В Зельве прошел праздник поэзии и музыки “Сакавіны”

Вось ужо 15 год па ініцыятыве Уладзіміра Мазго ў Зэльве праводзіцца свята паэзіі і музыкі “Сакавіны”. Уладзімір Мінавіч дзеліцца з землякамі сваімі здзяйсненнямі і марамі, думкамі і любоўю да малой радзімы. Спачатку сустрэчы з паэтам ладзіліся толькі для вучняў СШ №2, якую паэт калісьці закончыў. Потым ім стала “цесна” ў сценах адной школы, і свята паэзіі выйшла на раённы ўзровень. На Сакавінах традыцыйна прэзентуюцца новыя кнігі, адбываюцца завочныя падарожжы па мясцінах роднага краю, арганізуюцца выставы і агляды. Дзякуючы Уладзіміру Мазго, зэльвенскія Сакавіны наведалі многія цудоўныя творцы: Алена Таболіч, Юрка Голуб, Іван Сяргейчык, Ірына Войтка, Мікола Маляўка, Алег Елісеенкаў, Анатоль Грэкаў, Казімір Камейша і іншыя.

 

В Зельве прошел праздник поэзии и музыки “Сакавіны”

В Зельве прошел праздник поэзии и музыки “Сакавіны”

В Зельве прошел праздник поэзии и музыки “Сакавіны”

В Зельве прошел праздник поэзии и музыки “Сакавіны”

В Зельве прошел праздник поэзии и музыки “Сакавіны”


