У гэтым годзе споўнілася б 80 гадоў з дня нараджэння адзінага ў раёне Героя Сацыялістычнай Працы Аляксандра Жамойціна.

2125 Мы сустрэліся з людзьмі, якія добра памятаюць Героя, і на аснове ўспамінаў дзясяткаў чалавек падрыхтавалі матэрыял – даніну памяці светламу чалавеку, вялікаму працаўніку і патрыёту Зэльвеншчыны.

Самае дарагое на зямлі месца

Малая радзіма А.А. Жамойціна – в. Самаравічы Крамяніцкага сельсавета. Тут ён нарадзіўся, вучыўся, сталеў, дапамагаў бацькам. Адсюль пайшоў служыць у пагранічныя войскі, сюды ж вярнуўся пасля службы. Пакуль знайшоў сваю справу, перабраў некалькі прафесій. Ажаніўся з каханай дзяўчынай з суседняй вёскі. Леанарда Іванаўна падарыла яму трох дачушак-прыгажунь. Жылі разам з бацькамі, патомнымі хлебаробамі. Праблем, як і ў кожнай сям’і, хапала, але яны вырашаліся спакойна, з разуменнем кожнага члена вялікай суполкі. Калі Аляксандру Адольфавічу прапанавалі ўзначаліць вытворчы ўчастак у мясцовым калгасе, раіліся ўсе дарослыя. Вядома, практычных ведаў у маладога Жамойціна хапала, бо з дзяцінства працаваў у полі разам з бацькам, вялікім знаўцам сялянскай справы. Але тэорыі для сучаснага вядзення немалой гаспадаркі бракавала. Таму аднагалосна вырашылі адправіць будучага кіраўніка на агранамічныя курсы, а потым і ў сельгастэхнікум. Заняткі ў тэхнікуме вельмі дапамагалі знаходзіць правільнае рашэнне ў бясконцых гаспадарчых праблемах. Паступова выпрацоўваўся свой стыль кіраўніцтва, свае метады заахвочвання людзей да калектыўнай працы. Нярэдка выручалі парады бацькі. Набываліся веды, расло майстэрства, пайшлі на лад справы на ўчастку. Малады спецыяліст смела эксперыментаваў з новымі сартамі зерневых, ільну, бульбы.

Памятны год

2126

1972 год быў поўны звыклых клопатаў, як і кожны папярэдні. Але ў жыцці Аляксандра Адольфавіча ён аказаўся асаблівым. І, як сцвярджаюць знаёмыя з Жамойціным людзі, адметным ён стаў у многім дзякуючы П.М.Машэраву. Так, першаму на той час чалавеку ў нашай рэспубліцы. Спачатку падумалася, што гэта проста легенда, створаная людзьмі пра выдатнага чалавека. Але В.М. Бурдук з СГФ “Дабраселецкі”, які працаваў разам з Жамойціным у калгасе імя Дзяржынскага і вучыўся з ім у адзін час у Гродзенскім сельгасінстытуце, развеяў сумненні. Пра ўдзел у яго лёсе Машэрава Жамойцін сам расказваў Васілію Міхайлавічу. А было гэта так. 2124 Ішла ўборачная кампанія. Аляксандр Адольфавіч, як дбайны га-спадар, дамовіўся са старэйшымі мужчынамі, каб тыя прайшліся па полі з косамі пасля камбайнаў. І там, дзе засталося палеглае збожжа, і там, куды камбайны не змаглі пад’- ехаць – вакол тэлеграфных слупоў. А дырэктара школы папрасіў са-браць старшакласнікаў, каб тыя ў фартушкі і кошыкі падабралі на полі каласкі. У час гэтай зладжанай работы якраз і праязджаў па шашы Зэльва–Масты картэж Пятра Міронавіча Машэрава. Першы сакратар ЦК КПБ папрасіў сваіх памочнікаў даведацца імя гаспадара поля. А потым, ужо ў Мінску, цікавіўся ўраджайнасцю зерневых у дбайнага загадчыка ўчастка калгаса “Прагрэс”. Аказалася – зусім нядрэнная! І з цукровымі буракамі, і з ільном, і з бульбай усё было добра ў Жамойціна. Вось так Машэраў і знайшоў кандыдата на званне Героя Сацыялістычнай Працы ў Зэльвенскім раёне.

