Творческие педагоги работают в СШ №3 г.п.Зельва
З усіх прафесій, існуючых на Зямлі, ёсць тая, якая найбольш даследуе чалавечую душу–прафесія педагога. Слова настаўніка прасвятляе розум, рыхтуе вучня да жыцця, садзейнічае самавыяўленню асобы.
Працоўны стаж Марыі Траццяк, выхавальніка групы падоўжанага дня СШ №3, складае амаль 40 гадоў. За гэты час яна дала дарогу ў свет сотням вучняў, выхавала ў іх лепшыя чалавечыя якасці. Пра такога настаўніка кажуць: настаўнік ад Бога.
Яшчэ ў час вучобы ў школе Марыі падабаліся ўрокі нямецкай мовы Ірыны Сталпец, яе манера выкладання матэрыялу. Да таго ж, у іх на кватэры пражывала настаўніца замежнай мовы. Вось дзяўчына і вырашыла паспрабаваць сябе ў педагагічнай дзейнасці.
Пасля заканчэння Крамяніцкай СШ засталася працаваць тут старэйшай піянерважатай, паколькі спроба паступлення ў ВНУ адразу не ўдалася. Аднак не адмовілася ад сваёй мэты: паступіла на завочную форму навучання ў Мінскі інстытут замежных моў. Хутка Марыю Ксавер’еўну перавялі ў Міжэрыцкую СШ настаўніцай нямецкай мовы. Маладому педагогу было нялёгка, паколькі класы былі вя-лікія і трэба было знайсці да кожнага індывідуальны падыход. Але яна старалася: да заняткаў рыхтавалася адказна, з творчым падыходам, памалу спасцігала дапытлівыя дзіцячыя душы.
Праз некаторы час вярнулася ў сцены роднай Крамяніцкай школы выхавальнікам групы падоўжанага дня. Акрамя гэтага, вучыла дзяцей нямецкай мове (замяняла дэкрэтны водпуск).
За плячамі Марыі Траццяк праца ў Зэльвенскай СШ (цяпер СШ №2), адкуль яе размеркавалі ў СШ №3 выхавальнікам групы падоўжанага дня.
Па словах Марыі Ксавер’еў-ны, дзеці – кветкі жыцця. Іх трэба любіць і паважаць, тады з імі будзе лёгка працаваць. Да кожнага вучня яна адносіцца клапатліва. І дзеці з удзячнасцю і павагай ставяцца да сваёй любімай настаўніцы, з задавальненнем ходзяць на яе заняткі і заўжды чакаюць ад іх новага і цікавага.
–Стараюся, каб дзеці былі ўважлівымі і выхаванымі, паважалі старэйшых людзей. Асаблівы акцэнт раблю на індывідуальныя заняткі з тымі, каму вучоба даецца складаней. Заўсёды радуюся поспехам сваіх выхаванцаў. Звяртаючы ўвагу на іх праз гады, думаю: якія прыгожыя дзяўчаты, мужныя юнакі, дай Бог ім усяго самага найлепшага. Іншы раз даводзіцца вучыць і іх дзяцей.
За адказнае стаўленне да даручанай справы, прафесійнае майстэрства Марыя Ксавер’еўна неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі раённага аддзела адукацыі.
Надзейная падтрымка жанчыны–яе муж. Іх школьнае сяброўства перарасло ў высокае пачуццё. Разам выгадавалі дваіх сыноў, маюць дваіх унукаў.
Нядаўна Марыя Ксавер’еўна адзначыла ганаровы 55-гадовы юбілей. Яе любяць вучні, шануюць калегі. І ў гэты дзень яны прызнаваліся ёй у любові і павазе, жадалі моцнага здароўя, бадзёрасці і невычэрпнай энергіі на доўгія гады.