Рамантыка, што пахне кастром

820
Як і кожны год, у чэрвені раённы маладзёжны турыстычны злёт сабраў  прыхільнікаў актыўнага адпачынку, аматараў паспяваць пад гітару каля кастра.
Палатачны гарадок каманды сталі ўстанаўліваць, прыбыўшы на месца дыслакацыі ў лясны масіў Збляны задоўга да афіцыйнага адкрыцця спартыўнага свята. Маладыя людзі праяўлялі клопат аб абуладкаванні сваіх часовых стаянак нездарма. За гаспадарскі падыход маглі атрымаць значную ўзнагароду: балы за перамогу ў конкурсе “Быт турыста”. Пагэтаму і назіралася мітусня сярод дзяўчат. Яны загадзя паклапаці-ліся аб тым, як арыгінальней усё аформіць. Сярод юнакоў панаваў алімпійскі спакой. Яны, як сапраўдныя гаспадары, паспявалі і дроў накалоць, і прадэгуставаць стравы, якія гатаваліся на вогнішчы. Вялікая ўвага ўдзялялася санітарнаму стану лагера, захаванню патрабаванняў аховы прыроды. Крэатыўнасць і вынаходлівасць праявілі медыкі. Іх “цыганскі табар” сардэчна прымаў усіх гасцей. Па-дызайнерску адметнымі былі бытавыя памяшканні, вытрыманыя работнікамі СВК “Сынкавічы” ў марской тэматыцы. Разнастайным меню ўразілі журы прадстаўнікі Зэльвенскага філіяла Гро-дзенскага абласнога спажывецкага таварыства. Іх экзатычныя стравы прыйшліся ўсім па смаку.
Стартавалі спаборніцтвы з паласы перашкод. Выпрабаванні, падрыхтаваныя арганізатарамі, былі, на першы погляд, не з самых простых. Аднак іх каманды пераадолелі выдатна. Справіцца з падыманнем гіры маглі толькі хлопцы атлетычнага складу. Сіла і вынослівасць спатрэбіліся ўдзельнікам падчас распілоў-вання бервяна. Згуртаванасць і ўзаемападтрымку
каманды праявілі ў перацягванні каната і ў валейбольных матчах.
Як заўсёды, творча моладзь падышла да конкурсу турыстычнай песні. Кожнае выступленне ўяўляла сабой міні-спектакль. Адпаведнасць зададзенай тэматыцы і майстэрства выканання журы адзначыла ў князеўцаў.
Асноўныя этапы падрыхтоўкі і выпрабаванняў канкурсанты адлюстравалі ў выпушчаных сценгазетах. Кожная з іх адрознівалася маляўнічасцю і змястоўнасцю.
Спартсменам-турыстам было няпроста, але стаць лепшымі імкнуліся ўсе. Як вядома, шанцуе настойлівым і лепш падрыхтаваным. Першае месца дасталося прадстаўнікам філіяла “Князева”, другое – цэнтральнай раённай бальніцы, трэцяе – СВК “Сынкавічы”.
Новыя імёны пераможцаў упісаны ў гісторыю турыстычнага злёту. Яны прадставяць Зэльвеншчыну на абласным этапе, які пройдзе ў Дзятлаўскім раёне.
Наталля МАЦЮК.

Leave a Comment

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.