Свята вёскі прайшло ў Хамічах

Многія з настальгіяй згадваюць пра жыццё ў вёсцы ў другой палове XX стагоддзя, калі там было шмат дзяцей і моладзі, і амаль у кожным населеным пункце існавалі клуб, бібліятэка, магазін. На жаль, час назад не павернеш. Вёска старэе, і нічым не вернеш былога шматлюддзя. І таму розныя ўстановы раёна стараюцца дайсці да кожнага маланаселенага пункта, каб людзі адчувалі сябе там камфортна. Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўлічвае кожнага чалавека, які патрабуе дапамогі. Двойчы на тыдзень прадметы першай неабходнасці дастаўляе аўтамагазін, працуе выязная пошта. А работнікі культуры прапануюць змястоўны адпачынак. Вялікай папулярнасцю ў жыхароў аддаленых населеных пунктаў карыстаюцца святы вёсак. Вось і нядаўна такое свята было наладжана ў вёсцы Хамічы Славаціцкага сельсавета. Ініцыятарам, як заўсёды, стала загадчыца сектара па арганізацыі культурна-досугавай дзейнасці жыхароў аддаленых і маланаселеных пунктаў раёна цэнтра культуры і народнай творчасці Тамара Кісель. Узяла ў сельсавеце спісы сельскіх жыхароў і нумары іх тэлефонаў, і разам з бібліятэкарам Валянцінай Ступчык пачала збіраць “дасье” на кожнага хамічаніна. Дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Жамойціна ўдакладніла дзень сумеснага выезду ў вёску. І вось усё ва ўсіх гатова: у Тамары Лявонцьеўны напісаны сцэнарый, у членаў вакальнай групы “Радасць” адрэпеціраваны музычныя нумары, старшыня Славаціцкага сельсавета Людміла Шастак падвяла вынікі конкурсу на лепшае падвор’е. Гаспадыня двара, дзе бу-дзе праходзіць свята, Яўгенія Аляксандраўна Шлык упрыгожыла свой двор дыванамі і ручнікамі вясковых умеліц, спецыялісты цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва завяршылі падрыхтоўку сваіх матэрыялаў. Дзень выдаўся на славу: цёплы, пагодлівы. Вёска патанае ў бэзавай квецені. Настрой ва ўсіх прыўзняты. Старшыня сельсавета Людміла Шастак віншуе сабраных са святам вёскі. Дзякуе за самаадданую працу. А таксама за тое, што і сёння, у сталым веку, вяскоўцы падтрымліваюць належны парадак у дамах і вакол іх. Асаб-лівую падзяку выказвае пераможцам конкурсу на лепшы падворак: Н.У.Гележа, Н.У.Хвясько, М.І.Чабярака, В.У.Качан і Я.А.Шлык. Бібліятэкар Валянціна Ступчык нагадвае аб слаўным мінулым вёскі. А потым увагай прысутных цалкам завалодвае ініцыятар свята і вакальная група на чале з акампаніятарам Мікалаем Дзярэчыкам. Тамара Лявонцьеўна прапануе ўшанаваць памяць хамічан, што загінулі за наша мірнае жыццё ў гады вайны, хвілінай маўчання. А потым пачынае аповед пра сённяшніх жыхароў Хамічоў. Лёс кожнага з іх, здавалася б, непрыкметны, тым не менш – унікальны. Вось самыя старэйшыя жыхаркі вёскі Людміла Міхайлаўна Кузьміцкая і Таццяна Дзмітрыеўна Хвясько. Іх юнацтва супала з ваеннай парой. Кожны дзень іх маглі забраць у палон, адправіць у Германію на прымусовыя работы. А пра галодныя пасляваенныя гады, калі выжыць дапамагалі крапіва ды лебяда, таксама без слёз не згадаеш. І, нягледзячы на ўсё, жыла