В Зельве прошли «Сакавіны» (обновлено)

8079

Сёлетнія “Сакавіны” пабілі ўсе рэкорды па колькасці гледачоў. Вялікая зала раённага цэнтра культуры і народнай творчасці была перапоўнена. Гэта гаворыць пра рост папулярнасці свята сярод зэльвенцаў.
Рыхтавалі “Сакавіны” работнікі зэльвенскай раённай бібліятэкі. Загадзя падбіралі кнігі для выставы, збіралі звесткі пра гасцей, манціравалі цікавы матэрыял для прэзентацыі, прадумвалі ход сцэнарыя…

8108

Пасля цёплага музычнага прывітання і ўручэння гасцям каравая вядучая Святлана Сонец прадстаўляе гасцей свята і дае слова Уладзіміру Мазго. Ініцыятар “Сакавін” лічыць сваім абавязкам расказаць аб зробленым за год ім самім, удзельнікамі мінулых “Сакавін” і поспехах землякоў.
Прыемна было пачуць, што двухразовы госць зэльвенскага паэтычна-музычнага свята Алег Елісеенкаў стаў заслужаным дзея-чам мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэатам прэміі Саюзнай дзяржавы. Доктар філалагічных навук прафесар Іван Саверчанка прызначаны дырэктарам інстытута літаратуразнаўства імя Я.Купалы цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Анатоль Зэкаў парадаваў чытачоў чарговым зборнікам пародый “Замарожаныя пачуцці”.
Апладысментамі сустрэла зала паведамленні Уладзіміра Мінавіча пра тое, што наш зямляк Валянцін Семяняка прыняты ў склад Саюза пісьменнікаў Беларусі, а выдавецкі дом “Звязда” выдаў новую кнігу Юркі Голуба для дзяцей “Птушыны радавод”. Сігнальны экзэмпляр кнігі, якую сам жа і рэдагаваў, Уладзімір Мінавіч паказаў гледачам.

8107
Пра сябе Уладзімір Мінавіч сціпла заўважыў, што для яго перыяд ад мінулых “Сакавін” быў не дужа плённым. Працуючы ў “Нёмане”, не злоўжывае сваёй пасадай намесніка галоўнага рэдактара і толькі ў месяц нараджэння просіць даць падборку сваіх вершаў (так што чытайце трэці нумар “Нёмана” і вершы Мазго ў перакладзе Анатоля Аўруціна). Некалькі вершаў Мазго прапануе чытачам і ў 15-м нумары “ЛіМ”.

8106
Узрушаны выступленнямі брата і сястры Казакевічаў (Стані-слаў выканаў песню “Мой родны кут”, а Станіслава “Вяртанне”), Уладзімір Мінавіч успомніў пра сваю маладосць, папулярнасць зэльвенскага ансамбля “Русічы”, у якім вядучым салістам быў Станіслаў Казакевіч. “Мая душа, зачараваная талентам Станіслава, адгукнулася, і я пачаў пісаць для “русічаў” свае першыя вучнёўскія вершы-песні, – узгадаў Мазго. – А першай прафесійнай песняй стала “Варажба” ў выкананні Іны Афанасьевай.
Паэт нагадаў яшчэ некалькі вершаў, што сталі песнямі: “Вербніца”, “Вернецца май”, “Святло вачэй”, “Бацькоўская хата”, “Вочы дзяцей”, “Косы твае”. Думаю, што многія могуць самі працягнуць гэты спіс і згадаць выканаўцаў. “Вернецца май” і “Дачнікі”– з рэпертуару Анатоля Ярмоленкі, “Абаронцы” і “Разам з песняй” – з рэпертуару ансамбля песні і танца Уз-броеных Сіл Рэспублікі Беларусь, “Незабава” і “Лістота разлук” – з рэпертуару Анжалікі Ют, “Гадзіна пік” і “Мне ўсё верыцца” – незабыўнага Якава Навуменкі…
Прадоўжыла тэму любові да роднага слова на Зэльвеншчыне загадчыца аддзялення дзённага знаходжання людзей пажылога ўзросту цэнтра сацыяльнага аб-слугоўвання насельніцтва Наталля Глушэня. Яна расказала гасцям аб дзейнасці створанага нядаўна літаратурнага клуба “Малюся Слову” і ўручыла гасцям сувеніры, зробленыя рукамі наведвальнікаў.

