Работает над «идеальными парами»

Работает над "идеальными парами"

Першае, што заўважаеш, трапляючы ў майстэрню па рамонце абутку РУП бытавога абслугоўвання, – стэлажы, да верху запоўненыя абуткам. Яго рэстаўрацыяй займаецца Марыя Маркоўская (на здымку) – адзіная ў нашым раёне жанчына-абутнік.

У невялікім, але светлым памяшканні майстра акружаюць цюбікі гуталіну, наждачныя стужкі, паліровачныя шчоткі, розныя нажы і заціскі. Больш чым за два дзясяткі гадоў жанчына прывыкла да такой абстаноўкі. Называе яе творчай. 

Здавалася б, праца ў абутнікоў не мае нічога агульнага з творчасцю – прышывай, прыляпляй ды прыбівай новае на месца зношанага. Але кожны абутнік – непаўторны майстар, са сваім стылем і почыркам. Нярэдка па абутку можна зразумець, хто займаўся яго “рэа-німацыяй”.

А яшчэ, упэўнена Марыя Людвікаўна, па абутку можна чытаць характары людзей. Акуратнасць, практычнасць, уменне ўсё рабіць своечасова – гэтыя і іншыя чалавечыя рысы прамым адбіткам кладуцца на туфлі і боцікі. 

За месяц Марыя Людвікаўна вяртае глянец прыкладна тром сотням пар абутку. Вясной і восенню гэты паказчык павялічваецца яшчэ на сотню-другую. 

– Часцей за ўсё стаўлю набойкі, ушываю за-сцёжкі (маланкі), – расказвае майстар. – Працэс ужо на аўтамаце. Але гэта не ўплывае на якасць работы. Для мяне прынцыпова рабіць сумленна, каб людзі былі задаволены. Я ніколі не аддам кліенту “недалечаную” пару, зафарбую ўсе драпіны крэмам або маркерам пад колер абцаса, нават калі гэта не ўваходзіць у заказ.

Даючы чужому абутку другое (бывае і трэцяе, і чацвёртае) жыццё, Марыя Людвікаўна вучыць дачок граматна выбіраць сваю “пару”. Перавагу раіць аддаваць натуральнаму абутку і не траціцца на недаўгавечную прыгажосць.

З нагоды свята Марыя Маркоўская дзеліцца сваім разуменнем жаноцкасці: дзяўчына – не дзяўчына без элегантных туфляў. Лепш адна дабротная пара, чым дзесяць бракаваных. Бо ад абутку, як ні дзіўна, залежыць многае – цудоўны настрой, самаадчуванне, поспех. Выбірайце з густам, дарагія жанчыны, а аб захаванасці вашых “ідэальных пар” паклапоціцца салідарны майстар-абутнік!

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.