Судьбой не обласканная

Судьбой не обласканная

Лёс людзей, перажыўшых вайну і першыя пасляваенныя гады, рэдка быў шчаслівым. Нездарма і зараз яны гатовыя вынесці якія хочаш выпрабаванні, каб толькі не паўтарыліся ваенныя жахі. Але і сярод іх ёсць такія, што выклікаюць сапраўднае пакланенне за духоўную моц і непакорлівасць напасцям лёсу. Сабіна Іванаўна Антановіч – з іх ліку.

 

“Першая” і “другая” вайна ў лёсе Сабіны

 

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Сабіне Пацалуйка з Косцевіч было ўсяго чатыры гадкі. Гэта ў яе памяці – “першая вайна”. Памятае самае жахлівае. Яна з бабуляй бягуць па стоптаным жыце. Пад нага-мі – раструшчаныя гарматамі і машынамі каласы. На нейкім хутары хаваюцца ў яме. Бабуля вельмі непакоіцца за бацькоў Сабіны, якія засталіся ў вёсцы. І тут нехта прыносіць вестку, што іх хата згарэла. Галасіла бабуля, а за ёю і малая, думаючы, што згарэлі ў доме і бацькі. А потым – слёзы радасці, калі ўсе сустрэліся жывыя.

Жыць па чужых кутках давялося доўга. Ледзь не да “другой” вайны ў памяці  – лета 1944-га. З гэтай парой сямейнае паданне звязвае сустрэчу Сабіны з маршалам Жукавым. Вось як запомніла ліпеньскі дзень сама дзяўчынка.

Ратуючыся ад абстрэлу, жыхары вёскі хаваліся хто дзе мог. Жывёлу з хлявоў павыганялі, каб не згарэла ў час пажару, і свінні, авечкі і коні разбрыліся па ваколіцах. Мыкалі даўно не доеныя каровы. Бацька Сабіны вельмі хваляваўся за дом. Першакласны цясляр, ён не адзін дом пабудаваў аднавяскоўцам. Вось і для сябе нядаўна амаль цалкам закончыў новую хату – замест згарэлай у 41-ым. Колькі цяжкай працы ўкладзена! Няўжо зноў без свайго куточка давядзецца жыць? І як толькі заціхла страляніна, яны ўтраіх – сам, жонка і 7-гадовая дачушка – падышлі да свайго двара. Бачаць – хата цэлая, але без шыбаў у вокнах. Нехта завесіў іх посцілкамі. На двары – салдаты, якія не пускаюць гаспадароў у дом. “У вашым доме спыніўся Жукаў, пабудзьце пакуль у іншым месцы,” – кажуць ім. Маці папрасіла дазволу падаіць карову, і хуценька напоўнілася вядро сырадоем. У гэты час з дома выйшаў той, каго назвалі Жукавым. Ён памыўся і звярнуўся да гаспадароў. Спытаў прозвішча, ласкава паглядзеў на дзяўчынку і нечакана ўзяў на рукі. Падняў яе высока і сказаў: “Расці, дачушка, вялікай і здаровай, і няхай ніколі не ўварвецца ў твой лёс вайна”.

Праз некаторы час на імя Івана Антонавіча Пацалуйкі прыйшло пісьмо, у якім іх пастаялец прасіў прыехаць… за шыбамі для вокан. Так аддзячыў генерал-маёр Жабраў, камандзір 137-й стралковай дывізіі, што вызваляла мясціны ў раёне в.Каралін, за прытулак у сялянскай хаце. Хутчэй за ўсё, гэта быў ён, а Жукавым у легендзе стаў, бо імя маршала было ў тыя гады надзвычай папулярным. Ды і прозвішчы падобныя.  

 

Жыццё да замужжа

 

Пасля вайны Сабіна пайшла вучыцца ў Аляксандраўшчынскую сямігодку. У тыя гады рэдка хто ішоў вучыцца далей у Зэльву, бо паўгалоднае жыццё патрабавала як мага хутчэй дапамагаць бацькам зарабляць на кавалак хлеба. Пачала працаваць і Сабіна. Калі арганізавалі ў вёсцы калгас, стала спачатку свінаркай, а пасля – даяркай. 10 гадоў на ферме, дзе ніякай механізацыі і блізка не было. Усё рабілі ўручную: і кармы насілі тры разы ў дзень, і подсціл столькі ж разоў, і гной выкідвалі. І, галоўнае, па тры разы даілі кароў, упарадкоўвалі малако, мылі-чысцілі бідоны, грузілі іх на трактар ці машыну, якія адвозілі малако ў Зэльву. Працавітая, як бацькі, Сабіна выкладвалася на працы без астатку. Яе заўважалі, ставілі ў прыклад. А ёй і падзяк не трэба: не той характар, каб заахвочваць да працы!

 

Змена месца жыхарства

 

Неўзабаве пасля замужжа Сабіны бацька пачуў, што ў Міжэрычах прадаецца дом. Паехалі паглядзець, дамовіліся з гаспадарамі аб цане – і маладая сям’я Антановічаў стала міжэрыцкімі жыхарамі. Сабіна Іванаўна аформіла перавод з аднаго калгаса ў другі і з яшчэ большай ахвотай узялася за працу. Ферма ў першыя гады яе жыцця ў Міжэрычах была зусім недалёка ад дома. Праўда, і тут яшчэ ніякай механізацыі не было. Апараты “ёлачка” ўстанавілі толькі ў 1969 годзе, калі пабудавалі новую ферму. Колькасць кароў, замацаваных за кожнай даяркай, з 15-ці павялічылася да 24-х. Закупілі тады рагуль новай пароды. Малако – тлустае, якаснае. Па 24 літры ад каровы надойвала Сабіна Іванаўна ў цёплую пару года, восенню і зімой – па 15. Неўзабаве стала адной з першых у раёне даярак-сямітысячніц. Штогод пры падвядзенні вынікаў працы Сабіна Іванаўна называлася ў ліку лепшых, узнагароджвалася граматамі і грашовымі прэміямі.

