Ученики СШ №2 из г.п.Зельва побывали в г.Пружаны Брестской области

На беларускай зямлі захавалася многа каштоўных гісторыка- культурных помнікаў, якія адлюстроўваюць дух нашага чароўнага краю. Каб дакрануцца да скарбаў Беларусі, вучні СШ №2 штогод адпраўляюцца ў самыя розныя падарожжы. На гэты раз вучні 8-х класаў разам з класнымі кіраўнікамі пабывалі ў г.Пружаны Брэсцкай вобласці. 

 

Ученики СШ №2 из г.п.Зельва побывали в г.Пружаны Брестской области

Ученики СШ №2 из г.п.Зельва побывали в г.Пружаны Брестской области

 

Першы прыпынак на маршруце – музей “Пружанскі палацык”. Гэты будынак сядзібна-паркавай архітэктуры – адзіны, што захаваўся на тэрыторыі Беларусі. Аўтарам праекта палаца лічыцца італьянскі архітэктар Ф.Ланцы. Галоўнае, чым славілася сядзіба ў мінулым – аранжарэя, падобнай якой не было нават у Радзівілаў. 
Раённы краязнаўчы музей адкрыўся на тэрыторыі сядзібы ў 1999 годзе. Штогод тут прымаюць экскурсіі, праводзяць музычна-літаратурныя вечарыны, навуковыя канфэрэнцыі, арганізоўваюць мастацкія, края-знаўчыя і адукацыйныя выставы. У музейным фондзе 1399 экспанатаў.
На першым паверсе палаца адноўлена зала для балю. У інтэр’еры тут вылучаецца раяль і палотны мастакоў XVII стагоддзя. Да яе прымыкае зала кветак –месца адпачынку, аддзеленае шчыльнай завесай, каб гукі музыкі не перашкаджалі стомленым. Ад былых гаспадароў застаўся камін, старажытны напольны гадзіннік і рэшткі зімовага саду.
Адна з залаў музея адведзена пад экспазіцыю – дыяраму пра жывёльны свет пушчы: тут і лятучая мыш, і алень, і пугач… Цішыню залы парушае заморская госця – жывая канарэйка, якая стварае атмасферу прысутнасці ў царстве прыроды. Побач – паляўнічы кабінет з трафеямі: шкурамі дзіка на сценах і падлозе, галовамі вепра і аленя, чучаламі драпежных птушак. у наступнай зале прадстаўлена выстава вырабаў мясцовага самабытнага народнага майстра – рэзчыка па дрэве Мікалая Тарасюка. Дрэва і салома – асноўны матэрыял, з дапамогай якога аўтар стварыў цікавыя сцэнкі з побыту жыхароў вёскі.
На другім паверсе палаца таксама некалькі экспазіцый. У асобнай зале – карціны мясцовых аўтараў, розныя па тэхні-цы выканання і па часе стварэння, але аб’яднаныя агульнай тэмай: Пружаны і яго жыхары ў розныя часы.
У вялікай зале арганізавана персанальная выстава мастака з Пружанаў – Рыгора Печнікава “Сілуэты”. Дастаткова пераступіць парог пакоя – і адразу стане зразумелым, чаму выстава мае такую назву. Усе сцены завешаны графічнымі работамі Рыгора Піліпавіча (усяго іх – 508!). Створаныя ў 60 – 70-х гадах, яны закліканы пазнаёміць наведвальнікаў са шматграннай творчасцю аўтара, звярнуць увагу на асаблівы позірк мастака на навакольную рэчаіснасць, зафіксаваны на паперы.
А які ж краязнаўчы музей без этнаграфічнай экспазіцыі?! Ёсць яна і ў пружанскім палацы. Адпаведная зала падзелена на часткі –“пакоі”, якія знаёмяць экскурсантаў з побытам беларускага селяніна XVIII – XIX ст. Тут і ткацкі станок – кросны, і прылада для механічнай апрацоўкі лёну і воўны ў хатніх умовах – калаўрот, драўляны і гліняны посуд, плеценыя кашы, і шмат чаго іншага. Асобная сцяна занята вырабамі мясцовай майстрыхі Святланы Швед “Вышываная казка”. Сярод работ – вязаныя лялькі, сурвэткі, ручнікі, вышытыя карціны, стылізаваны лялечны народны тэатр – батлейка.
У апошняй зале музея, якая завяршае экскурсію па палацы, знаходзяцца старажытныя іконы і царкоўныя тэксты, а таксама прадметы, звязаныя з царкоўнымі абрадавымі дзеямі. У экспазіцыі захоўваецца драўляная ікона XVI ст. “Тайная вячэра”.
Далейшы шлях ляжаў у лядовы і водны палацы. Дзень прайшоў як адно імгненне. Стомленыя, але задаволеныя, экскурсанты вярталіся дадому, каб падзяліцца сваімі ўражаннямі з аднакласнікамі, бацькамі і сябрамі. І гэтых уражанняў, думаецца, хопіць надоўга.

Наталля Ступчык,

кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея СШ №2 г.п.Зэльва.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.