Прыгоды ў зорны дзень

2127

Снежаньскі дзень 1972-га запомніўся былому намесніку старшыні Зэльвенскага райвыканкама І.М.Капіцы на ўсё жыццё. Яму выпаў гонар суправаджаць Жамойціна ў Мінск і Дом урада для ўручэння галоўнай працоўнай узнагароды. Старшыня калгаса “Прагрэс” М.І. Кісель толькі-толькі набыў новенькую “Волгу” і без ваганняў прапанаваў яе для адказнай паездкі. І.М.Капіцу некалькі разоў выклікаў да сябе сакратар РК КПБ М.С. Шыхавец. Ён прасіў Івана Міхайлавіча выкарыстоўваць любую магчымасць і паведамляць у райкам пра справы ў дарозе, абавязкова па-званіць, калі будуць выязджаць з Мінска. Шыхавец хваляваўся не проста так: ён арганізоўваў урачыс-тую сустрэчу Героя на цэнтральнай плошчы пасёлка, і яму неабходна было хоць прыблізна ведаць час вяртання ўзнагароджанага дамоў. 2129 А трое зэльвенцаў (А.А.Жамойцін, І.М.Капіца і вадзіцель “Волгі”), без асаблівых прыгод да-ехаўшы да вадасховішча Пціч, раптам вымушаны былі спыніцца: новенькая машына перастала рухацца. Спробы мужчын “абудзіць” матор не давалі вынікаў. Час бег, заставалася не больш за гадзіну да ўрачыстасці, а машына ні з месца. І тут, на шчасце, каля іх спыніўся міліцэйскі “УАЗік”. Не адразу, праўда, паверылі супрацоўнікі ДАІ, што пасажыры “Волгі” спазняюцца на вельмі важнае мерапрыемства. А калі ўпэўніліся ў сур’ёзнасці справы, старшы па званні прыняў рашэнне: “Я адвязу вас на сваёй машыне, а мой таварыш дапаможа вашаму вадзіцелю адрамантаваць “Волгу”. Калі ўвайшлі ў Дом урада, да пачатку ўрачыстасці заставаліся лічаныя хвіліны. Узнагароду Героі атрымлівалі з рук Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР С.А.Сурганава. Усіх сардэчна віншавалі, а пасля інтэрв’ю журналістам частавалі ў банкетнай зале. Як толькі закончыліся ўсе афіцыйныя і неафіцыйныя дзеі, І.М. Капіца па-званіў у Зэльву і паведаміў пра час ад’езду са сталіцы. 2130 Потым Іван Міхайлавіч званіў Шыхаўцу з Дзяржынска, Стаўбцоў, Баранавіч, Слоніма. А каля Сынкавіч машына зноў пачала псавацца. Тут, вядома, пасажыры “Волгі” не так хваляваліся, як па дарозе ў Мінск. Затое ў Зэльве, пачуўшы ад Капіцы пра чарговыя прыгоды, моцна занепакоіўся Шыхавец. На плошчы ўжо сабраліся людзі – прадстаўнікі 21 калгаса, усіх прадпрыемстваў і арганізацый пасёлка, знаёмыя і сябры Жамойціна. Пакуль у Зэльве чакалі транспарт, каля галасаваўшых на дарозе нашых падарожнікаў спыніўся самазвал. Жыхар Зэльвы, дружыннік Б.П.Чышэўскі вяртаўся з рэйсу дамоў. Чалавек вясёлы па натуры, Барыс Пятровіч пажартаваў: “І чаго ж гэта мерзнеце? Ці не мяне чакаеце?” – А даведаўшыся аб усім, усур’ёз прапанаваў: “То давайце вашага героя да мяне. Пракачу з вецярком!”. Запрашэннем, вядома, скарыста-ліся ўсе. 2131 Вось так і з’явіліся на зэльвен-скай плошчы героі таго снежань-скага дня. Пакуль усе жартавалі над прыгодамі падарожнікаў, М.І. Кісель прапанаваў наведацца ў Самаравічы. Чышэўскі быў не су-праць паслужыць і далей, але Міхаіл Іванавіч даверыўся сваёй старой легкавушцы. “Там ужо ўся вёска сабралася каля тваёй хаты, Адольфавіч. Не крыўдзі землякоў,” – пераконваў. У Самаравічах сапраўды каля хаты Жамойціна было мнагалюдна. Бацькі і жонка з дзецьмі сустракалі каля веснічак хлебам-соллю, са слязьмі на вачах віталі сына, мужа і бацьку. Землякі паціскалі рукі, віншавалі, заглядвалі на зорку, што красавалася на магутных грудзях Героя.

