Зэльвеншчына адзначыла Дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

 

73-ю гадавіну з Дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сёння адзначаюць зэльвенцы. Галоўнай падзеяй святочных мерапрыемстваў стаў мітынг памяці, які сабраў жыхароў райцэнтра каля мемарыяла баявой славы.  Адкрыў яго намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Семяняка, які нагадаў пра гады акупацыі, пра подзвіг тых людзей, якія здабывалі Перамогу.

 


– Наша зямля з першага дня вайны апынулася ў агні пажарышчаў і стала месцам жорсткіх баёў, – адзначыў Валянцін Міхайлавіч. – Да першага ліпеня 1941 года Зэльвеншчына была поўнасцю захвачана фашыстамі. Раён падвяргаўся акупацыі, пад час якой загінула сотні жыхароў. Зэльвенцы не жадалі мірыцца з ворагам і разгарнулі падпольны і партызанскі рух. Каля тысячы нашых землякоў не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай.

Сённяшняя дата – падстава звярнуцца да тых  важных гістарычных падзей, адначасова трагічных і шчаслівых.  Да жыхароў раёна доўгачаканае свята вызвалення прыйшло 12 ліпеня 1944 года. Семдзесят тры гады таму ў дзве гадзіны трыццаць хвілін у неба ўзляцелі тры зяленыя ракеты. Так пачаўся бой за Зэльву. Сотні салдат і афіцэраў праявілі мужнасць і гераізм у гэтай бітве. Мы  ніколі не павінны забываць тых, хто змагаўся за кожную вуліцу, кожны дом нашага пасёлка. Гэта воіны і камандзіры 120-й, 129-й, 169-й, 5-й гвардзейскіх дывізій. Асабліва вызначыліся батальёны маёраў Салаўёва і Семізорава, байцы дывізій пад камандаваннем палкоўніка Вяроўкіна і падпалкоўніка Маслава. У памяць аб гераізме імёнамі бясстрашных камандзіраў Шапавалава і Салаўёва названы вуліцы пасёлка.

У брацкай магіле ў Зэльве знайшлі вечны спачын 506 савецкіх воінаў і партызан. Гэта людзі, якія мужна і самааддана змагаліся за нашу зямлю. На жаль, 270 прозвішчаў на сённяшні дзень яшчэ застаюцца невядомымі.

Вялікую цану прыйшлося заплаціць салдатам Перамогі, каб сёння мы  жылі, працавалі, выхоўвалі дзяцей пад мірным небам. 65 помнікаў і абеліскаў у раёне – гэта маўклівыя сведкі мужнасці тых, хто аказаў супраціўленне нацызму. Яны заклікаюць нас свята ўшаноўваць памяць загінуўшых.

 

 

У знак павагі да ўсіх тых беларусаў, якія не вярнуліся з вайны, да помніка загінулым воінам зэльвенцы ўсклалі жывыя кветкі і вянкі. Традыцыйна была аб’яўлена мінута маўчання.

Святкаванне прадоўжыцца вечарам выступленнем народнага хору народнай песні “Вербніца” Пружанскага раёна.

Тэрэза КАВАЛЕВІЧ.

Присоединяйтесь к нашему каналу    

Leave a Comment

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.