Танцор, саліст, прыпевачнік і дэкламатар Міхаіл Пазнанскі: «Калі змалку прывучыць сябе да няспыннага руху, выверанага рытму – усё будзе ісці без збояў»

Яшчэ нядаўна каля пераезда па вуліцы Булака ў Зэльве стаяў дом, у якім калісьці жылі сем’і чыгуначнікаў. 65 год таму пад размераны стук колаў прабягаючых цягнікоў у сям’і Пазнанскіх нарадзіўся хлопчык, якому далі імя Міхаіл. З малых гадоў ён стаў надзейным памочнікам сваім працавітым бацькам.

Жыццё вялікай сям’і Пазнанскіх было падпарадкавана дакладнаму руху цягнікоў. Усе ведалі, калі і які састаў праляціць міма вокан іх хаты, калі прыпыніцца на хвілінку пасажырскі цягнік, калі пара бацьку, Івану Аляксандравічу, ісці на абход, а калі час вяртацца. І маленькі Міша рана зразумеў: толькі строгая дысцыпліна, толькі дакладнасць дазваляюць чыгуначнікам спраўляцца з вялікімі груза- і пасажырапатокамі, працаваць без аварый і аўралаў. “Так і ў жыцці чалавека, – разважаў хлопчык, – калі змалку прывучыць сябе да няспыннага руху, выверанага рытму – усё будзе ісці без збояў”. Ён паспяваў і ўрокі зрабіць, і дапамагчы бацькам у хатніх справах, і рыбы ў Зяльвянцы налавіць (добрая падтрымка ў харчаванні дзесяці членам сям’і!), летам пагуляць у баскетбол і валейбол, зімой прабегчыся на лыжах…

Да мары сваёй – стаць настаўнікам фізічнай культуры і дапамагаць дзецям загартоўваць душу і цела – ішоў мэтанакіравана. На ўроках фізкультуры выконваў усе нарматывы, адным з першых у класе стаў уладальнікам значка “Гатоў да працы і абароны”. Удзельнічаў у шматлікіх спартыўных гульнях і спаборніцтвах, не раз займаў прызавыя месцы. Збіраў у скарбонку ўсе звесткі пра спартсменаў, сачыў за выступленнямі беларусаў на чэмпіянатах Еўропы і свету, на Алімпійскіх гульнях. Калі задавалі сачыненні на вольную тэму, абавязкова пісаў пра знакамітых алімпійцаў.

Вучыўся добра, таму без праблем паступіў пасля заканчэння школы на дзённае аддзяленне Грозенскага тэхнікума фізічнай культуры. Матулі Веры Паўлаўне не было сорамна за свайго найменшага, калі прыязджала на бацькоўскія сходы.

Размеркаванне атрымаў у свой раён. Некалькі гадоў працаваў у Манцяцкай, потым Конненскай базавых школах. Калі ў 1975 годзе Конненскую школу закрылі, разам з яе навучэнцамі Міхаіл Іванавіч перайшоў у Бародзіцкую БШ. Адчуўшы, што атрыманых у тэхнікуме ведаў малавата, паступіў на завочнае аддзяленне Брэсцкага педінстытута. І лекцыі, і семінары, і абмен вопытам з іншымі педагогамі дапамагалі авалодваць перадавымі метадамі выкладання любімага прадмета. Урокі Міхаіла Іванавіча вельмі падабаліся дзецям. Настаўнік умеў наладзіць кантакт з усімі: і хто любіў фізічныя нагрузкі, і хто стараўся пазбягаць іх. Міхаіл Іванавіч цярпліва тлумачыў вялікую карысць для здароўя заняткаў па фізічнай культуры. “Асабліва, – казаў, – адчуеце гэту карысць у сталым узросце, калі прывыкнеце да штодзённай гімнастыкі, рэгулярных прабежак, заняткаў лыжным і веласіпедным спортам, плаваннем”. І сам паказваў прыклад здаровага ладу жыцця.