Гаспадар “Маладой гвардыі”

Вельмі плённымі былі гады кіраўніцтва Жамойціным калгасам “Маладая гвардыя”. Нялёгка яму далося рашэнне пакідаць родную вёску, людзей, якія праклалі яму шлях да высокай узнагароды. Калгас – не вытворчы ўчастак, тут усё намнога складаней. Зноў раі-ліся старэйшыя Жамойціны на сямейным савеце. Вырашылі: справіцца Адольфавіч і з калгасам. І не памыліліся. Менавіта ў “Маладой гвардыі” Аляксандр Адольфавіч змог рэалізаваць сябе як сапраўдны гаспадар: строгі, руплівы, па- ваеннаму патрабавальны і ўедлівы, і ў той жа час па-бацькоўску клапатлівы да кожнага калгасніка і спецыя-ліста. 2128 Ужо на першым агульным сходзе старшыня запэўніў калгаснікаў, што іх аса-бістыя падвор’і будуць заўсёды ў полі зроку праўлення. “Праўленне будзе рабіць усё, што ў яго магчымасці, а ад вас будзем патрабаваць сумленнай і якаснай работы”, – адразу паставіў усе кропкі над “і” Жамойцін. Хутка для калгаснікаў стала нормай атрыманне ў дастатковай колькасці кармоў і падсцёлу для хатняй жывёлы і птушак. Гэта выклікала вялікі давер і сімпатыі да новага кіраўніка. А яшчэ больш палюбілі старшыню за тое, што ён стараўся асабіста пазнаёміцца з кожным працаўніком гаспадаркі. Да што-дзённай “лятучкі” ў адзін дзень наведваў адзін участак, у другі – іншы; у адзін дзень ехаў на ферму, у другі – на машынны двор, знаёмячыся то з праблемамі жывёлаводаў, то механізатараў. Спачатку загадчыкі ўчаст-каў, фермаў ці мех-двара не разумелі, чаму старшыня лепш ведае пра ранішнія справы, чым непасрэдны кіраўнік. Паступова і яны пачалі лепш “бачыць” людзей і іх праблемы. Кіраўніком ад Бога лічыць Жамойціна былы галоўны ветурач “Маладой гвардыі” Г.В.Каралевіч. “Ён умеў і негатыў ператварыць у пазітыў, – расказвае Генадзій Вацлававіч. 2132 Аляксандр Адольфавіч умела падбіраў і правільна расстаўляў кадры, згуртоўваў калектыў. У перыяд адказных работ звяртаўся за дапамогай да спецыялістаў і бухгалтэрыі, прасіў дапамагчы калгаснікам ці то на касьбе, ці то на ўборцы зерневых, ці на закладцы сенажу… Прадумваў да дробязей усе рабочыя працэсы, і дапамога аказвалася сапраўды дзейснай. Калгаснікі і спецыялісты не заўважылі, як пачалі лічыць сябе адной вялікай сям’ёй, у якой усе праблемы вырашальныя. Былыя жывёлаводы-маладагвардзейцы, з якімі мы сустрэліся (К.В. Данюк, В.Л. Малей, Р.А. Жук, А.І.Масюк, Р.І. Жыткевіч, В.П.Мазец), праз дзесяцігоддзі пранеслі самыя лепшыя пачуцці да чалавека, які за некалькі гадоў самаадданай працы пакінуў толькі добрую памяць. Былы сакратар камсамольскай арганізацыі калгаса Пётр Іванавіч Жук (ён жа і электрык) дапаўняе расказ Г.В.Карале-віча пра асобу Жамойціна: “Толькі дзякуючы Аляксандру Адольфа-вічу ў калгасе быў створаны адзіны ў раёне мужчынскі хор. Калі не прыходзіў на рэпетыцыю хоць адзін чалавек, Аляксандр Адольфавіч прасіў прабачэння ў Г.Ф.Радыгінай, кіраўніка хору, і пасылаў за недысцыплінаваным артыстам. Заказаў для нас прыгожыя касцюмы, у якіх мы вельмі дастойна гля-дзеліся на сцэне. Яго старанні не прападалі дарэмна: мы былі запатрабаваны і на раённых, і на абласных мерапрыемствах”. А былая настаўніца Мадзейкаўскай СШ В.К.Жук згадвае: “Кожны год 1 верасня старшыня прыходзіў на лінейку і, дзякуючы школе за дапамогу падчас гарачых летніх работ, уручаў старшаклас-нікам падарункі. З яго лёгкай рукі прафарыентацыйная работа стала абавязковай і для іншых спецыялістаў калгаса. Як лічаць сёння былыя члены гаспадаркі, менавіта Жамойцін дапамог тады вызначыцца з прафесіяй не аднаму выпускніку Мадзейкаўскай СШ. Сам патомны селянін, ён вельмі хацеў, каб дзеці калгаснікаў заставаліся працаваць у вёсцы, станавіліся пераемнікамі бацькоў. Хто зной-дзе сябе ў агранаміі, хто – у заатэхніі, хто стане настаўнікам ці ўрачом – усе патрэбны. З гарадскога чалавека цяжка зрабіць добрага спецыяліста для сяла. І сёння яшчэ можна сустрэць у Мадзейках людзей, каму даў пуцёўку ў жыццё Жамойцін. Планы ў яго былі вялікія. Ужо ў канцы 70-х – пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя ён марыў аб газі-фікацыі цэнтральнай сядзібы калгаса. Прыкідваў, якім будзе прыдарожны сэрвіс. “Пабудуем невялікае кафэ, гасцініцу, каб ва-дзіцелі-міжгароднікі маглі і адпачыць, і падсілкавацца. І ім добра, і нам прыбытак”, – усё часцей дзяліўся планамі. “І ён бы здзейсніў задуманае, – лічыць Г.В. Каралевіч. – Шкада, што ў чарговы этап узбуйнення калгасаў трапіла і наша гаспадарка. Ніхто не хацеў тады гэтага, некалькі разоў упаўнаважаны ад раёна ставіў пытанне на галасаванне. Калі б сам Жамойцін не папрасіў калгаснікаў не ўпарціцца, напэўна, справа ў раёне не закончылася б, пайшла б у вобласць”.

