Важныя справы, простыя рэчы

816
Навучэнцаў Князеўскай гімназіі на канікулах наўрад ці застанеце дома. Дзякуючы настаўнікам, яны абышлі практычна ўвесь Зэльвенскі раён, аб’ездзілі амаль палову Беларусі, нават пабывалі за мяжой. 3 кожнай паездкі дзеці вяртаюцца з новымі ўражаннямі, поўнымі сіл адкрываць для сябе новыя куточкі краіны. Мы з вялікай ахвотай адгукнуліся на прапанову старшыні праўлення Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” Валерыі Кліцуновай прыняць удзел у мерапрыемствах інфармацыйна-адукацыйнай кампаніі “Простыя рэчы”, якая рэалізуецца ў рамках праекта USAID “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё” ПРААН у Беларусі з мэтай павышэння ролі прыватнага сектара (малога і сярэдняга бізнесу) у эканоміцы Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, развіцця аграэкатурызму.

Творчая лабараторыя

Дырэктар гімназіі Валянціна Семяняка і настаўніца хіміі і біялогіі Ларыса Лабовіч былі адзіныя ў думцы, што рэалізаваць у рамках праграмы “Простыя рэчы” экалагічную адукацыйна-выхаваўчую акцыю “Зямля ў нас адна – іншай не будзе ніколі” добра было б на мясцовым матэрыяле, а менавіта на базе знакамітай аграсядзібы “Верас”. Заставалася толькі дамовіцца з яе гаспадарамі – Ірынай і Міхаілам Макей. Ніхто і не сумняваўся, што Ірына Янаўна і Міхаіл Францавіч адгукнуцца на нашу прапанову: ім таксама карысны вопыт супрацоўніцтва з навучэнцамі і педагогамі. Склалі праграму правядзення акцыі, вызначыліся з
удзельнікамі, заручыліся падтрымкай бацькоў і праз тыдзень узяліся за яе рэа-лізацыю.
Сярод членаў гімназічнага навуковага таварыства “Пошук” прайшоў конкурс-адбор, паколькі ўсім хацелася стаць удзельнікамі акцыі. Пасля таго як вызначыліся з колькасным складам, педагогі разам з дзецьмі распачалі абмеркаванне мерапрыемстваў, якія неабходна было правесці ў рамках акцыі. Непрыкметна прабеглі дні падрыхтоўкі, і вось настаў той час, калі князеўскія гімназісты накірава-ліся адкрываць для сябе непаўторны куточак нашай Зэльвеншчыны.
814

Гасціннасцю багаты

Летняе сонца свяціла праз вокны школьнага аўтобуса. У думках кожны з дзяцей пераносіўся ў недалёкае мінулае, калі на Ганненскім кірмашы было шматлюдна каля выставы фермерскай гаспадаркі “Верас”. Людзі з цікавасцю разглядалі каваныя рэчы: цмока, якога ўтрымліваў ланцужок; карэты, ля якіх тоўпіліся дзеці і маладыя пары, каб сфатаграфавацца; кулямёт, узяты “ў палон” хлопчыкамі; сланечнікі – своеасаблівы сімвал гаспадаркі…
Хваляванне ад хуткай сустрэчы з вядомымі на ўсю краіну гаспадарамі не пакідала юных вандроўнікаў. I вось апошні паварот з асфальтаванай дарогі на палявую, пыл доўгай стужкай цягнецца за аўтобусам, здалёк падказваючы гаспадарам, што госці вось-вось з’явяцца.
Размешчаная ў нізінцы аграсядзіба “Верас” паланіла сэрцы дзяцей непаўторнасцю, беларускасцю, заможнасцю і сучаснасцю. Нам была прадстаўлена магчымасць яшчэ раз убачыць простыя сялянскія рэчы, якія добра знаёмы нам з дзяцінства: плуг, сошку, касу, млын.
Раптам як у сапраўднай казцы дарогу нам перапыніў прыгожы паўлін. Ён важна распусціў перад намі хвост, нібы вітаючыся і запрашаючы прайсці далей. Да яго далучыўся другі, трэці… Пакуль дзеці аглядалі хатку Бабы Ягі, гладзілі каня ля карэты, фатаграфаваліся ля паравоза, да нас выйшла гаспадыня аграсядзібы Ірына Янаўна. З усмешкай на твары пацікавілася, як дабраліся, ці не стаміліся, ці не згаладаліся з дарогі. Вельмі абрадавалася, калі пачула беларускую мову, гасцінна запрасіла праходзіць.
815

