Версия для слабовидящих

Кандрат Крапіва: чалавек, які навучыў нас думаць і смяяцца над сабой

Просмотры: 205

Кандрат Крапіва: чалавек, які навучыў нас думаць і смяяцца над сабой

Кандрат Крапіва: чалавек, які навучыў нас думаць і смяяцца над сабой

Сёння б пісьменніку споўнілася 130 гадоў.

Да 130-годдзя народнага пісьменніка БССР, Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР, заслужанага дзеяча навукі.

Ён узяў сабе псеўданім пякучай расліны і стаў сапраўдным сімвалам беларускай вострай думкі. Кандрат Крапіва (сапраўднае імя - Кандрат Кандратавіч Атраховіч) нарадзіўся ў беднай сялянскай сям'і ў вёсцы Нізок пад Мінскам у 1896 годзе. Прайшоў праз чатыры вайны, страціў сына пад Сталінградам, але не страціў галоўнага - веры ў сатырычнае слова як зброю супраць несправядлівасці.

Яго байкі, вершаваныя фельетоны, сатырычныя вершы - сапраўднае люстэрка, у якім кожная эпоха бачыць сябе. Сённяшнія чытачы пазнаюць у іх знаёмыя тыпажы: падхалімаў, што «ні бэ, ні мя», а любяць «гучнае імя»; кар'ерыстаў, гатовых «перабегчы дарогу» дзеля пасады; пустазвонаў, што «мелюць, мелюць, а нічога не зразумееш». Гэта творы, якія вучаць бачыць чорнае і белае, разумець сапраўдную каштоўнасць жыцця. Яго п'есы «Хто смяецца апошнім», «Мілы чалавек», «Брама неўміручасці» ды іншыя і сёння не страцілі актуальнасці: героі - пляткары, інтрыганы, халяўшчыкі - знаёмыя ўсім нам тыпы. Персанажы Крапівы з твораў «Дыпламаваны баран», «Ганарысты парсюк», «Сава, Асёл і Сонца», «Коршун і Цецярук» сталі сімваламі чалавечых слабасцей. Але яго творчасць - сімбіёз вострага розуму і цёплай чалавечнасці, дзе сатыра не крыўдзіць, а вылечвае, - сведчыць: дабро абавязкова пераможа!

кандрат крапіва (6).jpg


 

Народны філосаф і гуманіст пісаў хлёстка, але справядліва. Ён здолеў аб'яднаць злабадзённыя вобразы часу з глыбіннымі праблемамі агульначалавечай маралі ды спрадвечнымі духоўнымі каштоўнасцямі. Не крыўдзіў дзеля крыўды, а лячыў, абуджаў смехам. Як сам казаў: «Сатыра - гэта не зларадства, а клопат пра чалавека». Менавіта таму яго словы і сёння трапляюць у самае сэрца.

кандрат крапіва (7).jpg

Цікава, што многія свае шэдэўры народны пісьменнік напісаў на трафейнай нямецкай друкарскай машынцы - той самай, што прывезлі з вайны. Гэта як сімвал: зброю ворага ператварыць у зброю праўды. Ён ведаў пяць моў, складаў слоўнікі, працаваў над дыялекталагічным атласам Беларусі, рэдагаваў часопіс «Вожык», але заўсёды заставаўся тым самым хлопцам з вёскі, які «хацеў умяшацца ў жыццё і сёе-тое ў ім паправіць». Паправіць словам…

- Для дзеда слова мела фундаментальнае значэнне, - расказвае ўнучка пісьменніка, кандыдат мастацтвазнаўства, загадчыца кафедры дызайну моды БДУ і праваабладальніца спадчыны пісьменніка Алена Атраховіч. - Ён шчыра верыў у сілу слова, бачыў у ім не толькі сродак камунікацыі, але і інструмент праўды, фарміравання думкі, выхавання душы, эстэтыку жыцця. За вострай сатырай хаваўся чалавек глыбокай мудрасці і цёплага гумару. Ён ніколі не павышаў голасу, любіў свой яблыневы сад, рыбалку і шахматы. Гуляў з праўнучкай у словы і нават стварыў для яе кнігу «Загадкі дзеда Кандрата». Для нашай сям'і гэта вялікае шчасце - захоўваць яго ўнікальны чалавечы і пісьменніцкі вопыт.

крапіва з сынам Ігарам, нявесткай і унукамі Аленай і Міколам.png
крапіва з сынам Барысам 1942.jpg

Да 130-годдзя класіка беларускай літаратуры ў Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстава «Шлях да неўміручасці». Там - не толькі прыжыццёвыя выданні і рукапісы, але і інтэрактыўныя элементы: паштоўкі з фрагментамі баек, магчымасць пачуць іх у акцёрскім выкананні, нават QR-коды на аўдыёверсіі. Арганізатары задумалі гэта не як музейную экспазіцыю, а як жывы дыялог: каб кожны наведвальнік мог лепш зразумець Крапіву і атрымаць «інструкцыю» па жыцці: як глядзець праўдзе ў вочы, як смяяцца над сваімі памылкамі, як захоўваць годнасць у любым стане. Выставы і мерапрыемствы ў гонар Кандрата Крапівы праходзяць па ўсёй краіне.

Любімы пісьменнік верыў, што словы могуць змяніць свет. І яны мяняюць, робячы нас крыху лепшымі! Чытайце Крапіву. Усміхайцеся разам з ім. Сапраўднае слова не старэе…

крапіва з праўнучкамі.jpg

ГП

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!