Служба дні і ночы

968 У гатоўнасці №1

У час нашага ранішняга наведвання ПАВЧ №1 пасля разводу каравулаў на баявое дзяжурства заступіла змена №1, якую ўзначальвае граматны афіцэр Дзмітрый Скіба. Гэта падраздзяленне лічыцца адным з лепшых у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Як у кожным воінскім падраздзяленні, у пажарнай выратавальнай часці ўсё строга падпарадкавана раскладу ўнутранай службы, дзе прадугледжаны час для заняткаў па баявой падрыхтоўцы, работы па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы, падтрымання тэхнікі і абсталявання ў стане баявой гатоўнасці, заняткаў аварыйна-выратавальным спортам і фізічнай падрыхтоўкай. Асабовы састаў каравула №1 мы засталі на занятках па вывучэнні выратавальнага абсталявання, якія праводзіў намеснік начальніка па аператыўна-тактычнай рабоце Сяргей Яскевіч. Знаходзячыся на баявым дзяжурстве, выратавальнікі ў любую хвіліну, як толькі прагучыць сігнал трывогі, гатовы тэрмінова выехаць на месца здарэння. – У раёне кругласутачна нясуць баявое дзяжурства 13 чалавек асабовага саставу і 5 адзінак тэхнікі, – расказвае Сяргей Іванавіч. – З пачатку года зроблены 22 баявыя выезды на ліквідацыю пажараў і надзвычайных сітуацый, 12 з іх у нашым раёне, астатнія – у суседніх. На прадпрыемствах, у арганізацыях, школьных і дашкольных установах, населеных пунктах супрацоўнікі пастаянна праводзяць рэйды-праверкі, тэматычныя выступленні па прафілактыцы пажараў і іншых надзвычайных сітуацый з паказам відэаматэрыялаў адпаведнай тэматыкі. Акрамя асноўнай дзейнасці займаемся аказаннем платных паслуг.

969

Баявая вахта

З пачаткам жніва ўсе падраздзяленні РАНС перайшлі на ўзмоцнены рэжым нясення службы. Кантралююцца ўсе ўчасткі ўборачнага канвеера, пачынаючы з поля і заканчваючы дапрацоўкай і захоўваннем зерня. Акрамя інспекцыі на палях філіяла “Князева”, СГФ “Дабраселецкі”, СВК “Караліно” і “Сынкавічы” нясуць баявую вахту – ахоўваюць ад агню тэхніку і вырашчаны хлеб – выратавальнікі ПАВЧ №1 і пажарна-аварыйна выратавальных пастоў. Разам з намеснікам начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Сяргеем Грабуном, інспектарамі інспекцыі нагляду і прафілактыкі Антонам Ліпскім і групы прапаганды і навучання Аляксандрам Болцікам мы накіраваліся ў СВК “Караліно”, каб праверыць стан пажарнай бяспекі на жніве. На полі, непадалёку ад вёскі Лешна, поў- ным ходам ішла ўборка зерневых. Ля працуючых камбайнаў стаяў пажарны аўтамабіль, на якім баявую вахту нёс вадзіцель-пажарны ПАВП №13 Андрэй Ламека. – Дзяжурства ў гаспадарках мы забяспечваем згодна графіку ў свой вольны ад службы час, – расказвае выратавальнік. – Знаходзімся на пасту пакуль апошні камбайн не пакіне поле. За час нашай гутаркі інспектар Антон Ліпскі паспеў праверыць ступень захоўвання супрацьпажарнай бяспекі камбайнаў і іншай тэхнікі.

970

За жыццё чалавека – у агонь і ваду

Па дарозе заглянулі ў ПАВП №11, які знаходзіцца ў аграгарадку Караліно. Тут дзяжурыла змена ў складзе начальніка каравула Дзмітрыя Лабовіча і вадзіцеля Сяргея Сакалоўскага. У сакавіку гэтага года яны выратавалі на зэльвенскім вадасховішчы чалавека. Мы папрасілі іх расказаць аб здарэнні. – Пра тое, што на возеры пад лёд праваліўся чалавек, нам паведамілі рыбаловы, якія праязджалі міма. Мы хутка выехалі на месца здарэння. Дабірацца па веснавым крохкім лёдзе да тапельца было вельмі рызыкоўна. Пры дапамозе перасоўных пажарных лесвіц і вяроўкі мы асцярожна рухаліся ў патрэбным накірунку. Калі дабраліся да пацярпелага, ён ужо пасінеў ад холаду і амаль страціў прытомнасць. Выцягнуўшы чалавека з вады, такім жа чынам вярнуліся на бераг. Пра свой мужны ўчынак выратавальнікі гаварылі сціпла. Варта адзначыць, што за час сваёй службы ім давялося выратаваць не адно чалавечае жыццё.

