Савецкія часы ўспаміналі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту

У аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту адбылося чарговае пасяджэнне. Нагодай стала сімвалічная дата: 1 студзеня краіна адзначыць 100-годдзе са дня ўтварэння БССР. Напярэдадні свята наведвальнікі аддзялення вырашылі не толькі ўспомніць савецкія часы, але і папоўніць веды некаторымі фактамі з гісторыі Беларусі.

Усе мы родам з БССР альбо з СССР. Нягледзячы на тое, што Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі няма на палітычнай мапе ўжо як 27 гадоў, яна застаецца часткай гісторыі як асобна нашай краіны, так і ўсяго сусвету, – нагадала Наталля Глушэня, загадчыца аддзялення.

Вядучыя мерапрыемства зачыталі змястоўную лекцыю аб станаўленні БССР. Прысутныя пачалі ўзгадваць дзяржаўных дзеячаў.

– За 81 год майго жыцця паспела змяніцца больш за дзесяць дзяржаўных кіраўнікоў, – успамінае Леанід Ган. – Нарадзіўся я пры Юзэфе Пілсудскім, пасля да ўлады прыйшоў Эдвард Рыдз-Сміглы. У 1939 годзе ўстанавілася савецкая ўлада. Пасля Іосіфа Сталіна Саюзам кіравалі Г.Малянкоў, М.Хрушчоў, Л.Брэжнеў, Ю.Андропаў, К.Чарненка, М.Гарбачоў. Затым старшынямі Вярхоўнага Савета БССР былі С.Шушкевіч, М.Дземянцей. І вось, нарэшце, Прэзідэнт краіны – Аляксандр Лукашэнка.

– Вялікі ўклад у развіццё БССР унёс і Пётр Машэраў, які ўзначальваў беларускую партыйную арганізацыю, – дапоўніла Марыя Кукаловіч. – У свой час Пётр Міронавіч прыязджаў і ў Зэльвенскі раён. Мой родзіч, які на той час працаваў загадчыкам участка у галынкаўскім калгасе, расказваў, як прайшла сустрэча. Кіраўніцтва сельскагаспадарчай арганізацыі, канешне, рыхтавалася да прыёму. Аднак Машэраў сам прайшоўся па гаспадарцы, пагутарыў з рабочымі. Калі запрасілі да багатага стала, адказаў: «Дзякуй, але мне, калі ласка, падайце малочны суп, варанае яйка і гарбату». Мой дзядзька яшчэ доўга ўспамінаў гісторыю пра сціплага Машэрава.

Наведвальнікі аддзялення праглядзелі відэаролік «20 фактаў пра Беларусь». Даволі пазнавальны. Вы, напрыклад, калі-небудзь задумваліся, што Беларусь – адзіная краіна былога СССР, якая з мінімальнымі змяненнямі выкарыстоўвае савецкую сімволіку? Рэч пра Сцяг і Герб. Ведалі, што здзейсніць місію «Апалон» (першы палёт чалавека на луну) удалося дзякуючы беларусу Барысу Кіту, канструктару ракетнай тэхнікі. А што галівудскія зоркі Скарлет Ёхансан, Харысан Форд і Майкл Дуглас маюць беларускія карані?

Пасля прагляду відэасюжэта арганізавалі віктарыну на 35 пытанняў. Трэба заўважыць, многія бліснулі ведамі… З лёгкасцю адказалі, як называецца горад, што ёсць і ў Беларусі, і ў Францыі, які населены пункт самы старажытны на Гродзеншчыне. Але не назвалі птушку, што на нямецкай мове гучыць як «шторх», а на ўкраінскай – «лялека». А вы ведаеце адказы?

(Падказкі: Брэст, Ваўкавыск, бусел).

Кацярына СЯРГЕЙ

Вам может быть интересно

Комментарии отключены