Ганненскі кірмаш – унікальнае гандлёвае мерапрыемсва

Каб атрымаць найбольш яскравае ўяўленне аб беларускім кірмашы як з’яве, лепш за ўсё перанесціся ў Зэльву канца XVIII–першай паловы XIX стагоддзя. На гэты перыяд прыходзіцца найбольшы росквіт тутэйшага кірмашу, што, як лічаць даследчыкі, з’яўляўся ўнікальным па тым часе гандлёвым мерапрыемствам. 26 ліпеня ў Зэльве штогод пачынаўся знакаміты Ганненскі кірмаш (у гонар храмавага свята святой Ганны), які доўжыўся амаль месяц. Зэльвенскі кірмаш па ўсіх параметрах не меў сабе роўных на Беларусі.

Як пісаў Яфрэм Карнейчык, па абаротах і велічыні гандлёвых сувязей зэльвенскі кірмаш выходзіў за межы ўнутрыгубернскага мясцовага рынку, ён з’яўляўся на працягу шэрагу дзесяцігоддзяў важнейшым камерцыйным цэнтрам усяго Паўночна-Заходняга краю Расіі.
Але і гэта сведчанне не дае поўнай характарыстыкі таго, што адбывалася ў невялікім мястэчку Зэльва Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні паўтара стагоддзя таму. Некаторыя даследчыкі меркавалі, што тагачасныя зэльвенскія кірмашы былі аднымі з буйнейшых у Еўропе і саступалі па сваёй значнасці толькі знакамітым лейпцыгскім. Каб гэтае меркаванне не падалося галаслоўным, звернемся да лічбаў і фактаў…

Так, архіўныя крыніцы 1840 года сведчаць, што на тагачасны зэльвенскі кірмаш было прывезена тавараў на 584,4 тысячы рублёў. Павел Баброўскі, вядомы гісторык і этнограф, аўтар выдадзенай у 1860 годзе працы «Несколько слов о зельвенской ярмарке», паведамляў, што ў канцы 50-х гадоў XIX стагоддзя гэта сума дасягала двух мільёнаў рублёў. Наўрад ці такая лічба здасца нейкім перабольшаннем, калі вы даведаецеся, што на зэльвенскі кірмаш лічылі за гонар патрапіць купцы не толькі з Беларусі і Літвы, але і гандлёвыя людзі з Масквы і Пецярбурга, Варшавы і Рыгі, са Смаленскай, Калужскай, Уладзімірскай, Ніжагародскай, Кіеўскай, Палтаўскай, Валынскай, Чарнігаўскай губерняў, з Прусіі. У працы «Материалы для географии и статистики России. Гродненская губерния» Павел Баброўскі паведамляе, што за 1857–1859 гады зэльвенскі кірмаш наведалі купцы з 20 расійскіх губерняў, якія прывезлі сюды тавараў на 2038865 рублёў.
Давайце разам з вамі пройдземся па гандлёвых радах зэльвенскага кірмашу, кінем вокам на прывезеныя сюды тавары…

Кіпіць, віруе кірмаш… І ёсць тут усё, што толькі пажадае душа. Барадатыя маскавіты і ніжагародцы прапаноўваюць футра, жалеза, шкло. Вясёлыя віславусыя хахлы і смуглявыя балканскія купцы запрашаюць купіць віно, бакалею, хлеб, тытунь, чай. Паважныя прыбалты гандлююць селядцамі, соллю, тканінай… На кірмашы многа коней: у продажы іх заўзята сапернічаюць паміж сабой расіяне і ўкраінцы. Дарэчы, конскі гандаль у Зэльве – адмысловы. Як сведчаць дакументы, бывалі гады, калі на кірмашы іх прадавалі па некалькі тысяч…

Завяршаючы аповед аб зэльвенскім кірмашы, трэба заўважыць, што, як адзначае Адам Кіркор у «Жывапіснай Расіі», Ваўкавыскі павет, дзе знаходзілася Зэльва, «…яшчэ нядаўна славіўся на ўсю Літву сваімі кірмашамі».
Не паспяваў адвіраваць зэльвенскі кірмаш, як ужо 15 жніўня пачынаўся кірмаш у суседняй Свіслачы. Купцы, якім не надта пашчасціла ў Зэльве, маглі тут па- правіць свае справы. Праўда, тутэйшы кірмаш ні ў якіх адносінах нельга было параўнаць з зэльвенскім…
Вядучы размову аб беларускіх кірмашах сярэдзіны XIX стагоддзя, трэба адзначыць, што ўжо ў той час яны вызначаліся, так бы мовіць, па сваёй спецыялізацыі. Так, у Мсціславе можна было набыць пяньку і скуры, у Пінску – сырыя і вырабленыя скуры, шчаціну, воск, мёд, сметанковае масла і алей, у Мазыры – жывёлу і коней, у Слоніме – збожжа і лес, у Пружанах – адмысловую гарэлку. Знакаміты зэльвенскі кірмаш славіўся сукном з Альбярцін-скай, Слонімскай, Ваўкавыскай і Косаўскай фабрык.

Найбольшага росквіту местачковыя кірмашы дасягнулі ў перыяд паміж сярэдзінай XVI стагоддзя і сярэдзінай XIX стагоддзя. Менавіта ў беларускіх мястэчках адбываліся самыя буйныя з іх на Беларусі (Зэльва, Бешанковічы, Любавічы).

Можна, зразумела, суцяшаць сябе тым, што местачковыя кірмашы, як і самі мястэчкі, скасаваныя Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у 1938 годзе, зніклі натуральным чынам, памерлі, так бы мовіць, сваёй смерцю. Але, упэўнены, што настальгія па тых вірлівых, вясёлых, адмысловых кірмашах, многія з якіх нарадзіліся яшчэ пры вялікіх літоўскіх князях, квітнелі пры польскіх каралях і расійскіх царах і адышлі ў нябыт пры так і не дабудаваным сацыялізме, вярэдзіць не толькі маю душу. Што ні кажыце, а пераўтвораныя ў «барахолкі» гарадскія плошчы, стадыёны і застаўленыя «камкамі» тратуары – гэта не КІРМАШ…

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.