971

У РАНС служаць сапраўдныя мужчыны

– У нас служаць сапраўдныя мужчыны,– адзначыў у час нашай заключнай размовы па вяртанні ў РАНС Сяргей Грабун. – Людзі слабыя ў фізічным і псіхалагічным плане ў нас доўга не за-трымліваюцца. Для выканання сваіх абавязкаў пажарны-выратавальнік павінен валодаць многімі прафесійна важнымі якасцямі – самаадданасцю, мужнасцю і адвагай. Але самае галоўнае, ён павінен умець хутка прымаць рашэнні, не раздумваючы кінуцца на дапамогу людзям, якія апынуліся ў бядзе. Менавіта такія важныя якасці ўласцівы нашым асам выратавальнай справы –Уладзі-міру Горнаму, Сяргею Іванчуку, Дзмітрыю Лагунову, Дзмітрыю Лабовічу, Юрыю Каленку, Мікалаю Зембе і многім іншым. Пераможцам першага этапу (раённага) рэспубліканскага прафесійнага конкурсу на лепшую арганізацыю службы стаў каравул №1, які ўзначальвае Дзмітрый Скіба. Напярэдадні свята яму згодна з Указам Міністра па надзвычайных сітуацыях датэрмінова прысвоена званне маёра. Сярод сельскіх пастоў на першы прыступак паднялася змена №2 у складзе камандзіра аддзялення Юрыя Каленкі і вадзіцеля Анатолія Доўкшы з ПАВП №12 (в. Падгрушаны). Пераможцы прымуць удзел у другім (абласным) этапе конкурсу, які пройдзе ў канцы ліпеня. Высокай урадавай узнагародай – медалём “За адзнаку” ІІ ступені ўзнагароджаны камандзір аддзялення Дзмітрый Лабовіч (ПАВП №11). Нагрудным знакам МНС “Выдатнік” адзначаны начальнік ПАВП №14 Сяргей Іванчук, які сёлета быў выбраны дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Ветэран РАНС – вадзіцель Віктар Бурдук датэрмінова атрымаў званне прапаршчыка. За выдатныя поспехі ў службе Граматай МНС адзначаны дыспетчар ПАВЧ №11 Юрый Камарэц, граматамі Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС – камандзір аддзялення Мікалай Земба і вадзіцель Сяргей Сакалоўскі з ПАВЧ №11, старшына групы матэрыяльна тэхнічнага забеспячэння і абслугоўвання ПАВЧ №1 Алег Александровіч. Юбілейным медалём “160 лет пожарной службе” узнагароджаны начальнік каравула Дзмітрый Скіба, старшына Алег Александровіч, дыспетчары Юрый Камарэц і Андрэй Нагула, старшы пажарны Сяргей Маўчун (ПАВЧ №1), вадзіцелі Сяргей Сакалоўскі (ПАВП №11), Мікалай Чаргейка (ПАВП №14) і Валянцін Чура ( ПАВП №12). Шчырыя словы падзякі за вялікую прафілактычную работу хочацца выказаць супрацоўнікам інспекцыі нагляду і прафілактыкі, якую ўзначальвае Павел Нядвецкі. Радуе нас тое, што на змену нашым ганаровым ветэранам прыходзяць маладыя супрацоўнікі, якія выдатна зарэкамендавалі сябе. Сярод іх – начальнік каравула Дзмітрый Дуброўка (ПАВЧ №1), старшы пажарны Станіслаў Панасік і пажарны Міхаіл Шэйка. Адпавядаць сваёй мужнай прафесіі выратавальнікам дапамагае спорт. Фізічнай падрыхтоўцы дзяжурным зменам у раскладзе адведзена адна гадзіна. Рэгулярна ў аддзеле праходзяць спаборніцтвы сярод падраздзяленняў па васьмі відах спорту. Нядаўна каманда ў складзе Сяргея Грабуна, Станіслава Панасіка, Анатолія Доўкшы, Андрэя Ламекі і Міхаіла Новыша заняла трэцяе месца на абласных спаборніцтвах па гіравым спорце сярод выратавальнікаў Гродзеншчыны. Так што зэльвенскія выратавальнікі не толькі самыя прафесійныя, але і самыя спартыўныя. У РАНС можна сустрэць і таленавітых артыстаў, якія паспяхова выступаюць на аглядах мастацкай самадзейнасці. Нашымі надзейнымі памочнікамі сталі добраахвотныя пажарныя фарміраванні і санітарныя дружыны з прадпрыемстваў і арганізацый раёна, а таксама юныя пажарныя. Ад кіраўніцтва райаддзела хацелася б павіншаваць з прафе-сійным святам усіх работнікаў, у першую чаргу, нашых ветэранаў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны братоў Васілія і Мікалая Генюшаў, Васілія Лойку, а таксама тых, хто прыйшоў ім на змену і цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку – Васілія Раманчука, Васілія Кічука, Сяргея Антановіча, братоў Аляксандра і Уладзіміра Карнеяў, Юрыя Сая і іншых. Шчыра зычым усім моцнага здароўя, дабрабыту, вытрымкі, эмацыянальнай устойлівасці і задавальнення ад той справы, якой закліканы служыць. А ўсім жыхарам раёна жадаем, каб іх абміналі беды і надзвычайныя здарэнні. Віктар МАКОЎСКІ.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.