Сусветна вядомы навуковец Рафал Лемкін, які адным з першых акрэсліў рысы генацыду, родам з Зэльвеншчыны

Апошнім часам у сродках масавай інфармацыі ўсё часцей падымаюцца пытанні генацыду. Разважаючы аб яго праяўленнях і распаўсюджванні, навукоўцы апіраюцца на факты сучаснасці і гістарычнага мінулага.

Само паняцце “генацыд” з’явілася ў сярэдзіне ХХ ст. Адзначыў рысы генацыду, вызначыў яго праяўленні Рафал (Рафаэль) Лемкін. Пра гэтага чалавека шмат напісана навуковых прац. Яго імя вядома ў многіх краінах свету, але, на жаль, не на малой радзіме. Між тым у Парыжы яму ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Чаму Рафала Лемкіна так цікавілі пытанні генацыду? Паспрабуем знайсці адказ у яго дзяцінстве.

Нарадзіўся Рафал Лемкін на Зэльвеншчыне ў 1900 годзе ў вёсцы Бязводна. У сваёй аўтабіяграфіі Рафал піша, што гэта была польска-яўрэйская сям’я. Бацька Іосіф быў упраўляючым у маёнтку. Маці, Бэлла Памеранц, займалася хатняй гаспадаркай і навучаннем сваіх дзяцей: Іллі, Самуіла і Рафаэля. Яна мела даволі добрую адукацыю: валодала некалькімі замежнымі мовамі, музыцыравала, малявала. Каб развіваць памяць сваіх сыноў, выкарыстоўвала вельмі просты метад: вершы, паданні, казкі яна спявала на мове арыгінала.

Ужо ў 14 год Рафал размаўляў на французскай, іспанскай, рускай мовах, іўрыце (усяго за сваё жыццё авалодаў 14 мовамі). Ён цікавіўся работамі Ніцшэ. Асабліва захапляла паэзія Сямёна Якаўлевіча Надсана. Ужо ў сталым узросце Лемкін адзначыць, што творчасць Надсана і сфарміравала погляды юнака на жыццё. “У вершах паэта я знаходзіў “тлумачэнне смерці”, – так пісаў Рафал.

Сям’я мела добрую бібліятэку. Там і праводзіў вольны час. Справы ў маёнтку яго зусім не цікавілі.

У 12 год прачытаў першыя творы Генрыка Сянкевіча. Уразіла кніга “Камо градзешы”, з якой даведаўся пра праследаванні хрысціян рымскім імператарам Неронам. Пачаў цікавіцца праяўленнем насілля ў гісторыі чалавецтва: пунічнымі войнамі, мангола-татарскім нашэсцем, праследаваннем гугенотаў у Францыі, гандлем рабамі. Ды і само жыццё ўвесь час прымушала думаць аб існуючай варожасці паміж людзьмі, якая можа ўзнікнуць па рэлігійных, нацыянальных, расавых прыкметах.

У аўтабіяграфіі “Купляючы права на жыццё” Лемкін піша, што сям’я пражывала ў маёнтку “Азерыска” (каля Бязводна, на тэрыторыі, якая гістарычна называлася Літвой). Аддаленасць ад буйных гарадоў зберагла родных ад яўрэйскіх пагромаў, якія былі частай з’явай у Расійскай імперыі. Але ў Азерыск нярэдка прыязджалі людзі з паліцыі. Пасля такіх наведванняў бацькі былі засмучаны, таму што за спакойнае жыццё прыходзілася даваць хабар.

Падчас Першай сусветнай вайны летам 1915 года Бязводна апынулася ў зоне актыўных баявых дзеянняў. Усё самае каштоўнае, у тым ліку і бібліятэку, Лемкіны закапалі ў лесе і там жа знайшлі сабе часовы прытулак. Прадбачлівым учынкам захавалі сабе жыццё. Нямецкім снарадам быў знішчаны дом, а затым захопнікі разбурылі тое, што яшчэ ўцалела.

Калі фронт адыйшоў ад Бязводна, вярнуліся назад у маёнтак, ад якога амаль нічога не засталося. Пачынаецца голад. Памірае брат Самуіл. Апошняя смерць асабліва ўразіла Рафала. Усё часцей ён задае сабе пытанні: “Чаму людзі забіваюць адзін аднаго? Чаму адбываюцца войны? Адкуль такая жорсткасць?” Праз усё сваё жыццё ён пранясе гэтыя пытанні і паспрабуе адказаць на іх.

