Сабраў кірмаш паэтаў на пляцоўцы

8596
У другі дзень кірмашовага свята на пляцоўцы летняй эстрады аматары паэзіі сустракалі паэтаў – зяльвян і гродзенцаў. Паэтычную гасцёўню падрыхтавалі работнікі Зэльвенскай раённай бібліятэкі, як і дзве вельмі цікавыя выставы – “Зэльва паэтычная” і “На нёманскай хвалі”. Першая была прадстаўлена ў асноўным прадукцыяй самой бібліятэкі, а другая – персанальнымі і калектыўнымі зборнікамі членаў абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Вядучыя Валянціна Масюк і Наталля Цынс з гонарам за землякоў паведамляюць: “Нашы паэты займаюць пачэсныя месцы ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, за сваю творчасць атрымліваюць дастойныя ўзнагароды, удзельнічаюць у шматлікіх конкурсах і становяцца пераможцамі, выдаюць уласныя кнігі, ладзяць цікавыя сустрэчы. Вельмі прыемна, што ў Год культуры адбыліся знакавыя падзеі ў жыцці нашых творцаў”. І нагадалі пра гэтыя падзеі: уручэнне медаля Францыска Скарыны Ганароваму грамадзяніну нашага раёна Уладзіміру Мазго, уступленне ў прафе-сійны творчы Саюз Валянціна Семянякі, перамога ў двух конкурсах, прысвечаных г.Гродна, Ірыны Данік.
Адзін за адным выступаюць паэты: ужо згаданыя зэльвенцы і гродзенцы Дзмітрый Радзівончык, Тамара Мазур, Пётр Сямінскі.
Уладзімір Мазго наведвае Зэльву як мінімум два разы ў год: вясной, на свята Сакавін, і летам, у дзень Ганненскага кірмашу. Ён быў рады перадаць землякам сардэчнае прывітанне ад удзельнікаў зэльвенскіх Сакавін. Іх ужо даволі шмат: гэта Алег Елісеенкаў, Мікола Маляўка, Казімір Камейша, Мікола Мятліцкі, Міхась Пазнякоў, Анатоль Зэкаў, Іван Саверчанка, Віктар Шніп… Уладзімір Мінавіч чытаў вершы, прысвечаныя Зэльве, Дзярэчыну, Ганненскаму кірмашу.

8595
Перш чым даць слова намесніку старшыні Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Дзмітрыю Радзівончыку, вядучыя нагадвалі, што членамі гэтай арганізацыі з’яўляюцца зэльвенцы Ірына Войтка, Ірына Данік, а з сакавіка сёлетняга года – і Валянцін Семяняка. На жаль, Ірына Войтка прыехаць са Слоніма не змагла, таму творчую справаздачу землякоў пачынае Ірына Данік. Мінулы год для яе быў вельмі адметным. Яна стала пераможцай літаратурнага конкурсу “Гродна – культурная сталіца Беларусі-2014” у намінацыі “Паэзія” і канцэртнай праграмы “Гродна – ты мой лёс, мая паходня”. Згадзіцеся, што гэта вельмі няпроста: стаць пераможцай сярод сарака прафесіяналаў, якія, да таго ж, амаль усе жывуць у самім Гродне. Да чарговага кірмашу Ірына Мікалаеўна напісала нізку вершаў, з якімі і пазнаёміла слухачоў.
Новы верш пра кірмаш склаў і Валянцін Семяняка. У ім ён, як адзін з асноўных арганізатараў свята, выказвае свой непакой за тое, “ці з’явяцца госці, “ці хопіць напояў і месца для ўсіх!, “ ці ўсе, хто павінен, прыедзе?”, “ці дождж не прыпыніць гулянак ліхіх?”. І яго занепакоенасць добра зразумела землякам, бо ўсе памятаюць, як у адзін з кірмашовых гадоў праліўны
дождж падкарэкціраваў правядзенне многіх запланаваных мерапрыемстваў. Пазнаёміў Валянцін Міхайлавіч прысутных з новай – вельмі цікавай – баладай “Прынцэса і пастух”, вершам “Усё меней тых, з кім цікава” і шчыра падзякаваў прыхільнікам паэзіі, што “церпяць сонца і нашы радкі”.
Тамара Мазур – наша суседка: яна нарадзілася ў Ваўкавыскім раёне. Доўгі час працавала ў газетах і часопісах “Прамень”, “Чырвоная змена”, “Першацвет”, “Крыніца”, ваўкавыскім “Нашым часе”. Цяпер яна супрацоўніца Гродзенскай рэ-гіянальнай газеты “Перспектыва”. Тры гады таму стала лаўрэатам прэміі імя А.Дубко. Прызналася, што вельмі любіць невялікія гарады, сярод якіх і Зэльва зойме важнае месца ў яе сэрцы. Паэтка пазнаёміла слухачоў з нізкай сваіх вершаў.
Пятра Сямінскага Дзмітрый Ра-дзівончык прадставіў як творцу, якому падуладны ўсе жанры. Піша Пётр Яраслававіч як на рускай, так і на беларускай мовах, як для дзяцей, так і для дарослых. Адметнасць творчага дару Сямінскага – іскрамётныя экспромты– бурымэ, якія заўсёды ўзнімаюць настрой публікі. Прачытаўшы некалькі пародый (прачытаўшы віртуозна, як сапраўдны артыст!), Сямінскі і зэльвенцаў па- прасіў прыдумаць некалькі слоў, з якіх ён будзе ствараць новую мініяцюру. І пакуль выступаў пасля яго Дзмітрый Радзівончык, Пётр Яра-слававіч напісаў бліскучы “Зэльвенскі жнівень”, створаны са слоў, якія, здавалася, не мелі да жніўня ніякага дачынення.
Дзмітрый Радзівончык мае дыплом па спецыяльнасці “руская філалогія”, таму і піша па-руску. Ён – аўтар кніг “Пиррова техника”, “Дым без огня”, “Река безбрежная”. Апошняя стала пераможцай другога абласнога конкурсу імя Цёткі (А.Пашкевіч) у намінацыі “Паэзія”. Спрабуе сябе ў публіцыстыцы і ў мастацкім перакладзе. Зэльвенцаў пазнаёміў з вершамі : “А ты оделась в черное на бал”, “Радости разлук”, “Баллада о разбитом корыте”. На памяць аб сустрэчы Дзмітрый Радзівончык падарыў зэльвенцам 2 экземпляры новага паэтычнага зборніка. Адзін – арганізатару сустрэчы – бібліятэцы, другі – сааўтару Ірыне Данік. Зборнік папоўніць фонд краязнаўчай літаратуры бібліятэкі, які, як пераканаліся ўдзельнікі імпрэзы, даволі багаты.
Паэтаў віншавалі музычнымі падарункамі выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў, адна з удзельніц некалі вельмі вядомага ансамбля “Русічы” Ала Вілесава, галоўны архітэктар раёна Дзмітрый Кірэ-енка, які заінтрыгаваў віртуозным валоданнем мала вядомага інструмента – валынкай.
Сустрэча атрымалася гарачай як літаральна (гледачы мужна пераносілі промні спякотага сонца), так і ў пераносным сэнсе, бо сустракалі выступленне кожнага паэта гарачымі апладысментамі.
Яніна ШМАТКО.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.