Станислав Попелуха из д.Костевичи знает толк в дровах

3531

У гэтыя марозныя дзянькі многія жыхары гарадскіх кватэр і дамоў па-добраму зайздросцяць вяскоўцам: ні адна, нават самая цёплая батарэя ацяплення не ідзе ні ў якое параўнанне з печчу – для здароўя і задавальнення ніхто яшчэ не прыдумаў нічога лепшага за яе. Але без дроў тут – ніяк. Адны гаспадары нарыхтавалі на зіму паліва з хваёвых парод дрэў, другія аддалі перавагу бярозавым паленцам… Не тое, што адны дровы лепшыя, а другія горшыя – проста яны розныя.
Аб гэтым у чарговы раз узгадалі ў ходзе адной з нашых паездак па раёне. Праязджаючы па вёсцы Косцевічы, заўважылі акуратна складзеныя “ў стажок” дровы. Гэтая акалічнасць і кінулася ў вочы: сёння так захоўваюць паліва, бадай што, адзінкі. Ад таго і захацелася пагутарыць з гаспадарамі: чамусьці з’явілася ўпэўненасць, што жывуць тут людзі пажылыя. Мы не памыліліся – Станіславу і Марыі Папялухам каля 80. Нашаму нечаканаму візіту яны здзівіліся, аднак гасцін-на запрасілі зайсці, аба-грэцца, так бы мовіць. А ў доме сапраўды цёпла – тры печы служаць сваім гаспадарам верна. Да таго ж, Станіслаў Браніслававіч ведае ў дровах толк – на аба-грэў выкарыстоўвае выключна бярозавыя паленцы. Чаму, патлумачыў у ходзе гутаркі.
Сухія бярозавыя дровы распаліць атрымліваецца без праблем, гараць яны доўга, прыгожым роўным полымем, амаль без іскраў. Яны даюць шмат цяпла і валодаюць здольнасцю дэзынфіцыраваць паветра, якое напаўняецца прыемным лёгкім водарам. Шануюць бярозавыя дровы і аматары лазні. А яшчэ гэты від паліва, згараючы, вылучае вельмі мала чаднага газу. Аднак ёсць у іх і «лыжка бярозавага дзёгцю»: з-за яго ў коміне і на сценах печы, якую паляць такімі дровамі, утвараецца шмат сажы. Цяга ад гэтага становіцца горшай, а верагоднасць пажару вышэйшай. Так што, выбраўшы бярозу, комін гаспадару прый-дзецца прачышчаць часцей.
Непаўторны смалісты водар, характэрнае патрэскванне пален, яркія іскры, што раз-пораз разлятаюцца вакол, – прыкметы гарэння іглічных дроў. Аднак сачыць за печчу неабходна больш пільна: іскра, якая «стрэліла», можа выляцець з топкі і стаць прычынай пажару. Як і бяроза, хваёвыя і яловыя дровы даюць шмат цяпла, але згараюць значна хутчэй. Дарэчы, сажы ад смалістых іглічных дроў на сценках печы і коміна асядае не менш, чым ад бярозавых.
Драўніна дуба трывалая, шчыльная, таму гарыць горача і доўга. Водар ад дубовых пален прыемны, насычаны, але падыходзіць на дровы далёка не ўсякае дрэва. Маладзенькі дубок мае слабаваты жар, а стары зробіць паветра цяжкім – у лазні, напрыклад, не кожны гэта вынесці зможа. Добра разгараюцца і даюць выдатнае цяпло толькі сухія дровы з дуба «сярэдняга ўзросту».
Альховыя дровы гараць горача, амаль без дыму і сажы, затое з непаўторным водарам, які валодае гаючай сілай. Лічыцца, што лазня на альховых дровах – выдатны сродак ад прастудных хвароб. А раней, кажуць, менавіта алешыну выбіралі для печаў у багатых сядзібах. Цэняць альховыя дровы і аматары хатняй вэнджаніны. Ёсць, праўда, у гэтага выдатнага дрэва адна асаблівасць, на якую трэба звярнуць увагу, купляючы гатовае паленне: усё сказанае тычыцца дроў з алешыны, якая вырасла на сухім месцы. А вось балотная і чадзіць можа, і ў лазні ад яе жар цяжкі.
Фруктовыя дровы атрымліваюцца з галінак і сукоў, якія застаюцца пасля абразання яблынь, вішань і іншых дрэў у садзе. Такія дровы вельмі добрыя ў лазні: гараць горача, роўна, даюць лёгкі пар і прыемны далікатны водар. Асабліва цэняцца яблыневыя дровы – ад іх і жару больш, і дыму амаль няма. Аднак калі дрэва было вельмі старым, і драўніна ўнутры гнілая, яго лепш не выкарыстоўваць.
Аднымі з лепшых дроў лічацца ліпавыя. Яны з моцным, стойкім жарам, мядовым водарам і гаючай сілай. Лазня на ліпавых дровах добра ўплывае на стан скуры, карысная пры прастудах, катары, хваробах лёгкіх. Разгарацца ліпа можа доўга, але і цяпло дае ўстойлівае.
Асінавыя дровы заўсёды нядрэнна трымаць пра запас, бо ў іх ёсць вельмі каштоўная ўласцівасць: яны і самі сажы не даюць, і нагар, які ўтварыўся ад іншых дроў, здольныя падчышчаць. Праўда, асінавыя дровы наўрад ці змогуць добра сагрэць – цяпла пры згаранні яны вылучаюць намнога менш, чым сасновыя або бярозавыя. Даўней асіна лічылася «дровамі беднякоў». Але вось падкінуць некалькі асі-навых пален, завяршаючы топку, будзе зусім не лішнім: доўгія языкі полымя, якія ад іх узнімаюцца, пазбавяць печ ад сажы.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.