Пасля такой трагедыі сям’я пераязджае ў Ваўкавыск, а Рафал пачынае самастойнае жыццё. Вучоба ў Беластоку, а затым на факультэце права Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, юрыдычным факультэце Львова. Доктарскую дысертацыю абараніў у Германіі. Адначасова займаецца судзебнай практыкай, працуе памочнікам пракурора ў Беражанах, затым выкладае ва ўніверсітэце Варшавы. Тыя справы, якія разглядаў Лемкін, а таксама падзеі ў свеце замацоўваюць мэту маладога чалавека прысвяціць жыццё вывучэнню праблем масавага знішчэння лю-дзей. Пачынае даследаваць міжнароднае права з мэтаю стварыць законы, якія б абаранялі прыгнечаныя народы і каралі злачынцаў.

Пытанне “варварства” ён падымае на шматлікіх міжнародных кангрэсах. На канферэнцыі ў Мадрыдзе ў 1933 г. прапанаваў распрацаваць міжнародную канвенцыю супраць генацыду. Праз два гады прадстаўляе асабісты праект і азначэнне паняцця “тэрарызм”.

1 верасня 1939 г. Германія нападае на Польшчу. Лемкіна прызываюць у вой-ска. Удзельнічае ў абароне Варшавы, быў паранены. Уцякае ад нацыстаў у Швецыю. Вясной 1941 г. пераязджае ў ЗША.
У 1942-1943 гадах піша сваю самую значную працу “Правіла осі ў акупіраванай Еўропе”, у якой даў азначэнне паняцця “генацыд”. Паняцце мае грэчаскія карані. “Генос” (род, радзіма, племя, народ) – сацыяльная група, якая мае агульнае паходжанне. Суфікс – “цыд” паходзіць ад лацінскага “caedo” – забіваць, біць. Па Лемкіну, генацыд – арганізаванае дзеянне, накіраванае на знішчэнне нацыі ці этнічнай групы праз “расшчапленне” арганізацыі, культуры, мовы, нацыянальнай самасвядомасці і рэлігійнай, эканамічнай асновы існавання, а затым пазбаўленне бяспекі, свабоды, здароўя, чалавечага гонару і ў канечным выніку – жыцця.

На Нюрнбергскім працэсе быў саветнікам Роберта Джэксана, галоўнага абвінаваўцы з боку ЗША злачынстваў фашысцкай Германіі. З 1946 г. быў кансультантам Прававога Камітэта ААН. Адзін з аўтараў Канвенцыі аб папярэджанні злачынстваў генацыду, больш вядомай як “Канвенцыя Лемкіна”. Выкладаў у Іельскім універсітэце ЗША. Двойчы выстаўляўся на атрыманне Нобелеўскай прэміі.

Рафал Лемкін – вядучы тэарэтык ХХ ст. Ён сцвярджаў, што выхаваны ў яўрэйскіх традыцыях, але не належыць да якой-небудзь нацыянальнасці ці рэлігіі. Лічыў сябе грамадзянінам свету. Так і не стварыў сям’ю. Усё жыццё памятаў адказ маці на яго пытанне:

– Чаму хрысціян праследавалі рымляне?

– Прыгнечаныя народы не могуць звяртацца за абаронай, – такі быў адказ Бэллы.

Змаганню з праявамі генацыду, выкрыццю іх каранёў ён і прысвяціў сваё жыццё. Памёр у 1959 г. у беднасці. Матэрыяльныя каштоўнасці яго не цікавілі. На жаль, яму не ўдалося дабіцца пастаўленай мэты, але на яго гістарычнай радзіме ідэі, погляды Рафала Лемкіна сталі не марай, а рэальнасцю.

Кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Светач” СШ№3
г.п. Зэльва Лілія СІДОРКА

Вам может быть интересно
2 комментариев
  1. Сяргей Яцулевіч says

    Нават ў Парыжы ўшанавалі Лемкіна, а ў нас… Увогуле ўпершыю пра яго даведаўся з гэтага артыкула… Сорамна неяк.

  2. Светлана says

    К сожалею, мы много не знаем.

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.