ў іх вера ў нялёгкае зямное шчасце. Яно прыйшло – каханне, сям’я, свой дом, дзеці… Зараз Людміла Міхайлаўна самая багатая на ўнукаў і праўнукаў бабуля: іх у яе ажно 24! Работнікі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Дарафей і Алена Лабецкая сардэчна павіншавалі самых паважаных жанчын вёскі і ўручылі ім падарункі. Цэлых паўвека аддала рабоце ў калгасе Марыя Іванаўна Чабярака. Жанчыну накіроўвалі на розныя ўчасткі, бо бачылі: справіцца з любой задачай. Вельмі памятныя гады працы на ферме, калі адкормлівала быкоў. Спачатку баялася сваіх 600-кілаграмовых выхаванцаў. Потым прызвычаілася, і ўжо не хацела вяртацца ў паляводчую брыгаду. 42 гады калгаснага стажу ў Ніны Іванаўны Шаўчэні. Пачынаўся яе працоўны шлях у МТС, прадоўжыўся ў калгаснай канторы і… у полі, бо ніхто ніколі не вызваляў бухгалтара ці рахункавода ад абавязкаў буракавода. Было вельмі няпроста: і асноўную работу зрабіць, і дадатковую, і хатнія справы па-спець уладкаваць. Хіба справілася б, калі не пад-трымка мужа і дзяцей?! Амаль 40 год сумяшчала працу бухгалтара і палявода і Ніна Уладзіміраўна Гележа. Калі пасля такога напружанага жыцця вый-шла на пенсію, спачатку нават разгубілася: што рабіць з вольным часам? Але разгубленасць доўжылася нядоўга: майстрысе на ўсе рукі работа знойдзецца заўсёды. І Ніна Уладзі-міраўна засела за вязанне. Ад мамы-ткачыхі засталося нямала розных нітак. Усім ім знайшла і знаходзіць прымяненне таленавітая дачка. Дом у яе – бы казачны церам: паўсюль сурвэткі, дываны, ходнікі. І ў кожнага вырабу свая адметная форма. Зараз Ніна Уладзіміраўна заканчвае вялікі дыван з воўны. Ажурная, тонкая работа, якую смела можна прапаноўваць на самую прэстыжную выставу. А яшчэ Ніна Уладзіміраўна – чараўніца-кулінарка. Жанчыны Хамічоў звяртаюцца да яе за рэцэптамі падчас летне-асенніх нарыхтовак. “У яе – усё самае смачнае”, – кажуць аднавяскоўкі. Таму вядучая Тамара Кісель загадзя па-прасіла Ніну Уладзіміраўну падзяліцца сакрэтамі сваёй кухні на свяце вёскі. Жадаючыя маглі запісаць ці запомніць некалькі парад гэтай цудоўнай гаспадыні. Завочна знаёмячыся з хамічанамі, Тамара Лявонцьеўна пачула нямала рамантычных гісторый і па-старалася ўключыць іх у сцэнарый. Напрыклад, Восіп Восіпавіч Кароль родам з Ваўкавыскага раёна, а хамічанінам стаў дзякуючы чароўным вачам мясцовай дзяўчыны. Прыехаў хлопец з брыгадай электраманцёраў у калгас “Шлях Леніна” з вольным сэрцам, а вярнуўся ў Ваўкавыск з запалоненым. Вось і давялося змяніць месца жыхарства… Яшчэ адна пара пазнаёмілася ў Расіі, і вось ужо 40 год дзеліць разам усе нягоды і радасці на радзіме жонкі. З рубінавым вяселлем Галіну Яўгенаўну і Анатоля Уладзіміравіча Такманцавых, акрамя вядучай, віншавалі спецыя-лісты цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яны прыгатавалі і падарунак, і шчырыя словы. Дарэчы быў і музычны нумар Алены Герасіменкі – песня “Погода в доме”. Вельмі цікавая біяграфія ў Івана Іванавіча Хвесюка. Ён мог застацца ў горадзе, бо пасля пяцігадовай