У коровы молоко на … пастбище

У коровы молоко на ... пастбище

Летні пашавы перыяд лічыцца парой вялікага і адносна таннага малака. Падчас яго жывёлаводы сельгаспрадпрыемстваў атрымліваюць самыя высокія надоі, якія забяспечваюць маладая сакавітая трава з канцэнтраванымі дабаўкамі. А сонечныя ванны ды багатыя росы спрыяюць умацаванню здароўя жывёлы.   

Сёлета пашавы перыяд у гаспадарках раёна пачаўся ў першых чыслах красавіка. Як адзначаюць спецыялісты, перавод малочнага статка на пашавае ўтрыманне патрабуе некаторага часу для адаптацыі жывёлы да новых умоў. У гэты перыяд магчыма зніжэнне надояў малака, аднак пры багатым зялёным травастоі недабор прадукцыі хутка  кампенсуецца. Спачатку жывёла выганяецца на некалькі гадзін,  потым  час яе знаходжання на пашы павялічваецца. Пачыналі выпасваць кароў па азімых зерневых, якія спецыяльна з восені высяваюцца дзеля гэтых мэт, а таксама па свірэпіцы. У канцы красавіка, калі вырас добры травастой, усе гаспадаркі перавялі жывёлу на пашу. Пасля гэтага, напрыклад, у СВК “Галынка”,  рэа-лізацыя  малака ў параўнанні з папярэднімі месяцамі ўзрасла больш чым на чатыры тоны.
–  Малочны статак мы пачалі пасвіць з 26 сакавіка, – расказвае галоўны заатэхнік гаспадаркі Жанна Бадзяк. – Спачатку па азімых зерневых, а нядаўна перавялі на інтэнсіўныя  пашы з шматкампанентным наборам траў. Сярэднясутачныя надоі малака ад кожнай каровы ў параўнанні са стойлавым утрыманнем павялічыліся больш чым на кілаграм. Найбольшая прыбаўка дасягнута на ферме “Дзярэчын”: валавы надой ад каровы павялічыўся на 1200 кілаграмаў. Ёсць істотны рост малака і на ўсіх астатніх фермах. Мяркуем, што надоі і далей будуць расці.
Спачатку на кругласутачнае  пашавае ўтрыманне  перавялі  гурты з фермы “Галынка №1” (в.Клімавічы), затым і з МТФ “Дарагабушка” і “Угрынь”. У мэтах аздараўлення выганяем на пашу 140 сухастойных кароў з МТФ “Вострава”. Астатнія знахо-дзяцца на беспрывязным стойлавым утрыманні.
За кожным гуртом замацаваны па два пастухі. Падабралі адказных і вопытных людзей. Жанна Іванаўна задаволена работай Дзмітрыя Буйкевіча, Віктара  Галаванава, Аляксандра Ярмоліка, Віктара Халецкага, Віталія Карпука і Пятра Пяцько.
Разам з Жаннай Бадзяк накіроўваемся да галынкаўскага гурта. Бачна, што да  пашавага перыяду тут падрыхтаваліся ўсебакова. Устаноўлены спецыяльны домік на колах, у якім пастухі могуць па чарзе адпачыць, схавацца ад дажджу. Паклапаціліся і пра жывёлу: завезлі тры вялікія ёмістасці з вадой, у кармушках ёсць соль і сена.  Страўліванне травастою праводзіцца згодна з распрацаванай схемай. За гуртамі замацаваны ўчасткі пашы з разліку 0,4 гектара на рагулю. Каб недапусціць перарастання травы, бу-дзе праводзіцца яе пастаяннае падкошванне.  Для далейшага паляпшэння якасці пашы ў гаспадарцы закупілі значную колькасць насення. Травасумесь складаецца з сямі і болей кампанентаў.
Не менш важны фактар на шляху да вялікага і таннага малака – дзейсны матэрыяльны стымул жывёлаводаў. Аплата працы работнікаў ферм і пастухоў устанаўліваецца ў залежнасці ад колькасці і якасці прададзенай прадукцыі з улікам прыбаўкі да леташняга перыяду. Аб гэтым усе зацікаўленыя добра праінфармаваны. Напрыклад, пастух Дзмітрый Буйкевіч, з якім нам удалося пагутарыць, з веданнем справы расказаў аб тэхналогіі выпасу малочнага статка. Ён добра разумее, што ад колькасці малака, якое ў каровы на языку, залежыць яго заработная плата. Пагэтаму ён не адбывае, як кажуць, дзень, а стараецца, каб каровы вярнуліся з пашы сытымі.

Присоединяйтесь к нашему каналу    

Leave a Comment

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.