Урокі ад Ірыны Янаўны

На імправізаванай бізнес-канферэнцыі “Увасабленне мары, або Як стаць гаспадаром слова і справы” жанчына расказала пра адзін з накірункаў дзейнасці фермерскай гаспадаркі “Верас” – аграэкатурызм. I, каб жыццёвыя ўрокі не прайшлі дарэмна, прапанавала дзецям на працягу двух дзён узяць на сябе ролю гаспадароў сядзібы. А калі ты гаспадар, то і паводзіць сябе трэба па-гаспадарску: навесці парадак у доме, каля яго, у вольны ад працы час знайсці занятак па душы. Гэтай парадай і кіраваліся дзяўчаты.
Разам з памочніцай Ірына Янаўна раздала дзяўчынкам пасцельную бялізну, і пад яе наглядам яны заслалі ложкі. Пасля, расклаўшы ўласныя рэчы па палічках, некаторыя з дзяўчынак узяліся праціраць пыл, падмятаць падлогу. Работу стараліся выканаць добра, каб не было сорамна перад гаспадыняй. Пакуль тая завіхалася на кухні (па вуліцы разносіўся такі пах, што аж казытала ў носе!), дзяўчаты з захапленнем разглядалі выставу прасаў, маслабоек, талерак, гладышоў, плеценага посуду. Многія ўспаміналі, што ў бабуль і прабабуль пад страхой дома некалі бачылі падобнае. У доме Ірыны Янаўны дзецям дазвалялася дакранацца да гэтых прадметаў. Назіраючы за князеўскімі вандроўнікамі, міжволі лаўлю сябе на думцы, што яшчэ большае ўражанне ад убачанага маглі б атрымаць гарадскія дзеці.
Экскурсію па тэрыторыі аграсядзібы вырашылі перанесці на вечар, а пакуль што накіраваліся ў абедзеную залу. Спачатку Ірына Янаўна прапанавала пазнаёміцца з меню. Тут перавага аддаецца беларускім стравам. Гэта добра, бо беларуская кухня – гэта здаровая кухня.
Размеркаваўшы абавязкі, дзяўчынкі накіраваліся за жанчынай. У дзве рукі дзеці вытрасалі бялюткія настольніцы. Ірына Янаўна расказвала сваім памочніцам, як правільна трэба накрываць стол для гасцей, якія прыборы выкарыстаць. За прыемнай размовай непрыкметна прыбралі абедзеную залу, пасля накіраваліся ў залу паляўнічага. Са сцен гля-
дзелі чучалы лясных жывёл, шкура воўка ўпрыгожвала лаўкі, рогі аленя здзіўлялі сваёй велічнасцю. У насценных нішах размясціліся хамякі. А якое багацце карцін!
I выразаныя з дрэва, і намаляваныя алеем, яны расказвалі пра розныя гістарычныя эпохі і падзеі. Усё так гарманіравала з бела-чорным колерам і стылем упрыгожання залы. Налюбаваўшыся інтэр’ерам, дзяўчынкі распачалі работу: падмялі падлогу, дапамаглі накрыць стол на трыццаць гасцей, расставілі посуд.
Узнагародай за работу стаў абед. 3 апетытам дзеці елі суп, клёцкі і катлеты, запілі ўсё кампотам з дамашнім пячэннем. Не забыліся пра тое, што яны не толькі госці, але і гаспадары на сядзібе, таму прыбралі за сабой посуд, акуратна вымылі яго, падрыхтавалі залу да вячэры. Пасля смачнага абеду дзяўчынкі прынялі ўдзел у інтэлектуальнай гульні “Прырода, экалогія і мы”.

Дакрануцца сэрцам да святыні

Праграма экалагічнай адукацыйна-выхаваўчай акцыі прадугледжвала наведванне аднаго са старэйшых помнікаў зямлі беларускай – Сынкавіцкай царквы-крэпасці. Нягледзячы на тое, што дарога была не адзін кіламетр, ногі дзяцей лёгка ступалі па пяску. Поле з жытам і кукурузай змяніла вясковая вуліца. Мы параў-налі дарогу да царквы з дарогай, якую паломнікі праходзяць да Тракельскай святыні. Чым бліжэй мы набліжаліся да храма, тым часцей сталі трапляцца машыны, якія рухаліся з намі ў адзін бок. Гледзячы на нумары, разумелі, што людзі з розных куточкаў Беларусі едуць, каб памаліцца ў Божым храме, каб прыкласціся да ікон, якія даюць надзею.
Яшчэ здалёк царква выклікала ў нас розныя пачуцці. А калі падышлі бліжэй, проста дух заняло ад велічнасці, масіўнасці і прыгажосці святыні. Знаёмства з храмам было б няпоўным, калі б мы не пабывалі ля святой крынічкі. 3 якім клопатам уладкавана гэтае месца! Хто стаміўся, можа прысесці на лавачках, схавацца ад сонечных промняў ці дажджу пад страхой альтанкі. Абмыўшы твары святой вадой (якая нібы выходзіць з мініяцюрнай царквы), дзеці набралі яе з сабою.

