У Зэльве прайшоў II тур занальнага агляду абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”

2297 На гасціннай зэльвенскай зямлі, шчодрай на таленты, прайшоў II тур занальнага агляду абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”. Ён сабраў захавальнікаў народнай творчасці з Ваўкавыскага, Мастоўскага, Шчучынскага і нашага раёнаў. 2298 Кожны раз, калі даводзіцца бываць на фестывалях фальклорнага мастацтва, назіраць за асаблівасцямі таго ці іншага краю, душа напаўняецца павагай да людзей, якія збіраюць, зберагаюць і перадаюць ад пакалення да пакалення беларускія традыцыі. Тое, што адбывалася на сцэне раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, нагадвала і музей сялянскага побыту, і архіў песеннага і танцавальнага фальклору, і школу, у якой вучаць народнай творчасці. Яркай адметнасцю свята з’яўляўся ўзроставы склад творчых калектываў: ад сямідзесяцігадовых жанчын – захавальніц песень, баек, прыпевак – да дзесяцігадовых хлопчыкаў і дзяўчынак – пераймальнікаў традыцый бабуль. Так, напрыклад, “Котчынскую кадрылю” ўдала ў гэтым плане прадэманстравалі артысты Мастоўшчыны. Энергічны танец змог зацікавіць розныя пакаленні мастаўчан. Фальклорны гурт “Дударыкі” з Гудзевіцкага цэнтральнага дома культуры паказаў свята Юр’я, дзе цудоўна пераклікаліся галасы старэйшых жанчын з дзіцячымі ў песнях “Стаіць гара высока”, “Ехаў Ясь на кані”, “Ой, хацела ж мяне маці” і іншых. 2299 Цёпла сустракалі гледачы і выступоўцаў са Шчучыншчыны. Уразіла шматгалоснае выкананне старадаўніх песень народнай фальклорнай групай “Вяргіні”, якой больш за 60 гадоў. За гэты час творчы калектыў паспеў пабываць у розных куточках Беларусі, пазнаёміў з нашымі рамёствамі, танцамі і песнямі палякаў і літоўцаў. Дастойна на сцэне фестывалю быў прадстаўлены шчучынскі дзіцячы ўзорны фальклорны калектыў “Скарбоначка”. Народна-песенную культуру і традыцыі Ваўкавыскага раёна прыгожа дэманстравалі народны фальклорны гурт “Чараўніцы” і дзіцячы фальклорны танцавальны калектыў “Васілёк”. 2301 Каларыт беларускіх народных танцаў перадалі выхаванцы Зэльвенскай дзіцячай школы мастацтваў. Падлеткі раёна надзвычай актыўныя ў сваім жаданні пазнаваць не толькі асобныя элементы танцаў, але і ўвогуле народныя традыцыі, якія бытавалі ў родным краі. Так, узорны аматарскі калектыў “Кашалёўская скарбонка” паказаў асноўныя моманты падрыхтоўкі да вяселля, якіх у абавязковым парадку прытрымліваліся раней продкі. Дарэчы, школьнікі праводзяць фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі па тэрыторыі сваёй мясцовасці. Ім удалося адрадзіць некаторыя народныя абрады, са-браць шмат загадак, гульняў, выслоўяў. Шануюць на Зэльвеншчыне і народныя песні. Напрыклад, “Зязюля”, запісаная ад Надзеі Лазуты яшчэ ў пачатку XX стагоддзя, гучыць і сёння ў выкананні хормайстра аддзела па арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці жыхароў аг. Бародзічы Марыны Сядач. Песні “Ой, у вішнёвым садзе” і “У садзе пры даліне” запісаны са слоў чырванасельскіх жанчын Веры Каўчун і Соф’і Цярэшка. На фестывалі яны цудоўна гучалі ў выкананні фальклорнага гурта вёскі. За захаванне беларускай спадчыны калектыў з 30-гадовым стажам неаднаразова адзначаўся граматамі райвыканкама, упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама. 2300 Няспынна працуюць над захаваннем мясцовых песенных традыцый творчыя калектывы аграгарадкоў Крывічы і Дабрасельцы. Многія з вакалістаў – ужо людзі сталага ўзросту, але спяваюць з юнацтва песні сваіх матуль і бабуль, з ахвотай перадаюць фальклорную спадчыну маладым выканаўцам. З беларускімі народнымі, абрадавымі, жартоўнымі творамі яны выступаюць на святах фальклору як раённага, так і абласнога значэння. Самадзейныя артысты Зэльвеншчыны – прадаўжальнікі і вусна-паэтычнай творчасці. Багацце рэгіянальнага літаратурнага фальклору Ганна Жамойціна, хормайстар аддзела па арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці жыхароў аг. Дзярэчын, перадала ў час фестывалю праз казку, запісаную ў 40-х гадах ад мясцовага казачніка Івана Макея. Якое ж свята без “Грабаўскай кадрылі”?! І на гэты раз прысутныя ў зале атрымалі надзвычай прыемныя ўражанні ад танца. Пачынальнікі Марыя Сліж і Зінаіда Грынцэвіч некалі выконвалі яго толькі ў Грабаве. А зараз, дзякуючы творчаму калектыву аддзела па правядзенні культурных мерапрыемстваў цэнтра культуры і народнай творчасці, кадрыля стала візітнай карткай раёна. На свяце фальклору прысутнічала шмат моладзі. Самыя актыўныя і цікаўныя мелі магчымасць прыняць удзел у майстар-класах, якія давалі зэльвенскія жанчынырукадзельніцы. Госці набылі для сябе сувеніры і абярэгі, якія прапаноўвалі майстры раённых Дамоў рамёстваў. Ва ўсіх гэтых момантах яскрава падкрэслівалася значнасць такіх мерапрыемстваў. Людміла ПОПКА.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.