Сёлетні год – не выключэнне. На юбілейныя Сакавіны наш зямляк прыехаў не адзін. З вялікім задавальненнем згадзіўся ўбачыць малую радзіму свайго сябра кіраўнік сталічнага аддзялення пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў. Яшчэ адзін госць свята – малады паэт Рагнед Малахоўскі, адказны сакратар часопіса “Маладосць”. Упершыню вітаць зэльвенскія Сакавіны прыехалі члены абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале з яго кіраўніком Людмілай Кебіч.
У зале раённага Дома культуры сабраліся вучні школ пасёлка, мясцовая інтэлігенцыя, ветэраны вайны і працы, работнікі ўстаноў культуры раёна.
Песняй “Вяртанне” на словы Уладзіміра Мазго адкрыла мерапрыемства Станіслава Прызван. 15 гадоў таму назад гэтую песню спецыяльна для сустрэчы з земляком стварылі яна і выкладчык дзіцячай школы мастацтваў Аляксандр Сямёнчык. 
Затым гасцей ад імя літаратурнага аб’яднання “Зоры над Зальвянкай” пры раённай газеце “Праца” вітала галоўны рэдактар выдання Клаўдзія Крэчка. Яна расказала пра літаратурныя праекты, якія рэалізуюцца на старонках газеты, пра таленавітых зэльвенцаў, творы якіх з вялікім задавальненнем друкуюцца ў паэтычных выпусках, падзякавала Уладзіміру Мазго за цеснае супрацоўніцтва.
Першым з гасцей слова трымаў Уладзімір Мінавіч. З трапяткім хваляваннем ад сустрэчы з радзімай ён адзначыў, што, калі ехалі ў Зэльву, адчулі, што і сонейка засвяціла ярчэй, і кветкі расцвілі – быццам бы Сакавіны прынеслі сапраўдную вясну. Паэт заўважыў, што гэты год багаты на розныя падзеі і юбілеі: 130-годдзе Я.Купалы і Я.Коласа, 100-годдзе М.Танка і 90-годдзе часопіса “Полымя”. І яшчэ адзін, асабісты, юбілей адкрыў Уладзімір Мінавіч па дарозе ў Зэльву: 25 гадоў таму выйшла першая кніжка Міхася Пазнякова “Дзіўныя блізняты”, літаратурным рэдактарам якой і пашчасціла быць Мазго.
У гэтым годзе ва Уладзіміра Мазго выйшлі адразу дзве кнігі: зборнік вершаў і казак для маленькіх чытачоў “Лепшыя сябры”, а для дарослых – зборнік паэзіі і прозы “Сакавіны”. Паэт парадаваў землякоў некалькімі новымі вершаванымі творамі.
З уласцівай яму цеплынёй, Уладзімір Мінавіч прадставіў сваіх лепшых сяброў па літаратуры і творчасці. Разам з Міхасём Пазняковым ён шмат гадоў працаваў у выдавецтве “Юнацтва”. Затым Міхаіл Паўлавіч быў галоўным рэдактарам гэтага выдавецтва, працаваў галоўным рэдактарам часопісаў “Вожык”, “Нёман”, а цяпер ён узначальвае сталічнае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У яго ёсць шмат кніжак і ўзнагарод. Сваё выступленне Міхась Пазнякоў пачаў з таго, што падзякаваў Уладзіміру Мазго за запрашэнне на свята. “Калі сябруеш з чалавекам незвычайным і таленавітым, шчырым, – заўважыў Міхаіл Паўлавіч, – а ён менавіта такі, ваш знакаміты зямляк, абавязкова хочацца пабываць у яго на радзіме, па-глядзець на тыя бары, рэчкі, азёры, якія таксама, як і людзі, і кнігі, выхоўвалі ў ім чалавека, сапраўднага паэта, якога не можа быць без вялікай любові да сваёй радзімы, зямлі, народа. Я прыехаў па-кланіцца цудоўнай Зэльвеншчыне. Пільна ўглядаўся ў краявіды: хацелася разгадаць, што паўплывала на Уладзі-міра, і ён стаў такім шчырым, прыгожым чалавекам і таленавітым паэтам”.
Міхась Пазнякоў піша на розныя тэмы для дарослых і дзяцей, працуе ў шматлікіх жанрах, займаецца навукай, перакладамі. Аўтар прачытаў некалькі сваіх твораў. Асабліва прыязна сустрэла зала яго вершы пра родную мову і кнігу.
Другі сябар Уладзіміра Мінавіча – Рагнед Малахоўскі – нарадзіўся ў Магаданскай вобласці, але сваёй бацькаўшчынай лічыць Нарачанскі край. У яго паэтычная душа: ён піша і музыку, і вершы.Паэт працуе ў часопісе “Маладосць” і сардэчна запрасіў тых маладых людзей, якія пішуць вершы, дасылаць свае творы на яго імя. Рагнед прачытаў вершы са свайго дэбютнага зборніка “Беражніца”. А на заканчэнне выступлення пажадаў святу “Сакавіны” працягваць цудоўную традыцыю, закладзеную Уладзімірам Мазго. І, па традыцыі асабістай, уручыў сваю кнігу самай уважлівай слухачцы з залы.
Узрушана падзякавала за запрашэнне на Сакавіны і кіраўнік абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Людміла Кебіч: “Я шмат разоў чула пра Сакавіны, і мне вельмі прыемна быць іх удзельніцай. Я ваша суседка. Нарадзілася і вырасла ў Ваўкавыскім раёне ў знакамітай мясціне –пасёлку Краснасельскі.Вельмі люблю сваю радзіму, ганаруся ёю. І вершаў пра яе ў мяне нямала. Прапускаю іх праз сваю душу, таму яны вельмі лірычныя”. Акрамя вершаў Людміла Антонаўна выканала некалькі сваіх песень (доўгі час яна выкладала тэорыю музыкі ў Гродзенскім каледжы мастацтваў).
Яшчэ адна госця з Гродна, Галіна Самойла, прыгадала, што памятае Уладзіміра Мінавіча з дзяцінства. Яны ў адзін час друкаваліся ў часопісе “Бярозка”, і ўжо тады яна звярнула ўвагу на творы свайго равесніка і ў некаторай ступені земляка.Чаму земляка? Галіна– сваячка Леаніда Касцевіча, сына паэта Міхася Васілька (Касцевічы, як вядома, жылі і працавалі ў Зэльве). Адзін з вершаў, які чытала госця, быў прысвечаны рана памерлай жонцы Міхася Васілька.
На памяць аб сустрэчы арганізатары свята – работнікі аддзела культуры райвыканкама – уручылі гасцям сувеніры і запрасілі на Сакавіны-2013.

Валянціна МАСЮК, 
загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.