага паэта. На якой мове вам пішацца лягчэй? – Я вельмі люблю рускую мову. Не таму, што яна другая дзяржаўная. Мова вялікага Пушкіна стала роднай для многіх маіх сваякоў, якія нара-дзіліся і выраслі ў Расіі. Упэўнена, што ёю будуць ахвотна карыстацца беларусы, калі яна і не будзе дзяржаўнай. Чым болей моваў ведае чалавек, тым ён болей адукаваны і эрудыраваны. А вершы пішу на той мове, на якой яны да мяне прыходзяць. Думаю ж і мару на беларускай мове. У ёй – мая душа, а яна – у маёй душы. – Дзень роднай мовы. Магчыма, нейкі адзін з іх вам запомніўся чымсьці асаблівым? –У памяці застаўся дзень 21 лютага 2007 года. Вучні майго класа прымалі непасрэдны ўдзел у сустрэчы шаноўных гасцей школы – Ула-дзіміра Мазго і Міколы Маляўкі. Паэты працавалі тады ў часопісе “Вясёлка” і надрукавалі мой верш “Першакласнік” у адным з нумароў. Зараз гэты верш увайшоў у склад новага “Буквара” для дапаможных школ. А тады, 21 лютага, Мікола Маляўка падарыў мне на памяць сваю кнігу “Покуць”. Яна вельмі спадабалася маёй матулі – амаль усе вершы зборніка ведае на памяць. – Вашы пажаданні чытачам “Працы” ў год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і з нагоды Дня роднай мовы. – Мова – дар Божы, самае каштоўнае багацце, якое ёсць у народа. Знікне мова – знікне і нацыя. Яна – наша нацыянальная адметнасць. Давайце шанаваць яе, размаўляць на ёй. Гэта рэч зношваецца ад частага ўжывання, а мова – наадварот, толькі ажывае, узбагачаецца і распраўляе крылы. Памятайце наказ Францішка Багушэвіча: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”. Ганарыцеся, што першы ўсходнеславянскі друкар Францыск Скарына быў беларусам. Пагэтаму ў юбілейны год асабліва будзем адносіцца да роднай мовы з найвялікшай пашанай і разуменнем яе багацейшай каштоўнасці. Гутарыла Яніна ШМАТКО.
Вам может быть интересно

Комментарии отключены