8109

Палетак Міколы чарняўскага
Адзін са старэйшых беларускіх пісьменнікаў Мікола Чарняўскі добра вядомы як дарослым, так і дзецям. Палетак яго творчасці неабсяжны. Больш чым 50 гадоў ён аддаў служэнню роднаму слову. Шмат яго твораў уключана ў школьныя падручнікі. За значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры Мікалай Мікалаевіч узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, літаратурнымі прэміямі імя Янкі Маўра і “Залаты купідон”, прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў. Ён выдатнік народнай асветы і друку Беларусі. Ганарыцца, што мае дыплом і медаль з выявай Васіля Віткі – ад-знакі прэміі , што прысуджаецца за лепшыя творы года, змешчаныя на старонках створанага “дзедам Васілём” часопіса “Вясёлка”. Дарэчы, наш зямляк Уладзімір Мазго таксама адзначаны гэтай прэміяй.
Ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёна пачаў сваё выступленне з успамінаў пра першае наведванне Зэльвы ў 1963 годзе.
З той пары пісьменнікам напісана больш чым 50 кніг, большасць з якіх прысвечаны дзецям. І гэта не дзіўна. На радыё Мікола Чарняўскі працаваў усяго 5 гадоў, а ўсё астатняе жыццё аддаў дзіцячым часопісам “Бярозка” і “Вясёлка”. У час працы ў гэтых выданнях меў нагоду не раз сустракацца з нашымі землякамі Уладзімірам Ягоўдзікам, Міхасём Скоблам, тым жа Уладзімірам Мазго. Радуецца іх поспехам, задаволены, што яны спраўдзілі яго спадзяванні. А святу, ініцыятарам якога стаў Мазго, “добры паэт і добры чалавек”, жадае доўгага веку.
Мікалай Мікалаевіч многа чытаў жартоўных твораў, падкрэсліваючы, што сюжэты для іх бярэ з жыцця.
Прадаўжальнік справы чарняўскага
Тыя , хто назіраў за закрыццём-пераўтварэннем часопіса для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту “Бярозка”, парадаваліся, што госць сёлетніх “Сакавін” Генадзь Аўласенка – адзін з тых, хто працягвае справу Чарняўскага і калег. Вядома, пакуль да тыражоў часоў Чарняўскага “Бярозцы” яшчэ далёка, але адно тое, што часопіс жыве, вельмі і вельмі радуе. Генадзь Пятровіч займае пасаду намесніка галоўнага рэдактара, яму блізкія творцы дзіцячай літаратуры. Сам ён пісаць пачаў адносна нядаўна: маючы педага-гічную адукацыю, 25 гадоў працаваў у школе. Як пажартаваў у пачатку свайго выступлення, ён – “шырокапрофільны” пісьменнік. Аднолькава віртуозна валодаючы дзвюма дзяржаўнымі мовамі, піша таксама на абедзвюх. З-пад яго пяра выходзяць і вершы, і п’есы, і аповесці, і казкі. Неяк дачка папрасіла напісаць дэтэктыў. Ён задумаўся над просьбай дачушкі і пачаў пісаць фантастыку. “Фантастыка ж, – усміхнуўся Генадзь Пятровіч, – гэта казкі для дарослых”. Вось так і з’явіліся творы “Ветерок и Крысиный Король”, “Удивительные приключения Ветерка из вентилятора”, “Вася Лайдачкін у краіне Шкодных Звычак”, “Уродка”, “Разрешите стать вашим слугой”, містычны трылер “История вместо математики”, “Ключ, які нічога не адчыняе” і інш.