Вельмі не любіла жанчына перадаваць “сваіх каровак” у другія рукі. Калі старшыня прапаноўваў жанчыне паехаць у Зэльву на свята работнікаў сельскай гаспадаркі, адгаворвалася як магла. “Ну не дадзім нікому даіць тваіх кароў днём, зробіш два ўдоі сама”, – угаворваў старшыня. А ўжо куды далей ад’ехаць было для даяркі сапраўднай праблемай. Вельмі рэдка давала яна сабе адпачынак. У 1973 годзе атрымала медаль “За трудовое отличие”. У вытрымцы з Палажэння аб узнагароджванні гаварылася, што ўдастойваюцца гэтага медаля “за выдающуюся ударную работу”. Тут, як кажуць, пападанне ў корань. Двойчы адзначалася Сабіна Іванаўна Галоўным камітэтам ВДНГ СССР: спачатку бронзавым, а пасля сярэбраным медалямі. Былі юбілейныя медалі, знакі пераможцы сацыялістычных спаборніцтваў і ўдарніка пяцігодак. А ў 1986 годзе атрымала жанчына ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

 

Пакуты мірных дзён

 

Мы рэдка задумваемся над паводзінамі нашых продкаў, бо часцей за ўсё і не ведаем пра іх. Жыццё ж складанае, і ў кожнага ёсць учынкі, у якіх сорамна прызнацца. А калі гэта не лёгкія правіны, а злачынствы – хто адмоліць грахі роду? – Бог выбірае тых, каго надзяліў вялікімі духоўнымі сіламі, якія дазволяць вытрымаць усё, нават, здавалася б, немагчымае… Такой абранніцай для свайго роду стала худзенькая жанчына з цёплымі ўсёдаравальнымі вачамі.

Пачыналася ўсё са смерці двухгадовага першынца. Якім пякучым быў той боль! Страціць безабароннае дзіця, якое так цешыла першымі словамі і крокамі, было непамернай мукай. Акрамя любімай работы, лячыў раны другі сынок. І ці ж магла ўявіць тады маці, што менавіта яму, яе Юрку, яе збаўцу ў той чорны час, выпадзе доля стаць прычынай матчыных слёз праз паўтары дзесяцігоддзі? І не сам Юра стане такім нячулым да маці, а вайна, што дагнала-такі Сабіну Іванаўну яшчэ раз. Вайна не на радзіме, а ў далёкім Афганістане, куды накіруюць яе сына. Вядома, ён не хваляваў матулю ў пісьмах, пісаў, што ўсё добра. Але як “добра” бывае на вайне, Сабіна Іванаўна памятала з дзяцінства. 

Яшчэ і вярнуўшыся з арміі, Юрый доўга не мог выкінуць з памяці падзеі той бязлітаснай вайны. Часта крычаў у сне. Сын крычаў, а маці ціха плакала, як і тады, калі са страхам чакала паштальёна…

Але ўсе гэтыя перажыванні памерклі перад той бядой, што абрушылася на жанчыну ў пачатку 2000 года. Як вытрывала і не разарвалася сэрца Сабіны Іванаўны, калі за адну хвіліну яна страціла адразу чатырох блізкіх людзей, – яна не ведае сама. Дом, што ўцалеў ад ваеннага пажару, перавезены пасля смерці бацькоў з Косцевіч у Чырвонае Сяло, згарэў за лічаныя хвіліны звычайным мірным вечарам. Пахаваўшы пад галавешкамі дачку, зяця, дваіх унукаў… З вялікай сям’і ўцалела самая меншая – пяцігадовая Вераніка. Калі б не яна, напэўна, Сабіна Іванаўна не перанесла б той страшнай трагедыі. Прытуліўшы да сябе асірацелае дзіця, зразумела: без яе ласкі дзяўчынка не выжыве. І акамянелае ад гора сэрца стала паціхеньку мягчэць. Замянілі яны з мужам дзяўчынцы і бацьку, і маці, і брата, і сястру. Тры гады таму назад балюча перажывала Вераніка страту дзядулі. І яму нялёгка было пакідаць жонку з унучкай адных…

З’яднаныя агульнай бядой і вялікай любоўю адна да адной, жывуць у Міжэрычах бабуля  і ўнучка, якія перанеслі неймаверныя пакуты. Ні на хвіліну не пакідае Сабіна Іванаўна сваю крывінку. Ахвяруе ўсім, толькі б ёй было добра. Вераніка зараз у 11 класе, старанна вучыцца і хоча паступаць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. Няхай спрыяе ёй у гэтым Бог!

Не пыталася ты: “За што мне?”,

Не кляла свой трагічны лёс.

Выпрабоўваюцца – 

                      змалку помніла, –

Хто для гэтай мэты і рос.

Хай стае ў цябе сілы, здароўя,

Каб унучцы дапамагчы

Атрымаць адукацыю добрую

І каханне сваё знайсці.

Хай унучка будзе шчаслівай,

Бо бабуля доляй цяжкой

Роду ўсе грахі адмаліла,

Усе напасці закрыла сабой.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.