Другі, але не другасны

Жамойціна не палохала перспектыва застацца “без партфеля”. Ён увогуле хацеў вярнуцца ў “Прагрэс” на свой участак. Але ў райкаме яму прапанавалі месца намесніка старшыні калгаса імя Дзяржынскага. Адмаўляцца ад любога накіравання камуністу было не прынята. Так сям’я Жамойціных апынулася яшчэ далей ад родных Самаравіч – у Цяглевічах. На новым месцы ў Аляксандра Адольфавіча абавязкаў менш не стала. Старшыня ўзбуйненага калгаса Л.В.Дудко добра ведаў свайго памочніка, бо яны адначасова пачыналі шлях калгасных кіраўнікоў у раёне і часта сустракаліся на нарадах і семінарах. (Не выключана, што менавіта Дудко і прасіў у райкаме, каб яму далі ў памочнікі Жамойціна). Галоўным клопатам намесніка старшыні стала кормавытворчасць. А негалоўных – не злічыць. Тут і адзін з участкаў, і харчаванне, і культурна-масавая работа, і шэраг грамадскіх абавязкаў. Пра адзін з іх расказала старшыня Дабраселецкага сельвыканкама Т.Р.Качук. Тады яна, бухгалтар, была сакратаром таварыскага суда. А старшынёй пры-значылі Жамойціна. Аўтарытэт судоў быў надзвычай высокім. Людзі, якія трапілі на таварыскі суд, баяліся яго больш, чым прафесійнага. Аляксандр Адольфавіч вельмі адказна ставіўся да гэтай грамад-скай працы: вывучаў усе акалічнасці канкрэтнага здарэння, абставіны жыцця падсуднага, яго паво-дзіны на рабоце і ў сям’і і г. д. Фармальнымі рашэнні суда не былі ніколі. Да таго ж яны часта былі выязнымі, г.зн., усе абставіны справы слухаліся перад калегамі па працы (у майстэрні, на ферме, на машынным двары). “Герой” суда абавязкова трапляў у калгасны “Вожык”. Карыкатуры С.А.Бязносіка таксама неслі нямала непрыемнасцей і насмешак хуліганам, дэбашырам ці злодзеям. Узначальваў Жамойцін і савет прафілактыкі – як бы ступеньку да таварыскага суда. Калі чалавек пабыў на тым савеце, – можна было быць упэўненым, што на суд ён ужо не трапіць ніколі. Так што працоўную дысцыпліну Аляксандр Адольфавіч на сваіх грамадскіх пасадах узмацняў нядрэнна. Ён гэта бачыў і таму не лічыў грамадскія абавязкі непатрэбнай “нагрузкай”. Маючы знаёмых па ўсёй рэспубліцы (ды і не толькі), Жамойцін мог дабіцца вырашэння важных задач для калгаса, не зважаючы на тое, хто адказны за тую ці іншую галіну. Напрыклад, да сённяшняга дня працуе піларама, аснастку для якой ён дабыў ажно за Уралам. Былы галоўны інжынер калгаса В.В.Качук таксама згадвае шмат добрага пра Аляксандра Адольфавіча. “Ён заўсёды дапамагаў мне ў нялёгкай справе дастаўкі запчастак да сельгасмашын. Нават у Калінінград мы з ім за запчасткамі ездзілі, а ўжо пра здачу металалому і казаць не трэба: заўсёды дапамагаў перавыканаць план”. В.