Калі аднойчы дырэктар школы прапанавала паўдзельнічаць у раённым конкурсе “Лепшы па прафесіі”, ён не адмовіўся, спаборнічаў з сапраўднымі асамі і стаў пераможцам! Шмат ганаровых грамат атрымаў за 42 гады працы з дзецьмі. Валодаў шэрагам разнастайных методык выкладання, здаў іспыты на званне “Настаўнік вышэйшай катэгорыі”.

Не кінуў працу ў школе і калі рэзка пачаў падаць зрок. Змагаўся і змагаецца (!) як можа з гэтай хваробай у тым ліку і з дапамогай вядомых яму спецыяльных практыкаванняў для зроку. І хоць вынікі лячэння не радуюць, рук не апускае, працягвае актыўны лад жыцця сам і прывучае да гэтага іншых.

Як інвалід па зроку пачаў наведваць клуб “Мы разам”, як уладальнік прыгожага голасу – хор ветэранаў “Успамін”. Калі ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва было арганізавана аддзяленне для дзённага знаходжання людзей сталага ўзросту, стаў адным з актыўных яго наведвальнікаў. Загадчыца аддзялення Н.С.Глушэня папрасіла ў Міхаіла Іванавіча дапамогі ў арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў. І зараз Наталля Сяргееўна не ўяўляе, што б яна рабіла без такога актыўнага валанцёра: і спартакіяду арганізуе, і фізкультхвілінкі правядзе, і ў турыстычным злёце незаменны ўдзельнік. Прысутныя на фестывалі “Крэатыўны ўзрост” у аграсядзібе “Верас” былі прыемна ўражаны, калі 65-гадовы Пазнанскі перамог у спартыўным паядынку маладога хлопца.

В.А.Тульвінская, ствараючы ў аддзяленні клуб “Спявай, душа!”, вельмі разлічвала на ўдзел у ім Пазнанскага. Міхаіл Іванавіч фактычна адзіны мужчына ў гэтым невялікім калектыве, таму працы яму тут хапае.

І танцор ён, і саліст, і прыпевачнік, і дэкламатар. Не адмаўляецца Міхаіл Іванавіч і ад удзелу ў пасяджэннях літаратурнага клуба “Малюся Слову”. Вельмі хораша сыграў няўдачлівага прымака ў аднайменным вадэвілі Янкі Купалы, дзядзьку Антося ў інсцэніроўцы коласаўскай “Новай зямлі”, грознага бацьку ў жартоўным вершы Агніі Барто “Медвежонок невежа”.

Наведвальнікі аддзялення вельмі ўдзячны любай спадарожніцы Міхаіла Іванавіча – Валянціне Іванаўне, якая разумее неспакойную натуру мужа і не перашкаджае яму шмат часу аддаваць грамадскай рабоце. Праўда, і Міхаіл Іванавіч, змалку прывучаны да дакладнага рытму жыцця, стараецца і хатнія справы паспець зрабіць. У іх з жонкай свой дом, невялікі сад і агарод пры ім. Часта наведваюць дзядулю з бабуляй двое ўнукаў – ім таксама час удзяляць трэба. Так што, як і падчас працы, на пенсіі ў Міхаіла Іванавіча вольнага часу няма. Па-ранейшаму захапляецца рыбалкай, ездзіць на веласіпедзе, у любое надвор’е займаецца гімнастыкай. Удзячныя харысты “Успаміну” і члены клуба “Спявай, душа!” да юбілею Міхаіла Іванавіча падрыхтавалі падарунак. Станіслава Прызван цэлую паэму яму прысвяціла, жанчыны клуба – прыпеўкі, вершы, песні. Вядома, і юбіляр быў задзейнічаны. А як інакш: без яго мы – нікуды!

Яніна Шматко

Вам может быть интересно

Комментарии отключены