Сёння свой юбілей адзначае знакаміты педагог Зэльвеншчыны, «Выдатнік асветы» Леакадзія Чарнецкая

Леакадзія Браніславаўна Чарнецкая, сама аб гэтым не здагадваючыся, рыхтавалася да работы з дзецьмі змалку, колькі сябе памятае. І ў Конненскай базавай, і ў Зэльвенскай сярэдняй школах была атраднай важатай у малодшых школьнікаў, равеснікаў таксама  магла нечым зацікавіць. І калі пасля атрымання сярэдняй адукацыі ёй прапанавалі працу старшай піянерважатай у Залацееўскай васьмігодцы, згадзілася без ваганняў. Два гады плённа працавала там, не раз выводзіла піянерскую дружыну ў лік пераможцаў. Дырэктар школы  П.С. Емяльянчык быў вельмі задаволены яе работай і доўга ўгаворваў не пераво-дзіцца ў Каралінскую сярэднюю школу.  Але маладому спецыялісту хацелася большай пляцоўкі для рэалізацыі сваіх задум. І Леакадзія ўсё ж перавялася ў Каралін. Працавала і там з вялікай любоўю да дзяцей і справы. Да моманту пераезду ў райцэнтр паспела закончыць філалагічны факультэт БДУ, выйсці замуж і нарадзіць першую дачушку. У Зэльве пасля другога дэкрэтнага водпуску пайшла працаваць у нядаўна пабудаваны дзіцячы сад №1 – гонар колішняй Зэльвы. Група ў садку была вялікая, адказнасць перад бацькамі і дзецьмі – неімаверная. Аднак калектыў, які ўзначальвала Н.П. Шыпікава, спраўляўся з ўсімі больш чым паспяхова. Сярод выхавальнікаў, што былі завадатарамі новага і перадавога, заўсёды называлі і Чарнецкую. І калі ў Зэльве заканчвалася ўзвядзенне другога садка, загадчык РАНА М.І. Давідзеня менавіта ёй прапанаваў узначаліць новую ўстанову. Спачатку Леакадзія Браніславаўна разгубілася, але, параіўшыся з мужам, дала  згоду. Дзейнічаць пачала напорыста, энергічна, па-гаспадарску.  Працоўны дзень пачынала… з ПМК-35, галоўнага фундатара будаўніцтва. Разам з В.В. Лю-бінскім вызначалі самае неабходнае для  функцыянавання дзіцячай установы, раіліся, дзе лепш што набыць і як яго даставіць. Знаходзіла падтрымку ў райкаме партыі, райвыканкаме, метадычным кабінеце РАНА. Вельмі ўдзячна С.А. Гоцку, І.У. Генюш, З.Ф. Пазняк. Зінаіда Фёдараўна, адказная за работу дашкольных устаноў раёна, знаёміла з вопытам работы лепшых садоў раёна і вобласці, арганізоўвала творчыя камандзіроўкі, давала каштоўныя парады. 5 снежня 1981 года – дзень адкрыцця дзіцячага сада –  у памяці застаўся назаўсёды. Забыліся ўсе бяссонныя ночы, трывогі, радасць перапаўняла сэрца: нарэшце пачынаецца сапраўдная праца, да якой так самааддана рыхтавалася. На адкрыццё садка прыйшло шмат зацікаўленых людзей. Чырвоную стужку перарэзаў старшыня райвыканкама П.Ф. Падворны, а сімвалічны ключ загадчыцы ўручыў кіраўнік ПМК-71 Г.А. Макавецкі. Калі Павел Філімонавіч Падворны абходзіў усе групы, ён шчыра радаваўся і як кіраўнік, і як бацька. Л.Б.Чарнецкая вельмі ўдзячна тым выхавальнікам, што адгукнуліся на яе просьбу і перайшлі да яе на працу з дзіцячага сада №1: Ч.Б.Багатырка, М.М.Жук, Н.І.Сідорка, І.У.Дубовай, В.І.Дзяміда, музычнаму кіраўніку Р.А.Шаўчэнка. Менавіта яны сталі апорай  і ўзорам для пачынаючых выхавальнікаў – выпускнікоў педага-гічных устаноў. Установа прыцягвала ўтульнасцю дзіцячых спальняў і пакояў, уражвала прыгажосцю і сучаснасцю дызайнерскага аздаблення, ззяла чысцінёй. Патрабавальная і ў той жа час уважлівая да патрэб падначаленых, Леакадзія Браніславаўна ўмела натхніць сваімі ідэямі – а іх у яе заўсёды было безліч – і маладых, і вопытных спецыялістаў. Дзіцячы сад №2 стаў сапраўднай кузняй кадраў: з лёгкай рукі Чарнецкай на кіруючыя пасады ў розныя ўстановы раёна былі назначаны яе былыя падначаленыя Л.І.Міляшкекіч, М.І.Ляўчук, І.У.Кавалевіч, І.М.Конан, Ж.М. Сліж… Прытым лёс іх заўсёды хваляваў і цікавіў, нават калі працавалі яе былыя выхавальнікі далёка ад Зэльвы. У1988 годзе вопытнага кіраўніка пераманіў да сябе старшыня калгаса імя Леніна А.П.Прэдка. Ён будаваў садок для дзяцей калгаснікаў, і яму патрэбны быў такі творчы чалавек, як Чарнецкая. Зноў трэба было пачынаць усё спачатку. Вядома, быў вопыт, было крыху лягчэй, чым у 1981-м. Паступова ўстанова, якую ўзначальвала Леакадзія Браніславаўна, стала ўзорам для іншых. У 1991 годзе дзіцячы сад стаў удзельнікам Усесаюзнай выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі, а яго загадчыца ўдастоена сярэбранага медаля УВДНГ. Узнагарод у Леакадзіі Браніславаўны нямала: і раённага, і абласнога, і рэспубліканскага ўзроўню. У 1994-м яна атрымала знак “Выдатнік асветы”. Гадоў сем таму паклікалі Чарнецкую на працу ў лагер “Блакітная хваля”. Два сезоны там адпрацавала. І ўдзячна лёсу, бо зноў адчула сябе патрэбнай дзецям, любоў да якіх з гадамі не згасла. І ўменне знаходзіць з імі агульную мову – таксама. – Я шчаслівы чалавек, – кажа Леакадзія Браніславаўна. – У мяне была любімая справа, на-дзейны тыл. Я магла падзяліцца з мужам усімі трывогамі і праблемамі, атрымаць падтрымку і параду. Зараз у мяне дзве паважаныя сярод людзей дачушкі, двое добрых зяцёў, чацвёра любімых унукаў. Дай Бог кожнаму такіх нашчадкаў! А кожнаму дзіцяці – такіх адказных і клапатлівых маці, выхавальнікаў і настаўнікаў, дададзім ад сябе. Яніна ШМАТКО.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.