М.Бурдук, былы загадчык участка, які курыраваў Жамойцін, успамінае, якім патрабавальным і прынцыповым быў Аляксандр Адольфавіч да сябе і калег. Неяк старшыня запатрабаваў жорстка пакараць загадчыка ўчастка за зрыў графіка сяўбы. І Жамойцін, і Бурдук добра ведалі поле, на якім пакуль немагчыма было працаваць тэхніцы. Зноў пайшлі мераць гліністы ўчастак удоўж і ўпоперак. Не раз засеўшы на ім, канчаткова пераканаліся: трактар сюды пускаць нельга. І Жамойцін сам пазваніў у сельгас-упраўленне, расказаў пра сітуацыю і абараніў ад нападкаў свайго падначаленага. Т.Р.Качук і В.М. Бурдук згадваюць, як цаніў Жамойцін людзей, паважаў іх і выкарыстоўваў любую магчымасць дастаўляць ім радасць. Ён вёў дзённік, у якім побач з назіраннямі за надвор’ем запісваў і патрэбныя звесткі пра кожнага калгасніка. “Бывала такое, – смяецца Васілій Міхайлавіч, – што Жамойцін віншуе даярку з днём нараджэння, а яна здзіўлена глядзіць на яго, бо сама забылася пра сваё асабістае свята”. А яшчэ В.М.Бурдук, як і іншыя спецыялісты былога калгаса імя Дзяржынскага, вельмі ўдзячны Жамойціну за даверлівыя і любячыя адносіны да іх: “Ён ласкава называў нас “шпакамі”, ненавязліва вучыў думаць, аналізаваць, каб умець самім вырашаць складаныя праблемы. Нам, вучням Жамойціна, было намнога лягчэй працаваць з людзьмі, чым тым, хто не прайшоў школу Адольфавіча”.

Званнем ці чалавечнасцю?

Мае сэнс задумацца над простым, здаецца, пытаннем: чым за-служыў вялікую любоў і пашану людзей А.А. Жамойцін. Ці толькі высокімі працоўнымі дасягненнямі і такімі ж высокімі ўзнагародамі? Напэўна, калі б ён, як кіраўнік, дабіваўся пастаўленай мэты любой цаной, не лічачыся з людзьмі, гэта было б неяк заўважана ў размовах. А вось гэтага якраз і не адчувалася: ніхто-ніхто! не сказаў пра Аляксандра Адольфавіча ніводнага негатыўнага слова! Нездарма гісторыя з Машэравым падалася легендай: толькі па-сапраўднаму вартасныя людзі становяцца героямі фальклору. Дочкі, унукі і праўнукі Аляксандра Адольфавіча могуць ганарыцца сваім бацькам, дзядулем і прадзядулем: ён заслужыў самую высокую ўзнагароду сваёй чалавечнасцю, павагай і разуменнем людзей. А добрая памяць і ёсць галоўны вынік чалавечага жыцця. P.S. Выказваем вялікую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу ініцыятару самой ідэі публікацыі І.М.Капіцы, жонцы Аляксандра Адольфавіча Леанардзе Іванаўне, старшыням Крамя-ніцкага, Зэльвенскага і Дабраселецкага сельсаветаў А.І.Дзерачэ-ніку, М.П.Гардзейку, Т.Р.Качук, нашаму правадніку па Мадзейках Ц.Ф.Кудрык і, вядома, названым у нарысе людзям. Яніна ШМАТКО.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.