службы на Балтыйскім флоце пэўны час працаваў на рыбалавецкім промысле ў Ліепаі. Ды не забывалася родная вёска, клікала хлопца рака Зальвянка, дурманіў у снах пах бэзу каля роднай хаты, жывілі ўспамінамі лугі і балоты ля вёскі. Вярнуўся дамоў і працаваў усюды, дзе патрабаваліся яго ўмелыя і спрытныя рукі: у полі, на ферме, на трактары. У вольны час вязаў для сябе і суседзяў венікі, плёў кошыкі. Ганарыцца Іван Іванавіч тым, што ён – карэнны хамічанін, і ўсе сённяшнія жыхары вёскі знаёмыя яму з дзяцінства. Біяграфію кожнага ведае, як сваю. Ён быў самым надзейным памочнікам Тамары Лявонцьеўны пры падрыхтоўцы сцэнарыя свята. А яшчэ Іван Іванавіч – шчаслівы дзядуля: ён другі пасля Людмілы Міхайлаўны Кузьміцкай па багацці. У яго 19 нашчадкаў! Дзіця вайны Надзея Іванаўна Сталярчук у маладыя гады была вельмі запатрабаванай краўчыхай. Пакуль не зачынілі Дом быту, працавала па спецыяльнасці, потым да пенсіі – паляводам. А навыкі швачкі заўсёды выручалі, калі трэба было пашыць абнову сабе, сусе-дзям ці ўнукам. Нялёгкай працы на ферме давялося паспытаць Веры Міхайлаўне Гаўрылік, Надзеі Уладзіміраўне Хвясько, Любові Аляксандраўне Чаргейка, Марыі Аляксееўне Чабярака, Мікалаю Васільевічу Хвясько і іншым хамічанам. Амаль пра ўсіх жыхароў вёскі згадала Тамара Лявонцьеўна, а члены вакальнага гуртка Алена Герасіменка, Міхаіл Пазнанскі, Анатоль Вярстак ды сама Тамара Кісель і акампаніятар Мікалай Дзярэчык дарылі ім цудоўныя песні. А яшчэ да творчай групы з Зэльвы далучылася жыхарка суседняга Запруддзя Марыя Сцяпанаўна Кароза, дасціпныя прыпеўкі якой вельмі даспадобы прый-шліся хамічанам. Адзначыла вядучая і майстрых вёскі, вырабамі якіх было ўпрыгожана падвор’е Я.А.Шлык. Тут і сама Яўгенія Аляксандраўна пастаралася, а яшчэ і Марыя Іванаўна і Марыя Аляксееўна Чабяракі. А ўвогуле ў вёсцы вельмі шмат творчых людзей. Хто вышывае, хто вяжа, хто тчэ, хто кошыкі пляце, хто з непрыдатнага матэрыялу калі не цуд, то нешта такое прыдумае, што міжволі на ім спыніцца вока. Вось тая ж самая гаспадыня гасціннага падворка Яўгенія Аляксандраўна: з рознакаляровых коркаў пластыкавых бутэлек зрабіла вельмі прыгожую агароджу для кветніка. Проста нанізала коркі на дрот – і калі ласка, арыгінальная, прыгожая і танная агароджа гатова. …Пасля канцэртнай праграмы ўвагай жыхароў завалодалі работнікі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ім было што паказаць і пра што расказаць. Каб жыхары лепш арыентаваліся ва ўсёй іх шматграннай рабоце, кожнаму ўручылі буклет аб паслугах установы. Падрабязна расказалі аб тым, хто можа разлічваць на гумані-тарную дапамогу. Пазнаёмілі з умовамі жыцця адзі-нокіх пажылых людзей у вёсках Мадзейкі і Акцябр-скай. Дапамаглі людзям падабраць рэчы з гуманітаркі, якія прывезлі з сабой. Не адразу, але паступова жыхары ацанілі акцыю сацыяльных работнікаў, дзякавалі за ўвагу да іх патрэб. …У планах Тамары Кісель і яе каманды свята вёскі Марцінавічы. Яніна Шматко.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.