У рамках Ганненскага кірмашу прайшла навукова-практычная канферэнцыя “Сынкавіцкая царква – сакральнасць і таямніцы”

Удзельнікі традыцыйнай навукова-практычнай канферэнцыі, якая ладзіцца штогод у рамках Ганненскага кірмашу, сабраліся ў будынку аддзела па арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці жыхароў аг.Елка. Сярод запрошаных – намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Семяняка, настаяцель царквы святога Архангела  Міхаіла ў в. Сынкавічы пратаіерэй Арсеній Ананка, прафесар Мінскай духоўнай семінарыі і акадэміі Мітрафорный пратаіерэй Віталій Антонік, кандыдат багаслоўя, протадыякан Павел Бубноў, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі архітэктуры архітэктурнага факультэта БНТУ Генадзій Лаўрэцкі, доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ Святлана Марозава, інжынер-мадэліст РУП “Белтелеком” Ігар Адасік, лабарант вучэбна-метадычнага кабінета факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ Ксенія Адасік. Сёлетняя тэматыка “Сынкавіцкая царква – сакральнасць і таямніцы” была цікавай як для навукоўцаў і гісторыкаў, святароў і краязнаўцаў, так і настаўнікаў, бібліятэкараў і парафіян.

Асноўныя пытанні, якія абмяркоўвалася на мерапрыемстве, тычыліся, па-першае, даты пабудавання і майстроў будоўлі ўнікальнага храма-крэпасці, асабістага ўклада святароў у захаванне будынка, як гістарычнай архітэктурнай каштоўнасці, як рэлігійнай крыніцы-таямніцы. На канкрэтных прыкладах, а гэта і надпісы на сценах царквы, і элементы архітэктуры, і матэрыялы, з якіх узведзены будынак, старшыня архітэктурна-мастацкага Савета Беларускага Экзархата Генадзій Лаўрэцкі паказаў, наколькі пабудова цікава, як храм і як крэпасць архітэктарам, гісторыкам і навукоўцам.

Вялікая даследчая праца праведзена протадыяканам Паўлам Бубновым у супрацоўніцтве з айцом Арсеніям  па вывучэнні гісторыі прыхода храма ад часу стварэння будынка да нашых дзён. Даследаванні, вывады, у тым ліку абаснаваныя на архіўных матэрыялах, знайшлі сваё адлюстраванне ў новым, зусім нядаўна пабачыўшым свет выданні пад назвай  “Крепость духа: история и современность православного прихода храма святого Архистратига Михаила в Сынковичах”. Фаліянт быў падпісаны кандадатам багаслоўя ў падарунак вучням  школ і наведвальнікам бібліятэк.

Пратаіерэй Віталій Антонік паведаміў, што ў апошнія гады вельмі шмат зроблена ў плане вывучэння гісторыі царквы і ёсць усе падставы лічыць, што храм-крэпасць быў узведзены ў 15 стагоддзі. Але ёсць і грэчаскія надпісы, якія адносяцца да 12 стагоддзя. Таму ёсць над чым працаваць, ёсць, што даследаваць і што вывучаць. Галоўнае, не спыняцца на дасягнутым і працягваць архітэктурныя даследаванні. Айцец Віталій адзначыў вялікі ўклад настаяцеля храма Арсенія Ананка ў рэстаўрацыю будынка і аднаўленне служб у царкве.

 У сваю чаргу, пратаіерэй Арсеній падкрэсліў, што царква – перш за ўсё гэта святое месца, да якога імкнуцца тысячы і тысячы людзей з усёй Беларусі і замежжа. Духоўнае адраджэнне, вера людзей – вось той імпульс, які надае сілы працаваць, вывучаць і захоўваць. Час не сцёр дакладнае пасведчанне аб узнікненні храма, ёсць новыя версіі наконт паходжання будынка. Усё гэта наша гісторыя і галоўная ў ёй старонка – на Сынкавіцкай зямлі захаваўся ўнікальны памятнік архітэктуры і рэлігіі, якім мы можам ганарыцца, які павінны захаваць.

Людміла ПОПКА.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.