Сёння 70-гадовы юбілей адзначае ветэран педагагічнай працы Вера Мацеевіч

Сёння нашай любай бабулечцы Веры Уладзіміраўне Мацеевіч спаўняецца 70 год з дня нараджэння. Мы глядзім на яе і радуемся: якая яна прыгожая, добрая, светлая. Складаны, але слаўны шлях прайшла наша бабуля. Якія б выпрабаванні ні выпадалі на яе долю, яна заўсёды застаецца шчырай, сумленнай і жыццярадаснай. Нарадзілася Вера Уладзіміраўна на Зэльвеншчыне ў вёсцы Дабрасельцы  ў мнагадзетнай сям’і. Дапамагала бацькам па гаспадарцы, няньчыла малодшых братоў і сясцёр і пры гэтым паспявала добра вучыцца. Ужо з маленства яна засвоіла, як важна і неабходна будаваць узаемаадносіны паміж роднымі людзьмі. А яшчэ – любіць і паважаць старэйшых, дапамагаць меншым. Гэтыя якасці яна прывіла сваім дочкам (гадавала і вучыла адна, так як зусім маладой засталася ўдавой), а зараз стараецца перадаць і нам, яе ўнукам і праўнукам. Часта бабуля расказвае пра школьныя гады, якія засталіся ў добрай памяці. Яна расла вельмі актыўнай дзяўчынкай, яе выбіралі старшынёй савета атрада, а потым і дружыны, была старастай класа. Адказная і добрасумленная вучаніца ўсе грамадскія даручэнні старалася выконваць так, каб не падвесці ні настаўнікаў, ні аднакласнікаў. Пасля заканчэння сярэдняй школы Вера Уладзіміраўна ўладкавалася на працу старшай піянерважатай Рудзевіцкай васьмігодкі. Потым яе перавялі ў Дом піянераў. Работу сумяшчала з вучобай у Брэсцкім педінстытуце. Атрымаўшы спецыяльнасць настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, пачала выкладаць любімы прадмет у Рудзевіцкай школе. Пазней, дзякуючы прафесійным і арганізатарскім якасцям, а мы ў гэтым больш чым упэўнены, нашай бабулі прапанавалі ўзначаліць гэтую навучальную ўстанову. Але якую б пасаду на працягу сваёй педагагічнай дзейнасці Вера Уладзіміраўна ні займала, працягвала вучыць дзяцей роднай мове. На ўроках асаблівае значэнне надавала развіццю маўлення. Зусім невыпадкова, што свае словы ўдзячнасці любімай бабулечцы мы вырашылі адрасаваць менавіта на беларускай мове. Вера Уладзіміраўна была надзвычай творчым і таленавітым настаўнікам. Аб гэтым сведчаць і шматлікія ўзнагароды рознага ўзроўню, якімі яна была адзначана ў час працоўнай дзейнасці. У нашай сям’і з асаблівай павагай адносіліся і адносяцца да прафесіі настаўніка, магчыма таму з ёю звязалі свой лёс старэйшая дачка Алена, унукі Сяргей і Алена. Мы вельмі любім і паважаем сваю бабулю за яе цярпенне, клопат, разуменне, дабрыню і ласку. Мы ведаем, што чым далей з намі будзе наша любая бабулечка, тым ярчэйшым будзе наша жыццё. З павагай і вялікай удзячнасцю – унукі.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.