Пяць карысных спраў

Вярнуўшыся ў “Верас”, мы атрымалі запрашэнне на вячэру. Здавалася, беларуская бульба – часты госць на стале нашых юных вандроўнікаў. Аднак, прыгатаваная клапатлівай гаспадыняй і яе памочніцай, палітая тлушчам ад смажанай дамашняй каўбаскі, са свежапрыгатаваным салатам з капусты, агурка, аздобленым кропам, не пакінула абыякавым нікога. Нагуляўшы добры апетыт, дзеці з задавальненнем з’елі і па кавалачку пірага.
Здавалася, што насычаны на падзеі дзень пакліча дзяцей у ложак. Але,
удзячныя за цёплы прыём, дзяўчаты выказалі жаданне дапамагчы гаспадыні паліць кветкі, прапалоць і прарыхліць клумбы, падмесці сцежкі. Нашы дзяўчаты любяць працаваць! Каб справа ішла весялей, яны агучвалі планы на наступны год, калі зноў завітаюць у госці ў “Верас”.
Гасцявы дом мала чым адрозніваўся ад гасцініцы. Гаспадары да драбніц прадумалі абсталяванне і афармленне пакояў. Вытрыманыя ў сучасным стылі прадметы (адна- і двухмесныя ложкі, ВК-тэлевізары, мікрахвалевыя печкі, чайнікі, душавыя кабінкі, гарачая і халодная вада, санвузел) неслі вясковы каларыт: з густам размешчаныя старадаўнія рэчы, тканыя дываны і палавікі, насценныя шафы. Дзеці нават і не думалі скарыстацца рэчамі цывілізацыі: забыліся пра мабільныя тэлефоны і планшэты, тэлевізар. Развітальны вечар прысвяцілі выказванню ўражанняў ад праведзенага ў “Верасе” часу.

Новы дзень

Першыя сонечныя промні зазірнулі за фіранку дзесьці каля 5 гадзін раніцы. Паўліны крыкамі абвясцілі аб пачатку новага дня. На вуліцы чутны крокі вартаўніка, які пачаў займацца гаспадарчымі работамі. Дзецям хацелася застацца ў гасцях яшчэ не на адзін дзень, аднак гаспадыні трэба рыхтавацца да прыёму новых гасцей. Дзяўчынкі зноў прапаноўваюць сваю дапамогу: хуценька здымаюць пасцельную бялізну, засцілаюць ложкі новай, выбіваюць палавічкі, падмятаюць падлогу, праціраюць пыл. Дзесяць пар дзіцячых рук спрытна спраўляюцца з работай. Некалькі хвілін – і ўсё гатова.
Пакуль наводзілі парадак у пакоях, быў прыгатаваны сняданак з беларускім каларытам. Смажаныя яйкі з уласнага куратніка, шкваркі з каўбаскай, тваражок і аўсяная каша з мёдам і варэннем – хлопчыкі і дзяўчынкі са смакам дэгуставалі здаровую і карысную ежу.
Атрымаўшы зарад бадзёрасці, дзеці накіраваліся выконваць адно з заданняў акцыі: знайсці самае непаўторнае месца на тэрыторыі аграсядзібы, каб спыніць момант аб’ектывам фотакамеры. Фотаконкурс “Гэтая зямля твая і мая” выклікаў шмат эмоцый. Вызначыцца толькі з адным эпізодам было складана. Што з гэтага атрымалася, можна даведацца, зазірнуўшы на сайт Князеўскай гімназіі.
Вольга НАРУШ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Князеўскай гімназіі.
Фота аўтара.
P.S. Напэўна, шаноўныя чытачы, вы звярнулі ўвагу на тое, што галоўнай гераіняй, якая штохвілінна клапацілася пра нас, была Ірына Янаўна. Міхаіл Францавіч як сапраўдны мужчына адышоў крыху ў цень сваёй любай жанчыны, каб разам з намі і вамі любавацца яе дабрынёй, цеплынёй, гасціннасцю і клапатлівасцю.

Leave a Comment

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.