На свяце Генадзь Аўласенка чытаў вершы, з якіх калісьці пачынаў пісьменніцкі шлях, а зараз плённа працягвае. Вельмі спадабаліся аўдыторыі “Верш, дзе ўсё наадварот”, “Бессардэчная”, “Кот-Варкоцік”, “дарослыя” вершы – “Пад дажджом дзяўчына танцавала”, “Кветкі – кахання сведкі”, “Сіла варажбы”, пародыі на творы вядомых паэтаў.
Паэт папрасіў залу не адгукацца на кожны верш, але як было ўстрымацца не паапладзіраваць вось такому “Вычарпальнаму адказу”:
– А вось чаму,
Скажы, Алесь,
Не могуць рыбы
Гаварыць?
– А сам ты
Пад ваду залезь
І паспрабуй там
Рот раскрыць.
Пошукі маладых
Маладое пакаленне пісьменнікаў Беларусі на “Сакавінах” прадстаўляла Яна Явіч. Яна працуе рэдактарам аддзела прозы і паэзіі газеты “ЛіМ”, часта выступае са шматлікімі публікацыямі і вершамі. Дзіця горада, дзяўчына рана навучылася чытаць, захапілася кнігамі, паступіла пасля школы на філалагічнае аддзяленне педага-гічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Стала сама шукаць сваё месца ў літаратуры. Хацелася, каб тое, што хвалюе яе, знайшло водгук у сэрцах іншых людзей. Матэрыял для першай кнігі збірала гадоў сем-восем. Гэта была “Утёна хочет знать”.
А нядаўна ў выдавецтве “Народная асвета” выйшла яе другая кніга “Самые цветочные сны”. Маладая пісьменніца спрабуе расказаць аб раслінным свеце так, каб было не толькі пазнавальна, але і цікава.
На “Сакавінах” Яна не чытала, як і Аўласенка, празаічных твораў, яна прадставіла сваю паэзію.
“Часы стенные бьют двенад-цать раз”, “Слова забыты на песне”, “В глубокой печали на фоне дождя”, “Двадцать первое. Ночь Ахматовой” – гэта толькі невялікая частка створанага Янай у апошнія гады. Як удзельніца
І Міжнароднага семінара маладых літаратараў Беларусі і Расіі, Яна верыць, што абавязкова знойдзе сваю сцяжынку і адшліфуе дадзены ёй Богам талент, як вопытны майстар дыямент.
Ад Елісеенкава да статкевіча
“Сакавіны” сталі святам не толькі паэзіі, але і музыкі з лёгкай рукі Елісеенкава. Менавіта ён стаў першым выканаўцам песень, аздобіў свята сваім талентам кампазітара і выканаўцы. Адбылося гэта яшчэ ў сценах роднай школы Ула-дзіміра Мазго ў далёкім 2003 го-дзе, калі “Сакавіны” яшчэ не былі раённым святам. Потым “Сакавіны” ўпрыгожвалі Якаў Навуменка, Дзмітрый Качароўскі… І вось сёлета яшчэ адзін вядомы выканаўца адгукнуўся на просьбу Уладзіміра Мінавіча – саліст ансамбля “Свята” Вячаслаў Статкевіч.
Ураджэнец Гродзеншчыны, ён добра ведае густы і захапленні землякоў, таму так многа знаёмых мелодый падарыў гледачам. “Бярозы ды сосны”, “Госць”, “Колькі ў небе зор”, “Полечка-трасуха”…
Адчуваючы гарачы прыём, спявак не раз сыходзіў са сцэны, запрашаў жанчын на танец.
Анатоль Зэкаў у эпіграме на Уладзіміра Мазго пісаў:
У Зэльву ён на “Сакавіны”
Вязе штогод сваю сябрыну,
І земляка за гэта вельмі
Вітае па-зямляцку Зэльва.
Ёсць за што, бо вельмі добрых гасцей прывозіць нам наш Мінавіч.
Яніна ШМАТКО.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.