У раённай бібліятэцы ўшаноўвалі жанчын-маці. Дзеці многіх з іх сталі гонарам не толькі Зэльвеншчыны, але і Беларусі

Напярэдадні Дня маці ў раённай бібліятэцы за салодкім сталом сабраліся жанчыны-маці – актыўныя чытачкі бібліятэкі. Сярод іх былі маладыя і старэйшыя, маладзетныя і шматдзетныя; тыя, чые дзеці яшчэ малыя, і тыя, дарослыя дзеці якіх – гонар не толькі бацькоў, але і ўсёй Зэльвеншчыны.

Першай віталі Алену Віктараўну Жукоўскую, маці пецярых цудоўных дзяцей, якая ў гэтым годзе ўзнагароджана Ордэнам Маці. Яна расказала пра кожнага свайго “любімчыка”, падзялілася сямейнымі традыцыямі і любімымі справамі ўсёй сям’і.

Было што сказаць пра сваіх дзяцей Святлане Міхайлаўне Качук, Але Васільеўне Мяньчэні, Святлане Аляксандраўне Матах, Алене Васільеўне Мартынчык і іншым, што гадуюць або выгадавалі па трое-чацвёра дзяцей. Яны расказвалі і пра сыноў-дачок, і пра ўнукаў-праўнукаў.

Ніна Іванаўна Шчамялёва і Людміла Аляксееўна Шышко – маці сыноў, якія сталі гонарам і Зэльвеншчыны, і ўсёй Беларусі. Андрэй Васільевіч Шчамялёў – урач-нейрахірург, які мае ў сааўтарстве каля 40 навуковых работ, распрацаваў 6 патэнтаў, загадвае нейрахірургічным аддзяленнем Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі, рукі якога выратавалі не адно чалавечае жыццё.

Аляксей Сцяпанавіч Шышко – член Саюза дызайнераў Беларусі, вядомы сваімі праектамі і брэндамі ў многіх краінах свету. Партрэты абоіх таленавітых зэльвенцаў упрыгожвалі фотагалерэю ў цэнтральным скверы пасёлка падчас 760-гадовага юбілею Зэльвы, а зараз змешчаны ў чытальнай зале раённай бібліятэкі.

Імя таленавіцейшай жанчыны Зэльвеншчыны Алены Станіславаўны Кароза занесена ў раённую Кнігу Славы. Яна падарыла ўсім прысутным некалькі сваіх цудоўных вершаў, прысвечаных маці.

Арганізатар сустрэчы – загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Валянціна Масюк – сардэчна падзякавала ўсім прысутным маці, пажадала здароўя, сямейнага дабрабыту і падтрымкі членаў сям’і ў такой складанай, адказнай і высакароднай справе – выхаванні дзяцей і ўнукаў.

Яніна Шматко

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.